Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп «губляе цярпеньне» ў сувязі з дзеяньнямі Пуціна


Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп, Анкорыдж, ЗША, 15 жніўня 2025
Уладзімір Пуцін і Дональд Трамп, Анкорыдж, ЗША, 15 жніўня 2025

Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп амаль праз месяц пасьля сваёй сустрэчы на Алясцы з расейскім прэзыдэнтам Уладзімірам Пуціным заявіў, што «губляе цярпеньне» у сувязі зь нежаданьнем расейскага лідэра пагадзіцца на мір ва Ўкраіне, і ня выключыў узмацненьня санкцыяў супраць Расеі.

У інтэрвію Fox News Дональд Трамп адзначыў, што могуць быць прынятыя «вельмі, вельмі моцныя меры», і ўдакладніў, што санкцыі могуць закрануць банкаўскую і нафтавую сфэру, а таксама мытныя пошліны.

Пры гэтым прэзыдэнт ЗША зноў заклікаў краіны ЭЗ дзейнічаць сумесна з ЗША і згадаў аб тым, што яго адміністрацыя нядаўна падвоіла мыта для Індыі ў сувязі зь яе закупкамі расейскай нафты.

У той жа дзень міністэрства фінансаў ЗША заклікала краіны ЭЗ і G7 (у якую акрамя ЗША і чатырох краін ЭЗ уваходзяць Японія і Канада) увесьці мыта адносна асноўных пакупнікоў расейскай нафты — Кітая і Індыі. Прадстаўнік ведамства сказаў, што «кітайскія і індыйскія закупкі расійскай нафты фінансуюць вайсковую машыну Пуціна, што дае магчымасьць працягваць бессэнсоўныя забойствы ўкраінцаў».

У ЭЗ падтрымліваюць узмацненьне жорсткасьці санкцыяў супраць Расеі, аднак, паводле публікацыяў СМІ, адмаўляюць магчымасьць увядзеньня мыта ў дачыненьні да Індыі і Кітая, указваючы на тое, што, у адрозьненьне ад адміністрацыі Трампа, ЭЗ наогул не выкарыстоўвае імпартныя тарыфы як сродак ціску на тыя ці іншыя краіны. Пры гэтым у ЭЗ пацьвярджаюць гатоўнасьць да канца наступнага года адмовіцца ад закупак расейскіх энэрганосьбітаў.

Трамп ужо не ўпершыню гаворыць аб сваёй незадаволенасьці дзеяньнямі Пуціна. У інтэрвію Fox News ён адзначыў, што першапачаткова, калі, па словах Трампа, Пуцін нібыта быў гатовы да мірнага ўрэгуляваньня, да яго ня быў гатовы прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі. Цяпер жа, як сказаў Трамп, Зяленскі гатовы да міру, а Пуцін — не, ці, ва ўсякім разе, яго пазыцыя незразумелая.

Трамп у ліпені даў Расеі 50-дзённы тэрмін на дасягненьне мірных дамоўленасьцяў з Украінай, затым гэты тэрмін быў скарочаны. Па заканчэньні гэтага тэрміну адбылася сустрэча Трампа з Пуціным. Абодва бакі заявілі аб прагрэсе ў перамовах, аднак вайна ва Ўкраіне не спынілася. Наадварот, Расея зараз наносіць яшчэ больш масіраваныя ўдары.

У канцы жніўня Трамп казаў, што можа вызначыцца з далейшымі дзеяньнямі праз два тыдні. Улады Ўкраіны заклікаюць ЗША нарэшце ўзмацніць жорсткасьць санкцыяў у дачыненьні да Расеі і прыняць іншыя меры, каб прымусіць Маскву пайсьці на мір. Раней у Кіеве пагадзіліся з замарозкай канфлікту па бягучай лініі фронту і з асабістай сустрэчай Пуціна і Зяленскага без спыненьня агню. У Маскве, аднак, ня выказалі гатоўнасьці да гэтага, працягваючы высоўваць дадатковыя патрабаваньні.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG