«Захад-2025»: як Беларусь адбудоўвала вайсковыя базы пасьля 2022 году і чым гэта пагражае суседзям. ФОТА

Два дзясяткі новых і мадэрнізаваных вайсковых аб’ектаў зьявілася ў Беларусі за апошнія тры гады. Сярод іх цэлыя вайсковыя часткі, аэрадромы, вайсковыя базы і пляцоўкі для захоўваньня ядзернай зброі. Напярэдадні вучэньняў «Захад — 2025» Свабода стварыла інтэрактыўную мапу з усімі новымі аб’ектамі вайсковай інфраструктуры. Мы таксама спыталі экспэртаў, ці стварае цяпер Беларусь пад кіраўніцтвам Аляксандра Лукашэнкі небясьпеку для Ўкраіны і краінаў NATO.

Ад часоў абвяшчэньня незалежнасьці ў 1991 годзе беларускія ўлады няспынна скарачалі ўзброеныя сілы. Для 10-мільённай краіны, што аб’явіла аб сваім нэўтралітэце, не было патрэбнае войска ў 275 тысячаў чалавек і вайсковая інфраструктура для больш як сотні вайсковых частак рознага маштабу. Таму паступова войска зьменшылася да прыкладна 50 тысяч чалавек (без уліку цывільных).

І толькі ў 2022 годзе, пасьля таго, як расейскія войскі некалькі месяцаў выкарыстоўвалі тэрыторыю Беларусі як пляцдарм для атак на Ўкраіну, беларускія ўлады ўпершыню сталі аднаўляць, мадэрнізаваць і нават будаваць новыя вайсковыя аб’екты.

ГЛЯДЗІЦЕ МАПУ Сакрэтныя базы Лукашэнкі. Мапа вайсковых аб‘ектаў у Беларусі

Гэтыя зьмены журналісты Беларускай службы Радыё Свабода заўважылі падчас аналізу спадарожнікавых здымкаў Planet Labs, што былі зробленыя з 2022 па 2025 год. Гэтая публікацыя падрыхтаваная супольна з камандай «Схемы» Ўкраінскай службы Радыё Свабода і эстонскімі выданьнямі Delfi Estonia і Eesti Ekspress.

Новыя вайсковыя базы

Патаемныя работы ў былой частцы зь ядзернай зброяй

Самы новы і найбольш сакрэтны з новых вайсковых аб’ектаў у Беларусі — закінутая ракетная база «Паўлаўка» каля Слуцку, дзе да 1991 году базаваўся 306-ы ракетны полк стратэгічнага прызначэньня з ракетамі-носьбітамі ядзернай зброі. Проста цяпер тут ідзе актыўнае будаўніцтва сакрэтнага аб’екта, які экспэрты называюць «стратэгічным» у вайсковым пляне для ўладаў Беларусі і нават робяць дапушчэньне, што тут можа быць разьмешчаны расейскі балістычны ракетны комплекс «Арэшнік».

Расчыстка лесу і наступнае будаўніцтва пачалося ў чэрвені 2024 году. У 2025 годзе на былой вайсковай базе «Паўлаўка» ўзьвялі каля 13 складоў боепрыпасаў памерам 30 на 20 мэтраў. Усе яны акружаныя абарончымі сьценамі. Таксама тут будуюць больш за дзясятак ангараў, закладваюць падмуркі для новых будынкаў. Адзін з будынкаў «П”-падобнай формы маю даўжыню амаль 270 мэтраў.

На гэты час плошча ўсёй тэрыторыі забудовы складае больш за 2 квадратныя кілямэтры. Гэта каля 280 футбольных палёў.

Паколькі будаўніцтва яшчэ не завершанае, экспэртам, зь якімі мы пагаварылі, складана ацаніць, які менавіта вайсковы аб’ект тут паўстане. Аднак можна зрабіць выснову, што праект робіцца ў таямніцы.

Па-першае, пра гэта сьведчыць інфармацыйныя цішыня наконт такой маштабнай будоўлі. Свабода не знайшла ніякіх згадак пра пачатак будаўніцтва ў афіцыйных дакумэнтах, пра аб’ект ня пішуць мясцовыя мэдыя, няма пазнак у кадастравых мапах аб выдзяленьні зямельных надзелаў для будаўніцтва такога кшталту. Таксама ніхто з чыноўнікаў ня згадваў базу каля вёскі Паўлаўка. Для параўнаньня, пра „Арэшнік“ і ядзерную зброю ў Беларусі Аляксандар Лукашэнка згадвае вельмі часта.

Агульны выгляд вайсковага аб’екта каля вёскі Паўлаўка 31 жніўня 2025 году

Гэтая будоўля асаблівая і можа мець стратэгічнае значэньне. Такое меркаваньне выказаў у інтэрвію Свабодзе Конрад Музыка, дырэктар кампаніі Rochan Consulting, якая займаецца дасьледаваньнем і аналізам бясьпекі на постсавецкай прасторы.

«Ці то „Арэшнік“, ці нешта іншае. Магчыма, гэта будзе ядзерная зброя, бо ў гэтым месцы могуць выкарыстоўвацца збудаваньні, якія выкарыстоўваліся для захоўваньня такога кшталту ўзбраеньня падчас Халоднай вайны», — сказаў Музыка.

Вайсковы гарадок для новай часткі сіл спэцыльных апэрацый

У траўні 2022 году Аляксандр Лукашэнка загадаў стварыць трэцяе па ліку апэратыўнае камандаваньне ў беларускім войску — Паўднёвае. Для гэтага на Гомельшчыне і Берасьцейшчыне дагэтуль мадэрнізуюць існыя вайсковыя аб’екты і будуюць новыя. Самы вялікі зь іх — новы вайсковы гарадок, што будуецца каля вёскі Новая Буда на поўдзень ад Гомля і за 30 кілямэтраў ад мяжы з Украінай.

Сьвежыя спадарожнікавыя здымкі паказваюць, што тут працягваецца будоўля. У прыватнасьці, на фота Planet Labs ад 4 верасьня бачна шмат будаўнічай тэхнікі. Таксама на фатаздымках можна разгледзець, што пачалося будаўніцтва падмуркаў некалькіх будынкаў, празь лес пракладаюцца новыя дарогі, вядзецца ачыстка тэрыторыі ад дрэваў у некалькіх суседніх месцах. У адным зь іх, згодна зь інфармацыяй аб зямельным участку з кадастру, плянуецца стварыць вучэбна-тактычнае поле.

Тэрыторыя пад Гомлем 16 жніўня 2025 году. На спадарожнікавым здымку бачнае будаўніцтва вайсковай часткі, у якой, імаверна, будзе разьмяшчацца новая 37-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада Cілаў спэцыяльных апэрацыяў

Маштаб будоўлі на спадарожнікавых здымках сьведчыць, што ў гэтым месцы можа быць разьмешчана вайсковая брыгада сярэдняга памеру — прыкладна да трох тысяч чалавек. Хутчэй за ўсё, тут разьмесьціцца 37-я асобная дэсантна-штурмавая брыгада — новая вайсковая частка, што ўваходзіць у склад элітных Cілаў спэцыяльных апэрацыяў. Яе фармаваньне пачалося ў 2025 годзе.

На сёньня менавіта паўднёвая частка Беларусі нясе найбольшую небясьпеку для суседзяў, кажа Конрад Музыка.

«Я лічу, што найбольшае адрозьненьне [Паўднёвага апэратыўнага камандаваньня], — гэта прысутнасьць там расейскіх войскаў. Наколькі нам вядома, у расейцаў там ёсьць як мінімум два батальёны С-300, але, верагодна, і С-400. Яны пастаянна знаходзяцца ў стане гатоўнасьці і патрулююць паветраную прастору зь зямлі на выпадак выкарыстаньня бесьпілётнікаў або ракет для нападаў на цэлі ў Беларусі».

Новыя часткі супрацьпаветранай абароны і адноўленыя лётнішчы

Яшчэ адна новая вайсковая частка Паўднёвага апэратыўнага камандаваньня зьявілася каля Лунінца — за 50 км ад мяжы з Украінай. У 2022 годзе закінуты вучэбны аэрадром выкарыстоўвала для атак на тэрыторыю Ўкраіны расейская авіяцыя. Потым на гэтым месцы збудавалі новыя і аднавілі старыя ангары для тэхнікі і паліўныя склады. На здымках, якія атрымала Свабода, бачна, як у вайсковым гарадку правялі рэнавацыю амаль усіх жылых ці адміністрацыйных пабудоў, узьвялі абарончыя фартыфікацыі.

У 2023 годзе адноўлены аэрадром стаў месцам дысьлякацыі новастворанага 56-га зэнітна-ракетнага палку, на ўзбраеньні якога стаяць комплексы С-300 і С-400, а таксама іншыя сучасныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

Агульны выгляд заходняй часткі вайсковага аэрадрому «Лунінец» 3 верасьня 2025 году. У правым куце здымка бачныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны і ракетныя комплексы створанага ў 2023 годзе 56-га зэнітна-ракетнага палку. Да пачатку вайны ва Ўкраіне тут было амаль пустое месца

На поўдні Беларусі аднавілі яшчэ адзін вайсковы аэрадром — «Зябраўка». Гэта занядбаны савецкі вайсковы аэрадром каля Гомля, які да 2022 году выкарыстоўваў Гомельскі аэраклюб. У 2022 годзе «Зябраўка» стала адным з асноўных месцаў базаваньня ў Беларусі расейскіх ударных верталётаў, што атакавалі Ўкраіну ў першыя дні вайны. Таксама тут разьмяшчалася расейская вайсковая тэхніка, палявы шпіталь і намётавы лягер.

І хоць большасьць расейскай тэхнікі летам 2022 пакінула «Зябраўку», аэрадром застаецца пад кантролем вайскоўцаў. З 2022 году тут узьвялі фартыфікацыі, паставілі сыстэмы супрацьпаветранай абароны, ракетныя комплексы.

Цяпер тут могуць дысьлякавацца беларускія вайскоўцы Сілаў спэцыяльных апэрацыяў, накіраваных для абароны мяжы з Украінай.

Агульны выгляд вайсковага аэрадрому «Зябраўка» 2 жніўня 2025 году. Абноўленыя ці новыя аб’екты на ім абведзеныя

Асобна варта адзначыць аэрадром «Мазыр» у вёсцы Вялікі Бокаў за 8 км ад гораду Мазыра. Закінуты да 2022 году, ён ніколі раней не выкарыстоўваўся вайскоўцамі — толькі цывільнай авіяцыяй. У 2022 годзе гэты аэрадром стаў месцам базаваньня ўдарных расейскіх верталётаў, што атакавалі Ўкраіну ў першыя дні вайны. Пасьля вываду расейскіх вайскоўцаў з аэрадрому ў траўні 2022 году, тут узьвялі некалькі земляных насыпаў, паставілі сыстэмы супрацьпаветранай абароны.

З аналізу спадарожнікавых здымкаў вынікае, што рэканструкцыя, хоць і не такая маштабная, закранула і іншыя вайсковыя аэрадромы. У Лідзе, Баранавічах і Мачулішчах былі пабудаваныя новыя ангары для зьнішчальнікаў, адрамантаваныя ўзьлётна-пасадачныя палосы, мадэрнізаваныя радыёлякацыйныя сыстэмы і разгорнутыя дадатковыя ўмацаваньні, асабліва ў месцах захоўваньня паліва і змазак.

Агульны выгляд вайсковага аэрадрому «Ліда» 2 верасьня 2025 году. Абноўленыя ці новыя аб’екты на ім абведзеныя

10 новых сховішчаў для самалётаў у паўночнай частцы аэрадрому на здымку 2 верасьня 2025 году

Ракетная частка з «Іскандэрамі» пад Асіповічамі

У Асіповічах разбудоўваюцца некалькі дзейных аб’ектаў ракетных войскаў. Па-першае, гэта 1405-я артылерыйская база боепрыпасаў — найбольш імавернае сховішча расейскай ядзернай зброі на тэрыторыі Беларусі. Падчас уласнага расьсьледаваньня Свабода прыйшла да такой высновы, і такое ж меркаваньне выказвалі экспэрты The New York Times і Фэдэрацыі амэрыканскіх навукоўцаў у 2024 годзе. Паўночную частку артылерыйскай базы атачае трохузроўневая агароджа з сыстэмай аховы пэрымэтру. Структура разьмяшчэньня будынкаў тут падобная да расейскіх аб’ектаў, дзе захоўваюць ядзерную зброю.

З пачатку 2023 году будаўнічыя работы закранулі фактычна ўсю тэрыторыю вайсковай базы. Яны пачаліся амаль адначасова з заявай Уладзіміра Пуціна 25 сакавіка 2023 году пра разьмяшчэньне ў Беларусі тактычнай ядзернай зброі.

У заходняй частцы вайсковай базы рэканструявалі некалькі будынкаў, у тым ліку штаб. Там жа ўзьвялі павець для тэхнікі і казармы. Дадаткова артылерыйскую базу ўзброілі сыстэмамі супрацьпаветранай абароны, для чаго зрабілі новыя земляныя насыпы. Дзяржаўныя тэндэры сьведчаць пра магчымае павелічэньне асабовага складу вайсковай базы на 240 вайскоўцаў.

Агульны выгляд 1405-й артылерыйскай базы боепрыпасаў 31 жніўня 2025 году. На здымку абведзеныя зьмены на тэрыторыі вайсковай часткі

Таксама каля Асіповічаў разьмешчаная 465-я ракетная брыгада. Яна вядомая тым, што зь лютага 2023 году на яе ўзбраеньні зьявіліся два дывізіёны сучасных расейскіх ракетных комплексаў «Іскандэр-М» з радыюсамі дасяжнасьці ракет да 500 км і з магчымасьцю далучэньня ядзерных боегаловак.

Зь ліпеня 2023 году ў гэтай вайсковай частцы пабудавалі тры ангары для «Іскандэраў», будынкі-сховішчы для вайсковых машын і маёмасьці, а таксама рэканструявалі закінутыя казармы і адміністрацыйны будынак.

Два гэтыя вайсковыя аб’екты каля Асіповічаў — артылерыйскую базу і ракетную брыгаду — проста цяпер злучаюць новай чыгункай. Акрамя таго, у Асіповічах пабудавалі новы жылы квартал са школай для вайскоўцаў і іх сем’яў.

Нягледзячы на ўсе пералічаныя новыя вайсковыя аб’екты, на Захадзе пакуль не разглядаюць беларускае войска як пагрозу для краін-суседзяў, лічыць Конрад Музыка.

«У Беларусі няма рэсурсаў для стварэньня арміі, якая б пагражала Ўкраіне ці Польшчы», — кажа Музыка.

«Захад-2025» як спроба напалохаць NATO

На мапе, якую зрабіла Свабода, адзначаныя таксама вайсковыя палігоны, дзе, верагодна, адбудуцца сумесныя з Расеяй вучэньні «Захад-2025». Іх галоўная мэта, кажуць беларускія чыноўнікі, — праверыць магчымасьці Беларусі і Расеі бараніць гэтак званую саюзную дзяржаву і адбіваць магчымую агрэсію. У прыватнасьці, на вучэньнях абяцаюць адпрацаваць плянаваньне выкарыстаньня ядзернай зброі і ракетнага комплексу «Арэшнік».

Афіцыйна ўлады Беларусі не называлі дакладных месцаў правядзеньня вучэньняў. Міністар абароны Беларусі Віктар Хрэнін сказаў толькі, што «Захад-2025» пройдзе «на палігонах каля Барысава». Таксама ён узгадаў пра магчымае выкарыстаньне нейкіх «умацаваных раёнаў» у кірунках Ваўкавыску і Смаргоні, што каля мяжы Беларусі з Польшчай і Літвой.

Барысаў — адно з важных месцаў для беларускіх вайскоўцаў і буйны чыгуначны вузел. У самім горадзе разьмяшчаецца Паўночна-Заходняе апэратыўнае камандаваньне.

Галоўны палігон у гэтым раёне называецца «Барысаўскі». Першы эшалён з расейскімі вайскоўцамі і тэхнікай прыбыў туды ўжо 6 жніўня. Паводле «Супольнасьці беларускіх чыгуначнікаў» і аналізу Свабоды, гэта могуць быць вайскоўцы 4-й гвардзейскай танкавай і 2-й гвардзейскай мотастралковай дывізій расейскай арміі.

Прыбыцьцё расейскіх вайскоўцаў на станцыю Барысаў 6 жніўня 2025 году

На фота ад 23 жніўня спадарожнік Planet Labs зафіксаваў каля 100 адзінак тэхнікі і 10 намётаў на гэтым палігоне.

Навучаньне, хутчэй за ўсё, таксама пройдзе на палігонах Лепельскі і Лосьвіда.

На спадарожнікавых здымках, зробленых у пачатку верасьня, бачныя шматлікія намёты і тэхніка на абодвух гэтых палігонах.

Ужо цяпер можна сказаць, што на беларуска-расейскіх вучэньнях «Захад-2025» будуць задзейнічаныя самыя асноўныя і элітныя вайсковыя падразьдзяленьні Беларусі: 6-я мэханізаваная брыгада (Горадня), 19-я мэханізаваная брыгада (Заслонава), 11-я мэханізаваная брыгада (Слонім), 120-я мэханізаваная брыгада (Барысаў), Сілы спэцапэрацыяў, 336-я рэактыўная артылерыйская брыгада з Асіповічаў, 56-ы полк сувязі зь Менску і іншыя.

Падрыхтоўка да вучэньняў у адной зь беларускіх частак. 9 жніўня 2025 году

Узбраеньне беспрэцэдэнтнае, але не стварае пагрозы суседзям

Беларускія вайскоўцы заяўлялі, што ў вучэньнях будуць удзельнічаць больш за 13 тысяч чалавек. Заходнія спэцслужбы ацэньваюць, што на палігонах Беларусі і Расеі зьбяруцца ад 13000 да 30000 вайскоўцаў, прычым толькі 5000-7000 будуць задзейнічаныя ў Беларусі. Гэта далёка ня 100 тысяч вайскоўцаў, што бралі ўдзел у папярэдніх вучэньнях «Захад-2021» перад нападам на Ўкраіну.

Заходнія спэцслужбы і экспэрты сыходзяцца ў думцы, што для Масквы і Менску «Захад-2025» — гэта выключна інфармацыйна-псыхалягічны ціск на краіны NATO, бо Расея ня можа цяпер стварыць для Захаду рэальнай ваеннай пагрозы.

«Ад нас залежыць, каб мы [Захад] самі не ўзмацнялі гэтае пасланьне ўласнай дурасьцю і не аказвалі Расеі ніякай паслугі ў забесьпячэньні посьпеху яе псыхалягічных апэрацый.”- сказаў у інтэрвію журналістам Delfi Estonia генэрал Андрус Мэрыла, камандуючы Ўзброенымі сіламі Эстоніі.

Нягледзячы на сотні адзінак вайсковай тэхнікі і некалькі тысячаў расейскіх вайскоўцаў, што едуць у Беларусь, маштаб сёлетніх вучэньняў непараўнальны меншы, чым той, які заходнія выведкі назіралі напярэдадні і падчас вучэньняў у 2021 годзе.

„Мы бачым, як завозяць дадатковыя боепрыпасы і паліва, і беларуская армія чагосьці вартая, але ў цэлым я ня бачу ніякіх маркераў, якія маглі б сьведчыць пра перарастаньне гэтага ўсяго ў нешта большае. Як гэта было падчас вучэнняў „Захад-2021“. Я ня думаю, што яны (Расея. — РС) заўтра, умоўна кажучы, кінуць у Беларусь 200 тысяч вайскоўцаў», — сказаў Свабодзе Міхаіл Жырахаў, украінскі вайсковы экспэрт.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 60 кілямэтраў ад Менску будуюць сакрэтную вайсковую базу. Спадарожнікавыя здымкі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мяжа зь Беларусьсю закрываецца да зьнікненьня пагрозы, а не на час вучэньняў «Захад-2025» — МУС Польшчы