Мікола Статкевіч не вярнуўся дадому

Мікола Статкевіч, архіўнае фота

Пра гэта паведаміў яго паплечнік Сяргей Марцалеў пасьля размовы з жонкай палітвязьня.

«У мяне цяплілася надзея, што ўлады дадуць яму магчымасьць жыць на волі, у Менску, хай і пад паліцэйскім наглядам. Пакуль абставіны паказваюць на тое, што Мікалай Віктаравіч зноў арыштаваны. Хоць фармальна закрыць яго няма за што», — напісаў Марцалеў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку.

Мікола Статкевіч 11 верасьня адмовіўся ад прымусовай высылкі ў Літву і вярнуўся ў Беларусь. Далейшы яго лёс невядомы.

«Выбілі дзьверы з аўтобуса, і выйшаў на беларускім баку. Двое выйшла. Адзін вярнуўся назад, у Літву, а Статкевіч застаўся там», — расказаў пра Статкевіча былы вязень.

Зь ягоных словаў, Мікола Статкевіч казаў пры гэтым: «Выпускайце, я са сваёй радзімы ня зьеду. Я буду валадаром магутнай дзяржавы».

Паплечнік Статкевіча ў партыі Яўген Вільскі расказаў у Вільні, што спрабаваў угаварыць палітыка перайсьці на літоўскі бок, аднак Статкевіч катэгарычна заявіў, што сам будзе вырашаць свой лёс. Пасьля таго як стала канчаткова зразумела, што Мікола Статкевіч ня зьменіць свайго рашэньня, яго павезлі ў невядомым накірунку. Паводле Вільскага, гэта рабілі людзі ў масках, якія ўвесь час знаходзіліся побач.

«Яны стаялі побач, за тры мэтры. Ніхто яму нічога не паведамляў, куды павязуць ці што. Скончыўся час, і мы пайшлі, яго павялі ў іншы бок. Усё», — сказаў Яўген Вільскі.

Статкевіча затрымалі ў 2020-м годзе, яшчэ да выбараў прэзыдэнта, яму прысудзілі 14 гадоў зняволеньня ў калёніі асаблівага рэжыму.

Хто такі Мікола Статкевіч

  • Міколу Статкевічу 69 гадоў. Ён нарадзіўся на Случчыне ў сям’і настаўнікаў. Скончыў Менскае вышэйшае інжынэрнае зэнітна-ракетнае вучылішча, служыў у войску, абараніў кандыдацкую дысэртацыю.
  • У 1991 годзе выйшаў з КПСС і стаў адным з заснавальнікаў Беларускага згуртаваньня вайскоўцаў.
  • З 1995 года актыўна займаецца палітыкай, узначальваў БСДП (Народная Грамада), ладзіў акцыі пратэсту, за што неаднаразова арыштоўваўся і быў асуджаны.
  • У 2010 годзе быў кандыдатам у прэзыдэнты. Пасля ўдзелу ў акцыі 19 сьнежня 2010 года асуджаны на 6 гадоў калёніі ўзмоцненага рэжыму, яго вызвалілі ў 2015 годзе.
  • У траўні 2020 года быў затрыманы. 14 сьнежня 2021 года на закрытым судзе ў Гомлі асуджаны на 14 гадоў пазбаўленьня волі асаблівага рэжыму паводле абвінавачаньня ў арганізацыі масавых беспарадкаў. Разам з ім асудзілі і іншых вядомых апанэнтаў улады. Пакараньне адбываў у калёніі ў Глыбокім, апошнія гады ўтрымліваўся ў рэжыме інкамунікада.
  • У 2020 годзе атрымаў прэмію імя Андрэя Сахарава.