Генштаб Польшчы: NATO пачало апэрацыю «Ўсходні вартавы»

Генэральны сакратар NATO Марк Рутэ

«NATO запускае Eastern Sentry», — напісаў генштаб у сацсетцы Х, апублікаваўшы відэазапіс пасадкі францускага транспартнага самалёта А400 у Менску-Мазавецкім. Ён даставіў узбраеньне для зьнішчальнікаў Rafale, якія ўжо знаходзяцца ў Польшчы.

Апэрацыя мае на мэце ўмацаваньне ўсходняга флянгу альянсу пасьля інцыдэнтаў з залётам расейскіх беспілётнікаў на тэрыторыю Польшчы.

Напярэдадні генэральны сакратар NATO Марк Рутэ падкрэсьліў, што ключавым элемэнтам апэрацыі зьяўляецца цалкам новая абарончая структура. Рутэ абвясьціў, што для гэтай мэты будуць задзейнічаныя саюзныя войскі, у тым ліку Даніі, Францыі, Вялікабрытаніі, Нямеччыны і іншых краінаў.

NATO «будзе абараняць кожны дзюйм» тэрыторыі краін, якія ўваходзяць у саюз, заявіў вярхоўны галоўнакамандуючы аб’яднанымі ўзброенымі сіламі NATO ў Эўропе генэрал Алексус Грынкевіч.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі
  • 12 верасьня пачаліся сумесныя расейска-беларускія вучэньні «Захад-2025». Акурат перад імі Польшча цалкам перакрыла мяжу зь Беларусьсю. Польшча абвінаваціла Маскву ў эскаляцыі напружанасьці за запуск бесьпілётнікаў у яе паветраную прастору. Масква адкідае абвінавачаньні і цьвердзіць, што краіны Паўночна-атлянтычнага альянсу неадэкватна ўспрымаюць падзеі.