Чэскі журналіст пра «беларускую шпіёнскую сетку»: «Апэрацыя зьвязаная з працай расейскай выведкі»

Журналіст Чэскага грамадзкага радыё Ондржэй Соўкуп у праграме «ПіК Свабоды» пракамэнтаваў абставіны выдварэньня з Чэхіі беларускага дыплямата, якога абвінавацілі ў шпіёнскай дзейнасьці.

Ондржэй Соўкуп

«Мы разумеем, што цяперашняя апэрацыя зьвязаная з працай расейскай выведкі. Бо да 2022 Прага была цэнтрам расейскага шпіянажу ня толькі для Чэхіі, але яны кіравалі сваімі агентамі ў Нямеччыне, Вугоршчыне, у іншых краінах.

Раней тут было больш за 60 расейскіх дыпляматаў, якіх падазравалі ў тым, што яны ў сваім статусе робяць нешта для спэцслужбаў. А цяпер расейская выведка вымушаная працаваць зь нелегаламі, зь людзьмі, у якіх няма дыпляматычнага імунітэту, рызыкаваць гэтымі людзьмі. Таму яны могуць папрасіць беларускага калегу, каб той, напрыклад, зьезьдзіў у Будапэшт, нешта там перадаў. Падчас Халодной вайны тая ж чэхаславацкая выведка працавала ў нейкіх краінах, дзе савецкая выведка не магла добра працаваць».

Соўкуп дадаў, што, на ягоную думку, ёсьць яшчэ адзін фактар, важны для гэтай справы:

«Нейкім людзям можа быць прасьцей працаваць для беларускай выведкі. Гэта будзе пададзена так: мы маленькая краіна, мы хацелі б добрых адносінаў, можаце нам нешта перадаць? І можа быць іншая рэакцыя на такую прапанову, чым калі б была прапанова наўпрост працаваць на Крэмль. Так што ніша для беларускага КДБ безумоўна ёсьць».

Аб выкрыцьці сеткі беларускіх спэцслужбаў, якая дзейнічала ў Эўропе, чэскія сілавыя структуры паведамілі вечарам панядзелка 8 верасьня. Тады ж стала вядома аб затрыманьні ў Румыніі былога намесьніка кіраўніка Службы выведкі і бясьпекі Малдовы 47-гадовага Аляксандру Балана. Яго вінавацяць у шпіянажы на карысьць Беларусі і здрадзе дзяржаве шляхам перадачы інфармацыі, якая складае дзяржаўную таямніцу.

Паводле інфармацыі спэцслужбаў Чэхіі, дачыненьне да справы мае «беларускі разьведчык, які працаваў у Чэхіі пад прыкрыцьцём дыплямата». Так гаворыцца ў афіцыйным паведамленьні Службы бясьпекі і інфармацыі Чэхіі.

«Мы раскрылі беларускую разьведвальную сетку ў Эўропе! Служба разьведкі і бясьпекі сумесна са спэцслужбамі Румыніі і Вугоршчыны пасьпяхова ўмяшалася і раскрыла беларускую разьведвальную сетку, выбудаваную ў Эўропе. У сувязі з гэтай міжнароднай апэрацыяй прынятае рашэньне аб высылцы беларускага разьведчыка, які працаваў у Чэхіі пад прыкрыцьцём дыплямата», — піша чэская спэцслужба ў сацсетцы X.

На запыт Свабоды прадстаўнік Службы бясьпекі і інфармацыі Чэхіі (BIS) адказаў, што публікацыя дадатковай інфармацыі па справе можа пашкодзіць расьсьледаваньню, якое працягваецца.

Паводле інфармацыі Свабоды з дыпляматычных крыніц, гаворка можа ісьці пра супрацоўніка амбасады Беларусі ў Празе Мікалая Дукшту. Прынамсі ад 2024 году ён займае там пасаду дарадцы і займаецца адміністрацыйнымі пытаньнямі. Імя Мікалая Дукшты афіцыйна апублікаванае сярод сьпісу супрацоўнікаў беларускай амбасады ў Празе, які разьмешчаны на сайце МЗС Чэхіі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядомае імя беларускага дыплямата ў Чэхіі, які мог мець дачыненьне да шпіёнскай сеткі

На тэлефанаваньні Свабоды ў амбасадзе Беларусі ў Чэхіі ў аўторак 9 верасьня не адказалі.

Паводле базы дадзеных арганізацыі былых беларускіх сілавікоў BelPol, у Беларусі ёсьць тры чалавекі з імем Мікалай Дукшта.

«Ніхто зь іх, паводле нашых дадзеных, ня мае пазнакі аб сувязі з дыпляматычнай службай, альбо нечым такім, — кажа Свабодзе прадстаўнік BelPol Уладзімер Жыгар. — Я таксама праверыў гэтых людзей на наяўнасьць пашпартоў прыкрыцьця. Яны іх ня маюць».

Уладзімер Жыгар, архіўнае фота

Па словах Уладзімера Жыгара, у дасяжнай BelPol базе дадзеных ёсьць зьвесткі пра ўсіх грамадзян Беларусі, а таксама пра грамадзян іншых краін, якія маюць дазвол на жыхарства ў Беларусі.

«Пытаньне ў іншым, — дадае Жыгар. — Магчыма, чалавек з такімі дадзенымі — гэта легендаваная асоба. І яго сапраўдныя ініцыялы, імя і прозьвішча, іншыя. А пашпарт прыкрыцьця быў зроблены ня так даўно. Тады ў нашай базе можа ня быць такіх зьвестак».

Адзін з наяўных у базе людзей з імем Мікалай Дукшта мае прафэсію будаўніка, працаваў у адным з гарадзенскіх будаўнічых упраўленьняў, на «Кераміне» і ў «Белтаможсэрвісе».

«Пасьля 2011 года пра гэтага чалавека няма ніякіх зьвестак, — дадае Жыгар. — У нас няма ніякіх дадзеных, што ён працаваў на дыпляматычнай службе, альбо ў сілавых структурах»

Паводле паведамленьняў аб выкрыцьці беларускай шпіёнскай сеткі, дачыненьне да яе таксама можа мець дэмакратычны актывіст, які да нядаўняга часу працаваў таксістам у адным з памежных польскіх гарадоў. Яго імя пакуль невядомае.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Што вядома пра меркаванага агента КДБ Беларусі малдаўскага палкоўніка Аляксандру Балана, затрыманага ў Румыніі