Беларусь становіцца закладніцай напружаньня, якое стварае Масква. Аналіз Валера Карбалевіча

На мяжы Польшчы зь Беларусьсю, архіўнае фота

9 верасьня Польшча аб’явіла аб закрыцьці мяжы з Беларусьсю праз тое, што беларуска-расейскія вучэньні «Захад-2025» нясуць пагрозу суседзям. Вучэньні яшчэ не пачаліся, а ў ноч з 9 на 10 верасьня на тэрыторыю Польшчы заляцела каля 20 расейскіх дронаў, прычым, як заявіў польскі прэм’ер Дональд Туск, значная частка бесьпілётнікаў прыляцела зь Беларусі.

Сьцісла:

  • У апошні момант сышлося адразу некалькі чыньнікаў, якія падштурхнулі Польшчу закрыць мяжу зь Беларусьсю.
  • Абвастрэньне беларуска-польскіх адносін чапляе вялікіх міжнародных гульцоў і ставіць афіцыйны Менск у нязручнае становішча.
  • Варшава чакае ад Менску саступак, хаця б сымбалічных. Бо пасьля такога рашучага кроку кіраўніцтву Польшчы цяжка проста адкруціць назад, адкрыць мяжу бяз жэстаў насустрач зь беларускага боку.
  • Пасьля закрыцьця мяжы і зьяўленьня ў паветранай прасторы Польшчы расейскіх дронаў беларускае кіраўніцтва знаходзіцца ў пэўнай разгубленасьці. Вайсковыя ўлады Беларусі імкнуцца неяк залагодзіць сытуацыю.
  • У такой узбуджанай наэлектрызаванай атмасфэры беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні кіраўніцтву Беларусі зусім не патрэбныя. Аднак адмовіцца ад іх афіцыйны Менск ня можа


Чаму закрылася мяжа?

Польшча даўно пагражала закрыць мяжу зь Беларусьсю. Але дасюль лічылася, што гэта крайні крок, апошні довад. І вось яно здарылася.

У чымсьці такі крок Варшавы выглядае заканамерным. Калі расьце напружаньне, атмасфэра наэлектрызаваная, то падштурхнуць да радыкальных захадаў можа любая падзея. У апошні момант сышлося адразу некалькі чыньнікаў, адбыўся пераход колькасьці фактаў у новую якасьць.

Не спыняюцца міграцыйныя атакі. З пачатку году было зафіксавана звыш 24 тысяч незаконных пранікненьняў замежных грамадзян зь беларускай тэрыторыі ў Польшчу.

Да сумесных беларуска-расейскіх вучэньняў «Захад-2025», якія выклікалі нэрвовую рэакцыю суседзяў, дадалася дзіўная гісторыя з затрыманьнем у Лепелі польскага шпіёна. Вэрсія пра шпіёнскую дзейнасьць каталіцкага манаха выглядзіць настолькі непраўдападобнай, што была расцэненая Варшавай як сьвядомая правакацыя.

Сытуацыя патрабавала гучнага адказу. І ён зьявіўся ў выглядзе поўнага закрыцьця мяжы зь Беларусьсю. У дадатак у Польшчы быў затрыманы беларускі шпіён, таксама высланы беларускі дыплямат.

Вонкавыя гульцы незадаволеныя

Гэтае абвастрэньне беларуска-польскіх адносін чапляе вялікіх міжнародных гульцоў. І ставіць афіцыйны Менск у нязручнае становішча.

Толькі што адбылася цёплая сустрэча Аляксандра Лукашэнкі зь Сі Дзіньпінам. Экспэрты казалі пра тое, што Беларусь для Кітаю зьяўляецца важным лягістычныя хабам, транзытным мостам у Эўропу. І вось гэты мост зачыніўся. Пэкіну трэба неяк рэагаваць, а Менску — неяк апраўдвацца.

Паміж Беларусьсю і ЗША адбываецца перамоўны працэс аб вызваленьні палітзьняволеных. Пяць дзён таму Дональд Трамп, згадаўшы, што ў Беларусі за кратамі знаходзяцца грамадзяне «з усяго сьвету», упэўнена заявіў: «Веру, што яны будуць вызваленыя неўзабаве. Гэта будзе вялікая падзея».

І вось амаль адначасова з гэтай заявай і неўзабаве пасьля таго, як прэзыдэнт ЗША ў Белым доме прымаў свайго польскага калегу Караля Наўроцкага, прыйшла інфармацыя пра затрыманьне ў Беларусі польскага манаха, якога аб’явілі шпіёнам. У пэўным сэнсе Менск ускосна дэзавуяваў заявы Трампа. Сытуацыя двухсэнсоўная і для Менску, і для Вашынгтону, і для Варшавы.

Таксама відавочна, што закрыцьцё мяжы — гэта пытаньне ня толькі двухбаковых беларуска-польскіх дачыненьняў, а праблема адносін Беларусі з усім ЭЗ. Невыпадкова з гэтай нагоды ў МЗС выклікала часовага паверанага Эўразьвязу ў Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Лукашэнка абдумвае абмен палітвязьнямі. Пралёт расейскіх дронаў яму нявыгадны»

Пэрспэктывы адкрыцьця мяжы няпэўныя

Што далей? Тут важнае тлумачэньне міністра ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы Марціна Кервіньскага, што Варшава закрывае мяжу з Беларусьсю не на пэрыяд вучэньняў «Захад-2025», як можна было зразумець напачатку, а на няпэўны час. І, паводле міністра, яны «будуць адкрыты толькі тады, калі мы будзем на 100% упэўнены, што сытуацыя не стварае пагрозы для Польшчы і польскіх грамадзян». Зразумела, што пакуль у Беларусі пануе рэжым Лукашэнкі, які знаходзіцца ў шчыльным саюзе з Расеяй, чакаць стопрацэнтнай упэўненасьці ў адсутнасьці пагрозы не выпадае.

Відавочна, Варшава чакае ад Менску саступак, хоць бы сымбалічных. Бо пасьля такога рашучага кроку кіраўніцтву Польшчы цяжка проста адкруціць назад, адкрыць мяжу бяз жэстаў насустрач зь беларускага боку.

І афіцыйны Менск тут знаходзіцца перад пэўнай дылемай. Ад закрыцьця мяжы Беларусь страчвае важны рэсурс — свой транзытны статус. Гэта ня толькі эканамічныя, але і геапалітычныя страты. Плюс незадаволенасьць з боку Кітаю. Дый перамоўны працэс з ЗША аб абмене вызваленьня палітвязьняў на зьняцьце санкцый можа сарвацца.

Зь іншага боку, Лукашэнка падчас такіх канфліктаў заўсёды дэманструе сілу, баіцца падацца слабым і ідзе да канца. Тым больш, пасьля бурлівай ночы з 9 на 10 верасьня, калі ў Польшчу заляцелі расейскія дроны, усё ідзе да эскаляцыі на мяжы.

Здаецца, беларускія ўлады знаходзяцца ў пэўнай разгубленасьці. Міністэрства замежных спраў выступіла з рытуальнай заявай з нагоды закрыцьця мяжы, выказаў пратэст Польшчы, паабяцаўшы крокі ў адказ. Магчыма, будзе высланы польскі дыплямат. Але адначасова МЗС фактычна паскардзілася праз часовага паверанага Эўразьвязу ў Беларусі Стэна Нэрлава Брусэлю на дзейнасьць палякаў. Гэта выглядае трохі забаўна, бо ляйтматыў беларускай прапаганды адносна Польшчы палягае ў тым, што гэтая краіна несамастойная, яна марыянэтка Брусэлю і Вашынгтону.

Таксама вайсковыя ўлады Беларусі імкнуцца неяк залагодзіць сытуацыю. Начальнік Генэральнага штабу Павал Муравейка заявіў, што ўначы беларускія сілы папярэдзілі аб пагрозе дронамі суседнія краіны — Польшчу і Літву. Польскі бок пацьвердзіў гэтую інфармацыю.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Рыжанкоў назваў рашэньне Польшчы закрыць мяжу зь Беларусьсю «антынародным» і скіраваным супраць Кітаю

Што адбылося ў паветранай прасторы Польшчы

Чаму афіцыйны Менск апынуўся ў такой разгубленасьці? Бо зноў, як у канцы лютага 2022 году, калі здарыўся напад Расеі на Ўкраіну зь беларускай тэрыторыі, неспадзявана трапляе ў драматычную сытуацыю празь дзеяньні свайго саюзьніка, РФ.

Рэч у тым, што дагэтуль не да канца зразумела, што адбывалася ў паветранай прасторы Польшчы ў ноч з 9 на 10 верасьня. Ці то расейскія бесьпілётнікі заляцелі выпадкова, ці то была зламысная атака Расеі?

«Гэта акт агрэсіі», — заявіла камандаваньне Войска Польскага ў афіцыйным акаўнце. Міністар лічбавізацыі Польшчы, віцэ-прэм’ер Кшыштаф Гаўкоўскі адзначыў, што сам факт накіраваньня дронаў у Польшчу сьведчыць пра сплянаваную атаку з боку Расеі. Прэм’ер-міністар Дональд Туск афіцыйна зьвярнуўся да NATO задзейнічаць 4-ы артыкул Статута.

Кіраўніца зьнешнепалітычнай службы ЭЗ Кая Калас заявіла, што ўварваньне расейскіх дронаў у паветраную прастору Польшчы ноччу 10 верасьня магло быць не выпадковым, а наўмысным. Прэмʼер-міністар Вялікабрытаніі Кір Стармэр адзначыў, што зьяўленьне ў паветранай прасторы Польшчы расейскіх бесьпілётнікаў стала «надзвычай неабдуманым» крокам Масквы.

«Расея сьвядома пашырае сваю агрэсію, ствараючы ўсё большую пагрозу для Эўропы. Рой дронаў над Польшчай — чарговае пацьвярджэньне, як і пагрозьлівая рыторыка на адрас усходняга флянгу NATO», — напісаў прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы X.

Усё гэта прамое абвінавачваньне Расеі ў сьвядомай атацы на Польшчу. Хоць Міністэрства абароны РФ адпрэчвае такую трактоўку апошніх падзей.

І вось у такой узбуджанай, наэлектрызаванай атмасфэры ў Беларусі пачынаюцца беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні. На якія краіны-чальцы NATO сьвядома не дасылаюць сваіх назіральнікаў. Гэтыя вучэньні беларускаму кіраўніцтву зусім не патрэбныя. Аднак адмовіцца ад іх афіцыйны Менск ня можа, хоць і спрабуе даказваць, што манэўры адмыслова перанесены ўглыб краіны і не нясуць пагрозы суседзям. Лукашэнкаўскі рэжым ізноў становіцца закладнікам напружаньня, якое стварае Масква.