Лукашэнка пракамэнтаваў інцыдэнт зь беспілётнікамі, якія 10 верасьня прарваліся ў Польшчу

Пашкоджаны расейскім дронам дом у вёсцы Вырыкі Люблінскага ваяводзтва. 10 верасьня 2025

Аляксандар Лукашэнка пракамэнтаваў інцыдэнт з дронамі, якія напярэдадні прарваліся ў Польшчу, і рэакцыю на гэта польскага боку.

Адпаведныя заявы ён зрабіў, прымаючы з дакладам сталага прадстаўніка Беларусі ў ААН Валянціна Рыбакова, паведамляе БЕЛТА.

«Бачыш, што адбываецца апошнім часам. Бесьпілётнікі там заляцелі. Нават нас (папракалі. — заўвага БелТА). Яны да нас не ляцелі, гэтыя бесьпілётнікі. Мы бачылі, куды яны ляцелі. Усё, што маглі мы зьнішчыць, мы зьбілі. Але некалькі засталося. Мы імгненна, задоўга, наколькі гэта магчыма, паінфармавалі Польшчу. Што ў выніку атрымалі?».

Лукашэнка выказаў незадавальненьне рэакцыяў польскіх палітыкаў на інцыдэнт: «Слухайце, як дзікуны. Вось нагнятаюць абстаноўку на роўным месцы. Як я ўжо раней казаў, што палякі людзі разумныя. Яны не дапусьцяць усялякага роду шараханьняў там — Тускаў, Наўроцкіх, Дудаў і гэтак далей. Паразумнеў, ня стаў прэзыдэнтам (я маю на ўвазе Дуду) — разразіўся нейкімі інтэрвію. Першым быў падпальшчыкам вайны ва Ўкраіне. Цяпер ужо абвінавачвае Ўкраіну. Што гэта такое? Ну, гэта іх праблемы. Нашая справа — абараніць краіну».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі
  • 10 верасьня прэм’ер Польшчы Дональд Туск на тэрміновым пасяджэньні ўраду заявіў, што ноччу паветраную прастору краіны парушыла вялікая колькасьць расейскіх бесьпілётнікаў. Тыя зь іх, якія ўяўлялі непасрэдную пагрозу, былі зьбітыя. На ягоную думку гэта было маштабнай правакацыяй.
    Туск сказаў, што «мы знаходзімся ў сытуацыі, найбольш блізкай да ўзброенага канфлікту з часоў Другой сусьветнай вайны». Туск паведаміў таксама, што, верагодна, былі зьбітыя 4 бесьпілётнікі.
  • У той жа дзень начальнік Генэральнага штабу, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка заявіў, што ўначы беларускія сілы зьбівалі на сваёй тэрыторыі «дроны, якія заблукалі ў працэсе ўзаемнага абмену ўдарамі паміж Расеяй і Ўкраінай», і папярэдзілі аб пагрозе суседнія краіны — Польшчу і Літву. Паводле яго, гэта дазволіла Польшчы «апэратыўна адрэагаваць на дзеяньні бесьпілётнікаў». Муравейка адзначыў, што дроны перамясьціліся на тэрыторыю Беларусі і Польшчы нібыта ў выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.