Прадстаўніца АПК: Сьмерць Паднябеннага — вынік мэтанакіраванай палітыкі рэжыму

Андрэй Паднябенны.

Сьмерць палітвязьня Андрэя Паднябеннага — «гэта не выпадковасьць і не трагедыя абставін», гэта «вынік сыстэмнай палітыкі рэжыму, які мэтанакіравана зьнішчае людзей у турмах», заявіла прадстаўніца Аб’яднанага пераходнага кабінэту (АПК) па сацыяльнай палітыцы Вольга Зазулінская.

«Палітвязьні гінуць ад адсутнасьці мэдычнай дапамогі, ад катаваньняў, ад умоў, якія нельга назваць інакш, як мэтадычнае забойства», — адзначыла Зазулінская, рэагуючы на навіну пра сьмерць палітвязьня.

«Асаблівую заклапочанасьць выклікае сытуацыя з Васілём Верамейчыкам, адзіным палітзьняволеным, каму можа пагражаць вышэйшая мера. Мы ня ведаем, у якіх умовах ён цяпер утрымліваецца. Ня менш трывожнай застаецца сытуацыя зь Вікторыяй Кульшай, якая жывая, але яе здароўе пад сур’ёзнай пагрозай. Мы ня маем інфармацыі аб Марыі Усьпенскай, удаве Андрэя Зельцэра. Асобнага напамінку патрабуе лёс непаўналетніх, супраць якіх рэжым працягвае прымяняць рэпрэсіі, а таксама замежных грамадзян, уключаючы ўкраінцаў, многія зь якіх апынуліся за кратамі выключна па прыкмеце грамадзянства», — зьвярнула ўвагу палітык.

У гэтай сытуацыі пазыцыя дэмакратычных сіл «павінна гучаць як патрабаваньні, а ня як разважаньні аб гуманнасьці рэжыму», лічыць яна: «За пяць гадоў не было ніводнага санкцыйнага пакету такой жорсткасьці, каб рэжым быў вымушаны сесьці за стол перамоваў. Пакуль міжнародная палітыка абмяжоўваецца «заклапочанасьцю» і паўмерамі, людзі працягваюць гінуць у турме.

На думку Зазулінскай, «кожны з гэтых выпадкаў патрабуе ня толькі ўвагі, але і тэрміновых дзеяньняў. Рэжым нясе поўную адказнасьць за сьмерць Андрэя Паднябеннага і за лёсы ўсіх, хто сёньня застаецца ў беларускіх турмах».

Раней беларуская дэмакратычная лідэрка Сьвятлана Ціханоўская заявіла, што неабходна «прыняць тэрміновыя меры», каб «выратаваць жыцьці закладнікаў рэжыму».

Ціханоўская адзначыла, што ўвесь час зьняволеньня Паднябеннаму «даводзілася праходзіць празь цяжкія ўмовы і катаваньні, псыхалягічны і фізычны ціск»: «Але нават у такіх умовах ён казаў, што гатовы адсядзець яшчэ, калі гэта дапаможа яго дзецям жыць у свабоднай краіне. І за жаданьне лепшай будучыні для сваёй сям’і яго спачатку пазбавілі свабоды, а ў няволі забралі самае каштоўнае — жыцьцё. Няма нічога страшнейшага, чым страціць роднага чалавека. Няма прабачэньня тым, хто датычны да гэтага злачынства. Мае шчырыя спачуваньні сям’і і блізкім Андрэя».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За кратамі памёр 36-гадовы палітвязень Андрэй Паднябенны, асуджаны амаль на 17 гадоў

Пра сьмерць 36-гадовага палітвязьня 3 верасьня ў калёніі № 15 Магілёва паведаміла маці палітвязьня Валянціна Паднябенная.

Што вядома пра Андрэя Паднябеннага?

Як піша «Вясна», Андрэй Паднябенны навучаўся ў Гомельскім дзяржаўным унівэрсытэце транспарту. Пасьля перавёўся ў Харкаўскі аўтадарожны. Працаваў як ІП, меў дазвол на розьнічны гандаль таварамі. Працаваў таксама ў гандлі аўтазапчасткамі, на курсах кіраваньня.

Андрэй меў жонку і дваіх малых дзяцей.

Ён пачаў удзельнічаць у грамадзкім жыцьці з 2019 года, выступаў супраць шчыльнай забудовы ў сваім раёне: зьбіраў подпісы пад калектыўным зваротам жыхароў супраць ушчыльненьня і друкаваў улёткі.

На выбарах 2020 года Андрэй быў назіральнікам. Яго абурылі фальсыфікацыі, ён пісаў скаргі на начальніка камісіі ў пракуратуру. Удзельнічаў у акцыях пратэсту. На адной зь іх быў на машыне: за гэта быў аштрафаваны і пазбаўлены правоў.

Андрэй вёў здаровы лад жыцца: не курыў і ня піў. Сябра распавядаў гомельскай «Вясне» пра хлопца:

«Для яго не пустыя словы — прыстойнасьць, салідарнасьць, падтрымка. Гэта быў яго выбар, ідэйны пратэст. Накіпела, набалела, мабыць ён не бачыў іншага выйсьця, калі назіраў усю тую несправядлівасьць, якая цяпер вакол нас. Сацыяльна адказны чалавек. У яго раней аніякіх праблем з законам не было, толькі штрафы за парушэньне ПДД хіба. Ён займаўся грамадзкай дзейнасьцю і нават пацярпеў за гэта ад сілавікоў».

Перасьлед Паднябеннага

Андрэя Паднябеннага, які меў расейскае грамадзянства, але з шасьці гадоў жыў у Беларусі і меў від на жыхарства, затрымалі ў лістападзе 2021 года.

У закрытым рэжыме яго абвінавацілі па шэрагу цяжкіх артыкулаў Крымінальнага кодэкса Беларусі: ч. 1 арт. 14 і ч. 3 арт. 218 (замах на наўмыснае зьнішчэньне альбо пашкоджаньне чужой маёмасьці), ч. 1 арт. 361-1 (стварэньне экстрэмісцкага фарміраваньня), ч. 1 і ч. 2 арт. 289 (акт тэрарызму) за падпал машыны начальніка Управы дэпартамэнту выкананьня пакараньняў, пракол колаў у 39 тралейбусаў, стварэньні і адміністраваньні Telegram-канала і -чата, якія прызналі экстрэмісцкімі фарміраваньнямі, а таксама падпале крана на будоўлі ў 2019 годзе. Судзьдзя Анатоль Сотнікаў прызначыў Андрэю 15 гадоў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

23 траўня 2022 КДБ унёс палітвязьня ў «сьпіс асобаў, датычных да тэрарыстычнай дзейнасьці».

У Гомельскім абласным судзе 3 студзеня 2023 вынесьлі яшчэ адзін прысуд Андрэю, яго абвінавацілі яшчэ паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса: ч. 1 і 2 арт. 361-4 (садзейнічаньне экстрэмісцкай дзейнасьці), ч. 1 арт. 368 (абраза Лукашэнкі), арт. 369 (абраза прадстаўніка ўлады), ч. 1 арт. 130 (распальваньне іншай сацыяльнай варожасьці). У выніку да 15 гадоў зьняволеньня яму дадалі яшчэ адзін год і восем месяцаў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму.

У верасьні 2023 году стала вядома, што з СІЗА-3 Андрэя перавялі ў папраўчую калёнію № 15 у Магілёў.

У 2022–2024 гадах у беларускіх месцах зьняволеньня памерла ня менш за сем чалавек, якіх беларускія праваабарончыя арганізацыі прызнавалі палітычнымі зьняволенымі. Гэта Вітольд Ашурак, Мікалай Клімовіч, Алесь Пушкін, Вадзім Храсько, Ігар Леднік, Аляксандр Кулініч, Дзьмітрый Шлетгаўэр.

20 траўня стала вядома, што ў пачатку 2025 года памёр палітвязень Валянцін Штэрмер. Дакладная дата сьмерці і яе абставіны невядомыя. Таксама няма інфармацыі, ці памёр Штэрмер у калёніі ці быў шпіталізаваны.

Акрамя таго, некаторыя людзі, якіх праваабаронцы прызнавалі палітвязьнямі, памерлі неўзабаве пасьля вызваленьня.

5 верасьня прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп чарговы раз узгадаў пра Беларусь і нядаўняе вызваленьне групы палітвязьняў. «Але ў яго [Лукашэнкі] 1.400 ці 1.500 [закладнікаў], ці нейкая вялікая колькасьць, і мы размаўляем аб тым, каб іх вызваліць. Некаторыя, я мяркую, палітычныя. Многія зь іх палітычныя. Падобна, што іх зьбіраюцца вызваліць у які-небудзь момант у даволі блізкай будучыні».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дональд Трамп трэці раз згадаў пра вызваленьне беларускіх вязьняў і ўпершыню ўжыў фармулёўку «палітычныя»