У Літве рыхтуюцца да павелічэньня патоку аўтамабіляў зь Беларусі праз закрыцьцё мяжы ў Польшчы

Літоўскі пункт пропуску ў Медніках. Архіўнае фота

У Літве прагназуюць павелічэньне транспартнага патоку зь Беларусі праз закрыцьцё Польшчай сваёй мяжы.

«Цяпер сытуацыя ў гэтых пунктах адносна стабільная, але, відавочна, зьменіцца праз рашэньне Польшчы. Мы ня можам сказаць сёньня, наколькі моцна, але патокі, безумоўна, вырастуць», — сказаў агенцтву BNS прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.

Прэзыдэнт Літоўскай нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Linava Эрландас Мікенас мяркуе, што найперш складанасьці адчуюць перавозчыкі грузаў.

«Тым, хто займаецца перавозкамі, езьдзіць — невялікі адсотка — ім вельмі цяжка. Цяжка і тым, хто здае груз наступным перавозчыкам — для іх адтуль чэргі ўсё роўна павялічваюцца. Але, мяркуючы па ўсім, на літоўскіх перавозчыках гэта не павінна моцна адбіцца», — сказаў Эрландас Мікенас.

Паводле яго, літоўскія перавозчыкі цяпер практычна ня возяць грузы ў Беларусі. Часьцей яны перавозяць грузы празь мяжу, а там перачапляюцца да грузавіка зь іншай краіны.

У Службе аховы дзяржаўнай мяжы Літвы адзначылі, што раней не фіксавалі вялікіх чэргаў зь літоўскага боку. «Легкавым аўтамабілям практычна не даводзілася чакаць, або чэргі займалі адну-дзьве гадзіны. Кіроўцы грузавікоў вымушаныя былі чакаць на абодвух пунктах пропуску па тры-шэсьць гадзін, а ў сьвяточныя дні, магчыма, і 10», — паведаміў прадстаўнік службы.

Гедрус Мішуціс дадаў, што колькасьць грамадзян, якія накіроўваліся ў Беларусь значна скарацілася праз санкцыі.

«Напрыклад, нельга ехаць зь беларускімі нумарамі — гэта стала заўважна прыблізна за два гады, колькасьць беларусаў, якія перасякаюць мяжу, скарацілася прыблізна напалову. Невялікая частка грамадзян Літвы езьдзіць у Беларусь, але іх колькасьць скарацілася прыблізна ў тры разы», — удакладніў літоўскі памежнік.

Паводле яго, прыскорыць пропуск аўтамабіляў амаль немагчыма праз жорсткія юрыдычныя патрабаваньні і санкцыі, якія абавязваюць пільна правяраць кожны транспартны сродак і кожнага кіроўцу.

«Спэцыфічна падрыхтавацца немагчыма. Вы не павялічыце пункт пропуску або ня зробіце нейкі спрошчаны праезд, таму што гэта вонкавая мяжы, гэта мяжа зь Беларусьсю, дзе ёсьць, былі і, імаверна, будуць у бліжэйшай будучыні такія строгія праверкі. Кожны грамадзянін ацэньваецца, асабліва той, хто прыбывае, сыходзячы з фактараў рызыкі», — адзначыў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Літвы Гедрус Мішуціс.

Што цяпер на мяжы паміж Літвой і Беларусьсю

Цяпер на мяжы Літвы зь Беларусьсю працуюць толькі два пункты пропуску — у Медніках (Каменны Лог зь беларускага боку) і Салечнікі (Беняконі). У 2023-2024 гадах Літва закрыла свае пункты ў Лаварышках, Райгорадзе, Шумску і Цьверачы.

Згодна зь інфармацыяй Дзяржаўнага памежнага камітэту Беларусі, на 10:00 раніцы 12 верасьня ў чарзе на выезд у Літву стаяць па 360 грузавікоў у кожным зь дзейных пунктаў пропуску — Каменным Логу і ў Беняконях, а таксама 170 легкавых аўтамабіляў у Каменным Логу і 120 — у Беняконях. Аўтобусаў у чарзе няма.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чэргі на мяжы, праблемы з грузамі, страта ў экспарце: Што для Беларусі значыць закрыцьцё мяжы Польшчай