Польшча закрыла мяжу — беларускія памежныя пераходы працуюць

Здымак на мяжы Беларусі з Польшчай, Варшаўскі мост

Апоўначы 12 верасьня (а 1-й гадзіне ночы паводле менскага часу) Польшча закрыла мяжу зь Беларусьсю.

У той жа час пункты пропуску зь беларускага боку працягваюць працаваць, вынікае з заявы для СМІ прэс-сакратара Дзяржаўнага памежнага камітэту (ДПК) Антона Бычкоўскага на тэрыторыі прапускнога пункту Берасьце (з польскага боку Тэрэспаль).

Людзі, якія выехалі зь Беларусі, але не заехалі ў Польшчу, будуць вернутыя.

«На бягучы момант часу на мосьце паміж Рэспублікай Польшча і Рэспублікай Беларусь знаходзіцца некалькі аўтобусаў з замежнымі рэгістрацыйнымі нумарамі. Усе кіроўцы плянавалі вярнуцца на тэрыторыю Эўрапейскага зьвязу. Аўтобусы будуць вернутыя на ўязны канал памежнага пераходу і аформленыя на ўезд у Рэспубліку Беларусь», — сказаў Бычкоўскі, якога цытуе Позірк.

Паводле яго слоў, усім, хто знаходзіцца ў аўтобусах, у тым ліку кіроўцам, будзе неабходна шукаць іншыя маршруты вяртаньня ў краіны Эўразьвязу.

«Пункты пропуску з боку Рэспублікі Беларусь працягнуць сваю працу і змогуць аднавіць афармленьне асобаў і транспартных сродкаў, як толькі гэта стане магчымым», — заявіў прадстаўнік ДПК.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Памежны камітэт Беларусі атрымаў афіцыйнае паведамленьне Польшчы аб закрыцьці мяжы

Паводле інфармацыі ведамства, да 2 гадзін ночы 12 верасьня ў пункце пропуску Берасьце чэргаў на выезд у Польшчу не засталося. А 23-й гадзіне паводле варшаўскага часу афармленьня чакалі 1280 легкавікоў і 13 аўтобусаў. Колькасьць аўтобусаў рэзка скарацілася паміж 18 і 20 гадзінамі (з 65 да 11).

У пункце пропуску грузавых аўтамабіляў Казловічы, а 2-й гадзіне ночы чаргі таксама не было, апоўначы стаялі 130 фураў, напярэдадні — да 500 (у 2 і 4 гадзіны раніцы).

На закрыцьцё апоўначы ў пункт пропуску ў Тэрэспалі (зь беларускага боку Берасьце) прыехаў міністар унутраных спраў Марцін Кервіньскі з намесьнікам Чэславам Мрочкам.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўжыла эканамічную «ядзерную зброю», перакрыўшы мяжу — палітычны аналітык Вадзім Мажэйка