У Беларусі заявілі, што папярэдзілі Польшчу і Літву аб дронах і зьбівалі іх на беларускай тэрыторыі

Павал Муравейка. Архіўнае фота

У Беларусі сьцьвярджаюць, што і польскі бок інфармаваў аб набліжэньні дронаў да беларускай тэрыторыі з боку Ўкраіны.

Прэм'ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што значная частка бесьпілотнікаў, які трапілі ў польскую паветраную прастору, прыляцела зь Беларусі, піша Reuters.

Начальнік Генэральнага штабу, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка заявіў, што ўначы беларускія сілы зьбівалі на сваёй тэрыторыі «дроны, якія заблукалі ў працэсе ўзаемнага абмену ўдарамі паміж Расеяй і Ўкраінай», і папярэдзілі аб пагрозе суседнія краіны — Польшчу і Літву.

«Па каналах узаемадзеяньня ў пэрыяд з 23:00 гадзін 9 верасьня да 4:00 гадзіны 10 верасьня нашы дзяжурныя сілы і сродкі абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыялякацыйнай абстаноўцы зь дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі. Тым самым паінфармавалі іх аб набліжэньні невядомых лятальных апаратаў да тэрыторый іх краін», — заявіў Павал Муравейка.

Паводле яго, гэта дазволіла Польшчы «апэратыўна адрэагаваць на дзеяньні бесьпілётнікаў». Павал Муравейка адзначыў, што дроны перамясьціліся на тэрыторыю Беларусі і Польшчы нібыта ў выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

«Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што польскі бок таксама інфармаваў беларускія дзяжурныя баявыя разьлікі аб набліжэньні да мяжы Рэспублікі Беларусі невядомых лятальных апаратаў з тэрыторыі Ўкраіны», — дадаў начальнік Генэральнага штабу, першы намесьнік міністра абароны Беларусі.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва: пагрозы для Эўропы з боку Расеі павялічваюцца