Расея і Беларусь пачалі буйныя сумесныя ваенныя вучэньні раніцай у пятніцу, 12 верасьня. За два дні да іх Польшча абвінаваціла Маскву ў эскаляцыі напружанасьці шляхам запуску бесьпілётнікаў празь яе паветраную прастору.
У Міністэрстве абароны Беларусі паведамілі, што вучэньні адбываюцца на палігоне Лесішча, што ў Слуцкім раёне Менскай вобласьці. Там адпрацоўваюць «абарончыя дзеяньні».
У Міністэрстве абароны Расеі адзначылі, што на палігоне «Барысаўскі» пад Менска адпрацоўвалі вядзеньне паветранай выведкі, нанясеньне ракетных удараў і прыкрыцьцё падразьдзелаў наземных
Марскі кампанэнт вучэньняў «Захад-2025» адбываецца ў Баранцавым моры і ў паўночных раёнах Паўночнага Ледавітага акіяну. Там Расея разгарнула свой Паўночны марскі флёт, які адпрацоўвае абарону берагавых аб’ектаў і гарнізонаў.
Ва Ўкраіне паведамілі, што не фіксуюць манэўраў у кірунку беларуска-ўкраінскай мяжы. «Вайсковай актыўнасьці на тэрыторыі Беларусі ў кірунку нашай мяжы мы не назіраем», — паведаміў сьпікер Дзяржаўнай памежнай службы Ўкраіны Андрэй Дземчанка. Аднак, паводле яго, выведка пільна адсочвае сытуацыю «далёка ў глыбіні» беларускай тэрыторыі.
Вучэньні «Захад» адбываюцца ў той час, калі расейскія войскі прасоўваюцца па расьцягнутай лініі фронту ва Ўкраіне і ўзмацняюць паветраныя атакі на ўкраінскія гарады. Удзельніцы ўсходняга флянгу NATO, якія мяжуюць зь Беларусьсю — Польшча, Літва і Латвія — знаходзяцца ў стане падвышанай гатоўнасьці ў сувязі з вучэньнямі, якія, па словах Беларусі, пройдуць каля Барысава. Усе тры краіны ўзмацнілі захады бясьпекі перад вучэньнямі, а Польшча цалкам закрыла сваю мяжу зь Беларусьсю.
Прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск папярэдзіў пра «крытычныя дні» для сваёй краіны. Ён сказаў, што Польшча бліжэй да «адкрытага канфлікту», чым калі-небудзь з часоў Другой усясьветнай вайны, пасьля таго, як Польшча і яе хаўрусьнікі паднялі самалёты ў паветра, каб зьбіць расейскія бесьпілётнікі, якія ляцелі празь яе паветраную прастору раніцай 10 верасьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбіліМасква гаворыць, што краіны Паўночна-атлянтычнага альянсу неадэкватна ўспрымаюць падзеі, піша AFP.
«Гэта плянавыя вучэньні, яны не накіраваныя супраць каго-небудзь», — заявіў прэс-сакратар Крамля Дзьмітры Пяскоў. Ён адпрэчыў заяву Польшчы аб тым, што вучэньні былі «агрэсіўнай дэманстрацыяй сілы».
Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі бачыць у вучэньнях кепскія намеры Масквы.
«Сэнс такіх дзеяньняў Расеі безумоўна не абарончы і накіраваны менавіта супраць Украіны».
У 2021 годзе Масква адправіла каля 200 000 вайскоўцаў на падобныя вучэньні, усяго за некалькі месяцаў да пачатку наступу ва Ўкраіне. Але чакаецца, што сёлетнія вучэньні «Захад» будуць значна меншымі, бо сотні тысяч расейскіх вайскоўцаў цяпер ваююць ва Ўкраіне.
У студзені Беларусь заявіла, што ў вучэньнях задзейнічаюць 13 000 вайскоўцаў, але пазьней стала вядома, што іх колькасьць скароціцца прыкладна ўдвая.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму зьменшылі маштаб вучэньняў «Захад-2025»? Адказвае палітоляг КазакевічПаводле слоў Туска, вучэньні прызначаныя для імітацыі акупацыі Сувалскага калідору, — геаграфічнага прамежку, які цягнецца ўздоўж мяжы паміж Польшчай і Літвой, акружанага Беларусьсю і расейскім анклявам Калінінград. Калідор лічыцца ўразьлівым пунктам для NATO і патэнцыйна можа стаць першай цэльлю расейскага нападу.
Раней сёлета дзяржаўныя СМІ цытавалі міністра абароны Беларусі, які заявіў, што вучэньні былі перанесеныя зь межаў з Польшчай і Ўкраінай, каб «зьменшыць напружанасьць». Але, тым ня менш, Польшча закрыла свае нешматлікія пакінутыя памежныя пераходы зь Беларусьсю, што выклікала крытыку з боку Масквы, і абмежавала паветраны рух уздоўж сваёй усходняй мяжы.
Літва і Латвія абвясьцілі аб частковым закрыцьці паветранай прасторы.
У жніўні Менск заявіў, што ў вучэньнях задзейнічаюць новую расейскую экспэрымэнтальная ракету, здольную несьці ядзерную зброю, — «Арэшнік».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: За 60 кілямэтраў ад Менску будуюць сакрэтную вайсковую базу. Спадарожнікавыя здымкіМіністэрства абароны Рэспублікі Беларусі заявіла, што мэта вучэньняў — «адпрацоўка супольных дзеяньняў беларускіх і расейскіх войскаў у рамках забесьпячэньня ваеннай бясьпекі Саюзнай дзяржавы і гатоўнасьці да адбіцьця магчымай агрэсіі».
«Ключавыя аспэкты падрыхтоўкі, на якіх засяроджаныя вучэньні: удасканаленьне навыкаў камандаваньня і штабоў у кіраваньні войскамі пры адбіцьці агрэсіі, павышэньне ўзроўню ўзаемадзеяньня паміж органамі кіраваньня і палявой вывучкі вайскоўцаў, а таксама адпрацоўка супольных дзеяньняў па нэўтралізацыі пагрозаў і стабілізацыі абстаноўкі».
Таксама ў міністэрстве падкрэсьлілі, што манэўры на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь праводзяцца «на палігонах, разьмешчаных у глыбіні краіны ці ў яе ўсходніх рэгіёнах, і нясе абарончы характар».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Захад-2025»: як Беларусь адбудоўвала вайсковыя базы пасьля 2022 году і чым гэта пагражае суседзям. ФОТА