Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фонд «Захад-Усход-Падтрымка»: «Беларускія дзеці прыяжджаюць у Польшчу ў горшым псыхалягічным стане за ўкраінскіх»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Такое меркаваньне ў старшыні арганізацыі, якая працуе зь дзецьмі з абедзьвюх краінаў.

Пры пераездзе ў іншую краіну, з чым сутыкнуліся тысячы беларусаў, найбольш пакутуюць дзеці. На думку псыхолягаў, цяжэй за ўсё прыходзіцца падлеткам. І менавіта гэтай узроставай катэгорыі спрабуе перш за ўсё надаць дапамогу арганізацыя, якая дзейнічае ў Варшаве — фонд «Заход-Усход-Падтрымка», перадае «Польскае радыё».

Старшыня фонду Вольга Сцяпанава адзначыла, што часта бацькі вырашаюць: падлетак — ужо дастаткова дарослы і сам можа даць рады цяжкасьцям. А якраз у падлеткавым узросьце дзецям вельмі патрэбная падтрымка, таму ў фондзе дзеці могуць прайсьці групавую тэрапію з псыхолягам — трэнінг сацыяльных навыкаў. Як паводзіць сябе ў грамадзтве, як супрацьстаяць цкаваньню, як завесьці сяброў.

Акрамя беларусаў і ўкраінцаў, у групах былі дзеці з Азэрбайджану, Грузіі.

Пры гэтым псыхічны стан беларускіх дзяцей часьцей за ўсё горшы за стан украінскіх. Вольга Сьцяпанава патлумачыла, што можа быць прычынай.

«Шчыра скажу, што нашыя дзеці зь Беларусі прыяжджаюць у больш цяжкім псыхалягічным стане, чым дзеці з Украіны. І як тлумачыць мой псыхоляг, чаму? Таму што ўкраінскія дзеці разумеюць прынамсі, чаму яны адтуль зьехалі, у іх ідзе вайна, гэта небясьпечна для іх жыцьця, для іх здароўя.

Беларускія дзеці, якія прыехалі раптоўна, сарваўшыся з сваіх месцаў, не разумеюць, чаму яны выехалі. Большасьць нашых бацькоў проста зрываюць дзяцей, не заўсёды тлумачачы, а дзеці не заўсёды разумеюць, чаму яны зьяжджаюць. Таму ў нас групы зьмяшаныя — і ўкраінскія, і беларускія, але наш псыхоляг імкнецца асобна, індывідуальна абгаварыць такія вось складаныя сытуацыі і разумее, што ва ўкраінскіх дзяцей адна сытуацыя, у беларускіх — іншая».

У шэрагу дзяцей назіраюцца праблемы з вывучэньнем польскай мовы. Прычына палягае не ў здольнасьцях, а ў матывацыі.

«Украінскія дзеці не жадаюць вучыць, бо яны думаюць, што скончыцца вайна, і яны вернуцца. Беларускія дзеці не жадаюць вучыць, бо не разумеюць, навошта? Яны не разумеюць, што яны прыехалі ў гэтую краіну, і павінны вывучыць польскую мову. Усё роўна гэта дапаможа, нават калі вернуцца ў Беларусь, польская мова ніколі нікому не замінала, гэта яшчэ адна дадатковая мова ў запасе».

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG