Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэч з навучальных плянаў: у Расеі скарачаюць вывучэньня родных моў у нацыянальных рэспубліках


У школе ў Грозным (Чачня), архіўнае фота
У школе ў Грозным (Чачня), архіўнае фота

У Расеі ў нацыянальных рэспубліках занепакоеныя лёсам родных моў у адукацыйнай сыстэме.

Зацьверджаныя Мінасьветы Расеі зьмены ў школьнай праграме выклікаюць занепакоенасьць у нацыянальных рэспубліках, бо зараз вывучэньне моў народаў добраахвотнае і вынесенае за рамкі агульных навучальных праграм. Як гэтыя зьмены паўплываюць на культурную разнастайнасьць і захаваньне моў — у артыкуле праекта Расейскай службы Радыё Свабода «Кавказ.Реалии».

У 2018 годзе ў Расеі прынялі новы «Закон аб адукацыі», згодна з якім вывучэньне дзяржаўных моў нацыянальных рэспублік перастала быць абавязковым. Але да гэтага часу замацаванае на рэгіянальным узроўні абавязковае вывучэньне роднай мовы, напрыклад, у Чачні не супярэчыла фэдэральным нормам — яшчэ ў лістападзе 2004 года гэтак вызначыў Канстытуцыйны суд. Вывучэньне чачэнскай мовы ў школах Чачні не магло быць абскарджана бацькамі, а іх заява для гэтага не патрабавалася. Гэта ж датычылася і іншых нацыянальных рэспублік.

У прапанаваным Мінасьветы Расеі пляне на 2026-2027 навучальны год зараз, акрамя сьпісу абавязковых школьных прадметаў, замацоўваецца, што прадметы «Родная мова» і «Родная літаратура» будуць вывучацца факультатыўна, «на падставе заяў ад бацькоў». Пад абавязковае вывучэньне ж патрапяць, напрыклад, «Асновы бясьпекі і абароны Радзімы» і «Духоўна-маральная культура Расеі».

Па словах суразмоўцы выданьня, настаўніцы з Чачні, з трох гадзін па чачэнскай мове і двух па чачэнскай літаратуры ў іх школе на мову засталіся дзьве і столькі ж на літаратуру. Аднак апошнія ўстаноўкі Мінасьветы могуць нанесьці куды большыя страты. Замест пяці гадзін у тыдзень, адведзеных у рэспубліканскіх школах на вывучэньне чачэнскай мовы і літаратуры, з гэтага года будзе выдзелена толькі гадзіна, заявіў міністар адукацыі Чачні, дадаўшы, што яна да таго ж стане пазаўрочнай.

З відавочнымі праблемамі з-за новых правілаў Мінасьветы, відавочна, сутыкнуцца і ў іншых паўночнакаўказскіх рэспубліках. Напрыклад, у Карачаева-Чаркесіі, Кабардзіна-Балкарыі і Адыгеі ў клясах будзе выбар як мінімум з дзьвюх нацыянальных моў, а колькасьць абавязковых прадметаў такая ж, як і ў іншых школах.

Гэта значыць, мясцовыя органы суб’ектаў павінны будуць знаходзіць дадатковыя сродкі для таго, каб наняць настаўнікаў і павялічыць гадзіны для дзяцей шляхам увядзеньня ў расклад дадатковых урокаў па роднай мове і роднай літаратуры. Тут і ўзьнікае праблема бацькоў, якія не заўсёды гатовы ахвяраваць часам для роднай мовы.

Размова ідзе аб палітыцы, скіраванай на зьнішчэньне нацыянальнай самасьвядомасьці і памяці, лічыць чэркескі актывіст, выканаўца абавязкаў Старшыні «Абʼяднанай Рады Чаркесіі» Касі Кік.

«Палітыка сучаснай Расеі — гэта працяг палітыкі імпэрыялізму. Мы для іх заўсёды зьяўляліся і зьяўляемся проста расходным рэсурсам у далейшай палітыцы. Супраціў Расеі ўжо зьяўляецца часткай незалежнай самасьвядомасьці і самазахаваньня», — заявіў ён у размове з рэдакцыяй «Кавказ.Реалии».

Дацэнт катэдры паліталёгіі ва Ўнівэрсытэце гораду Агаста (ЗША) Валеры Дзуцаці лічыць, што РФ ідзе па шляху Асманскай імпэрыі.

«Пасьля таго, як Расея канчаткова пераканаецца ў тым, што яна ня зможа аднавіць падабенства СССР, астатнія меншасьці будуць душыцца. Незразумела, чым гэта скончыцца ва ўмовах працягу вайны Расеі супраць Украіны і супрацьстаяньні з Захадам. Мне здаецца, што расейскія ўлады ўяўляюць, быццам яны могуць рабіць усё, што хочуць, у дачыненьні да іх і ім за гэта нічога не будзе. Але наступ крайніх формаў расейскага нацыяналізму можа прывесьці да росту нацыяналізму іншых народаў. У што гэта выльецца, цяжка прадбачыць», — лічыць палітоляг Валеры Дзуцаці.

Гэта праблема ўсёй Расеі, адзначае выданьне. Прыкладам, у 2023 годзе міністар адукацыі і навукі Татарстана Ільсур Хадыулін прыводзіў лічбы, паводле якіх выніковы экзамэн на роднай мове ў Татарстане выбралі толькі 9% вучняў. Абсалютная большасьць (63%) дзяцей у Татарстане вывучаюць у якасьці роднай татарскую мову, аднак за два гады колькасьць школ, якія навучаюць на татарскай мове, скарацілася на 19.



Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG