Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Літве на мяжы зь Беларусьсю знайшлі цела нелегальнага мігранта


Грамадзяне Іраку, якія незаконна перасеклі мяжу Беларусі ль Літвой у чэрвені 2021 году. Ілюстрацыйнае фота
Грамадзяне Іраку, якія незаконна перасеклі мяжу Беларусі ль Літвой у чэрвені 2021 году. Ілюстрацыйнае фота

Літоўская паліцыя паведаміла, што 4 верасьня ў Варэнскім раёне ў лесе знайшлі цела мужчыны, якому прыблізна магло быць 40 гадоў.

Як паведаміла выданьне Delfi.lt, асобу пакуль не высьветлілі. Раней арганізацыя Sienos grupė, якая дапамагае мігрантам, паведамляла аб трох грамадзянах Іраку, якія заблукалі ў лесе — двух знайшлі памежнікі, а трэці — зьнік.

Мясцовая паліцыя вядзе расьсьледаваньне, высьвятляе прычыны сьмерці і спрабуе вызначыць яго асобу. Мяркуюць, што гэта мігрант, які зайшоў у Літву з тэрыторыі Беларусі.

На такую вэрсію паказваюць рэчы, знойдзеныя разам з целам. Апроч таго, два тыдні таму ў раёне Марцынконісу памежнікі затрымалі грамадзян Ірану — жанчыну і мужчыну. Жанчына была ў цяжкім стане — яна некалькі дзён знаходзілася ў мясцовай лякарні, а потым яе перавезьлі ў Вільню, дзе абсьледавалі і выпісалі.

Памежнікі прынялі ў іх заявы з просьбай аб прытулку. Цяпер яны знаходзяцца ў інтэрнаце Агенцтва прыёму і інтэграцыі.

  • Міграцыйны крызіс на мяжы Беларусі і краін ЭЗ працягваецца зь вясны 2021 году. Улады суседніх эўрапейскіх дзяржаваў лічаць яго «гібрыднай атакай», арганізаванай рэжымамі ў Менску і Маскве. Трэцяга кастрычніка 2024 году міністар унутраных справаў і адміністрацыі Польшчы Томаш Семоняк прызнаўся, што сытуацыя на мяжы зь Беларусьсю стала «адным з самых сур’ёзных крызісаў» для польскай дзяржавы і «велізарным выклікам» для яго самога.
  • Рэагуючы на крызіс, Літва і Польшча збудавалі сьцяну на мяжы зь Беларусьсю. Урады спачатку Літвы, а потым Латвіі і Польшчы ўлетку 2021-га зрабілі істотна стражэйшым заканадаўства аб нелегальным перасячэньні дзяржаўнай мяжы, а таксама выслалі ў сумежныя зь Беларусьсю раёны падмацаваньне з вайсковых злучэньняў.
  • Лукашэнку абвінавацілі ў спрыяньні нелегальнай міграцыі ў краіны ЭЗ. Зьявіўся шэраг відэадоказаў, што беларускія памежнікі ня толькі не спыняюць мігрантаў, але і актыўна дапамагаюць ім нелегальна перасякаць польскую мяжу.
  • З пачатку 2025 году, паводле падлікаў «Позірку», Польшча спыніла прынамсі 4,6 тысячы спробаў незаконнага перасячэньня мяжы зь беларускай тэрыторыі, з пачатку красавіка — больш за 1,1 тысячы спробаў.
  • За 2024 год Літва, Латвія і Польшча агулам спынілі 36,3 тысячы спробаў незаконнага пранікненьня мігрантаў зь беларускай тэрыторыі.
  • У чэрвені 2024 году на польска-беларускай мяжы ў сувязі з узмацненьнем міграцыйнага ціску стварылі так званую буфэрную зону. Яна пачала дзейнічаць з 13 чэрвеня і была створаная на 90 дзён, пасьля тэрмін яе дзеяньня ня раз падаўжалі. Даўжыня буфэрнай зоны — 60,67 км, шырыня — ад 200 м да 2 км. На працягу 44 км буфэрная зона ахоплівае 200 м ад лініі дзяржаўнай мяжы. Заезд у буфэрную зону забаронены. Абмежаваньні на перамяшчэньне і знаходжаньне ўнутры буфэрнай зоны ўведзеныя ў 27 паселішчах Гайнаўскага і Беластоцкага паветаў Падляскага ваяводзтва, якое мяжуе зь Беларусьсю.
  • З 1 жніўня 2024 году польская армія таксама праводзіць апэрацыю «Бясьпечнае Падляшша», у межах якой для дапамогі памежнікам, якія ахоўваюць мяжу зь Беларусьсю, накіравалі некалькі тысяч вайскоўцаў.
  • У канцы сакавіка ўрад Польшчы абмежаваў права мігрантаў прасіць аб наданьні міжнароднай абароны на мяжы зь Беларусьсю.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG