Лукашэнка запатрабаваў тэрмінова пераламаць тэндэнцыю па росьце інфляцыі і ўзмацніць у гэтым ролю Нацыянальнага банку, «якая пакуль у дадзеным працэсе наогул не бачная». Пра гэта ён заявіў падчас сустрэчы з кіраўніцтвам Нацбанку і ўраду 9 верасьня.
Прырост спажывецкіх цэн у ліпені 2025 года да ліпеня мінулага года склаў 7,4%, а з пачатку гэтага года — 5,6 працэнта.
Праўда, у жніўні інфляцыя скарацілася на 0,3 працэнтных пункта, але ўсё роўна перавышае гадавы мэтавы парамер, закладзены ўрадам — не вышэй за 5%.
«За апошнюю пяцігодку нацыянальная эканоміка, а зь ёю і беларускі банкаўскі сэктар перажылі беспрэцэдэнтныя выклікі», — сказаў Лукашэнка і дадаў, што супраць Беларусі былі ўведзены «проста нябачаныя, драконаўскія санкцыі», піша БелТА.
Лукашэнка прызнаў крызіс неплацяжоў
На нарадзе з кіраўніцтвам урада і Нацбанка Аляксандр Лукашэнка прызнаў крызіс неплацяжоў і заклікаў яго разьвязаць. Ён «запатрабаваў зьнізіць зьнешнюю дэбіторскую запазычанасьць і забясьпечыць вяртаньне валютнай выручкі ў краіну», — перадае БелТА.
«Аб’ём праведзеных зьнешнеэканамічных плацяжоў за тавары і паслугі трэба павялічыць. Цяпер дзеючы мэханізм ня ў поўнай меры вырашае пастаўленыя задачы па апэратыўным завяршэньні міжнародных разьлікаў і вяртаньні валютнай выручкі ў краіну», — заявіў Лукашэнка.
За першае паўгодзьдзе 2025 года пратэрмінаваная зьнешняя дэбіторская запазычанасьць вырасла на траціну і дасягнула 500 млн даляраў, што зьяўляецца недапушчальным.
Як паведамляе Белстат, пратэрмінаваная дэбіторская запазычанасьць на 1 ліпеня складала 1,5 мільярда рублёў, з іх 997,1 млн. прыходзілася на запазычанасьць замежных контрагентаў беларускай прамысловасьці. Запазычанасьць беларускім суб’ектам гаспадараньня субʼектаў гаспадараньня Расійскай Фэдэрацыі склала, па зьвестках Белстата, 541 млн. рублёў. Краіны па-за СНД, назваў якіх Белстат не паведамляе, запазычыліся беларускім суб’ектам гаспадараньня 834 мільёны рублёў.
Беларускія ж суб’екты гаспадараньня павінны сваім замежным контрагентам больш чым у два разы болей — 3,7 млрд. рублёў. Пратэрмінаваная запазычанасьць беларускіх суб’ектаў гаспадараньня вырасла за паўгода на 14,6%, найбольш у гэтым годзе запазычыліся суб’ектам гаспадараньня Азэрбайджана, Узбэкістана, Малдовы і Таджыкістана. Запазычанасьць суб’ектам Расейскай Фэдэрацыі зьнізілася.
Форум