У панядзелак 8 верасьня дэлегацыя эўрапейскіх афіцыйных асоб і экспэртаў на чале з прадстаўніком ЭЗ па санкцыях Дэвідам О’Саліванам сустрэлася ў Вашынгтоне з міністрам фінансаў ЗША Скотам Бэсэнтам, гандлёвым прадстаўніком Джэмісанам Грырам, супрацоўнікамі Белага дома, Дзярждэпартамэнта ЗША.
Тэмай абмеркаваньняў сталі санкцыі супраць Расеі, у тым ліку мыты на тавары пакупнікоў расейскай нафты.
Як паведамляе агенцтва Associated Press са спасылкай на крыніцу, блізкую да перамоваў, амэрыканскія прадстаўнікі падкрэсьлілі гатоўнасьць прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа зьвярнуцца да рашучых дзеяньняў з мэтай дамагчыся спыненьня вайны Расеі ва Ўкраіне, але Трамп чакае ад эўрапейцаў поўнай падтрымкі сваіх дзеяньняў. Размова ішла аб імпартных мытах, неабходнасьці калектыўнага падыходу да ажыцьцяўлення рэжыму санкцый, аб выкарыстаньні расійскіх сувэрэнных актываў, замарожаных у банках заходніх краін.
Сустрэча эўрапейскіх і амэрыканскіх прадстаўнікоў працягнецца ў аўторак 9 верасьня.
Напярэдадні падчас тэлевізійнага інтэрвію міністар фінансаў ЗША Скот Бэсэнт выказаў упэўненасьць, што калі ЗША і Эўразьвяз абʼяднаюць намаганьні, «увядуць больш санкцый, другасныя мыты супраць пакупнікоў расейскай нафты, адбудзецца поўны каляпс расейскай эканомікі і гэта прымусіць прэзыдэнта Пуціна сесьці за стол перамоваў».
Прэзыдэнт Трамп, які пацьвердзіў у нядзелю гатоўнасьць перайсьці да другога этапу санкцый супраць Расеі, паведаміў таксама аб тым, што ён зьбіраецца правесьці ў бліжэйшыя два дні тэлефонную размову з Уладзімірам Пуціным.
Форум