«Акт агрэсіі». Расейскія дроны ўварваліся ў Польшчу, у тым ліку празь Беларусь. Польскае войска заявіла, што частку зь іх зьбілі

Польскі зьнішчальнік F-16 пралятае над Польшчай у рамках вучэньняў NATO ў стрымліваньні расейскіх самалётаў ад пранікненьня ў паветраную прастору саюзьнікаў. Архіўнае фота

10 верасьня Польшча падняла свае самалёты ў паветра і прывяла вайскоўцаў у стан найвышэйшай гатоўнасьці.

Апэратыўнае камандаваньне Ўзброеных сіл Польшчы заявіла аб «беспрэцэдэнтным» парушэньні паветранай прасторы расейскімі бесьпілётнікамі. З паведамленьня польскіх вайскоўцаў вынікае, што яны заляцелі на тэрыторыю краіны падчас начнога нападу на аб’екты ва Ўкраіне.

«Гэта акт агрэсіі, які стварыў рэальную пагрозу бясьпецы нашых грамадзян», — заявілі польскія вайскоўцы.

Прэм’ер Польшчы Дональд Туск на тэрміновым пасяджэньні ўраду заявіў, што ноччу паветраную прастору краіны парушыла вялікая колькасьць расейскіх бесьпілётнікаў. Тыя зь іх, якія ўяўлялі непасрэдную пагрозу, былі зьбітыя. На ягоную думку гэта было маштабнай правакацыяй. Туск сказаў, што «мы знаходзімся ў сытуацыі, найбольш блізкай да ўзброенага канфлікту з часоў Другой сусьветнай вайны». Туск паведаміў таксама, што, верагодна, былі зьбітыя 4 бесьпілётнікі.

Туск заявіў аб актывацыі артыкулу 4 Статуту NATO

Дональд Туск заявіў, што значная частка бесьпілотнікаў, які трапілі ў польскую паветраную прастору, прыляцела зь Беларусі, піша Reuters.

«У той жа час мы кансультуемся з нашымі саюзьнікамі; я пастаянна кантактую з генэральным сакратаром NATO, каб мы маглі рэагаваць на гэты тып пагрозы гэтак жа эфэктыўна, як і сёньня ўвечары, у найбліжэйшыя некалькі гадзін, дзён і далей. Гэта першы выпадак, калі расейскія бесьпілётнікі былі зьбітыя над тэрыторыяй краіны NATO, і таму ўсе нашы саюзьнікі вельмі сур’ёзна ставяцца да сытуацыі», — сказаў прэмʼер-міністар Туск, якога цытуе агенцтва PAP.

Дональд Туск на тэрміновым пасяджэньні ўраду Польшчы. Варшава, 10 верасьня 2025

За ноч адбылося 19 уварваньняў у паветраную прастору Польшчы, прычым значная частка бесьпілётнікаў заляцела зь Беларусі, заявіў Дональд Туск у парлямэнце, дадаўшы, што пацьверджана зьбіцьцё трох бесьпілётнікаў, а наконт чацьвёртага можна сказаць што ён верагодна зьбіты:

«Той факт, што тыя бесьпілётнікі, якія стваралі пагрозу бясьпецы, былі зьбітыя, зьмяняе палітычную сытуацыю. Таму кансультацыі саюзьнікаў прынялі форму афіцыйнага запыту аб актывацыі артыкулу 4 Статуту NATO».

Гэты пункт прадугледжвае кансультацыі бакоў у выпадку, калі, на думку нейкагая зь іх, тэрытарыяльная цэласнасьць, палітычная незалежнасьць або бясьпека апынуцца пад пагрозай.

Супраць расейскіх дронаў дзейнічалі F-16 і F-35

Польскія вайскоўцы паднялі ў паветра зьнішчальнікі і прывялі сыстэмы супрацьпаветранай абароны ў стан падвышанай гатоўнасьці пасьля таго, як бесьпілётнікі перасеклі польскую паветраную прастору падчас расейскіх удараў паблізу мяжы Польшчы з Украінай, паведамілі польскія ўлады 10 верасьня.

Міністар абароны Польшчы Ўладыслаў Касіняк-Камыш заявіў, што самалёты «ўжылі зброю супраць варожых аб’ектаў» піша AP.

Касіняк-Камыш напісаў у X, што «больш за 10 аб’ектаў» перасяклі паветраную прастору Польшчы і стваралі пагрозу для бясьпекі Польшчы, былі нэўтралізаваныя. Ён падзякаваў ВПС NATO і Каралеўскім ВПС і касьмічным сілам Нідэрляндаў за падтрымку дзеяньняў з выкарыстаньнем зьнішчальнікаў F-35.

Агулам больш за 20 расейскіх беспілётнікаў былі выяўленыя ў начны час падчас парушэньня паветранай прасторы Польшчы, піша польскае выданьне Rp.pl:

«Некаторыя зь іх былі зьбітыя. Верагодна, гэта былі аб’екты, якія маглі нанесьці шкоду. Для іх зьбіцьця выкарыстоўваліся баявыя самалёты. Вядома, што ў апэрацыі ўдзельнічалі галяндскія F-35, якія прыбылі ў Польшчу 1 верасьня».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Расея нанесла найбольш маштабны за апошні час удар па заходняй Украіне. Шмат разбурэньняў

Бэрнард Блашчук, солтыс вёскі Вырыкі ў Люблінскім ваяводзтве, паведаміў TVP Info, што тут у дом трапіла «альбо ракета, альбо бесьпілотнік, мы пакуль ня ведаем».

У вёсцы Вырыкі ў Люблінскім ваяводзтве, дзе дрон трапіў у дом. 10 верасьня 2025

Ён сказаў, што ўнутры будынка знаходзіліся людзі, але ніхто не пацярпеў.

У вёсцы Вырыкі ў Люблінскім ваяводзтве, дзе лятальны аб'ект трапіў у дом. 10 верасьня 2025

У сераду раніцай польскія ўзброеныя сілы заявілі, што працягваюцца пошукі магчымых месцаў катастрофы, і заклікалі людзей не набліжацца, не дакранацца і не перамяшчаць любыя прадметы, якія яны бачаць, папярэджваючы, што яны могуць ствараць пагрозу і могуць утрымліваць небясьпечныя матэрыялы.

На тэрміновым пасяджэньні ўраду Польшчы. Варшава, 10 верасьня 2025

Камандаваньне заявіла, што польскія ўзброеныя сілы «актывавалі ўсе неабходныя працэдуры», а наземныя сыстэмы супрацьпаветранай абароны знаходзяцца ў стане найвышэйшай гатоўнасьці.

Узброеныя сілы Польшчы, якая ўваходзіць у NATO, заявілі, што польскія і саюзныя вайсковыя самалёты былі залучаныя для забесьпячэньня бясьпекі паветранай прасторы. Яны дадалі, што знаходзяцца ў пастаянным кантакце з камандаваньнем NATO.

Намесьнік міністра абароны Польшчы Цэзары Томчык заявіў, што апэрацыя была распачата для нэўтралізацыі абʼектаў, якія перасеклі польскую мяжу.

«Усе службы ўведзены ў дзеяньне. Мы просім вас сачыць за абʼявамі Польскай арміі і паліцыі», — заявіў Томчык у X.

Часткі пашкоджанага бесьпілётніка, зьбітага польскімі вайскоўцамі. Вёска Замосьць, 10 верасьня 2025 года.

Прэм’ер-міністар Дональд Туск напісаў у X, што атрымаў паведамленьне ад Апэратыўнага камандаваньня арміі пра «зьбіцьцё бесьпілётнікаў, якія ўвайшлі ў нашу паветраную прастору і маглі несьці пагрозу». Апэрацыя працягваецца, напісаў Туск.

Ён дадаў, што паінфармаваў генэральнага сакратара NATO аб дзеяньнях польскага боку.

А 5:40 раніцы паліцыя выявіла пашкоджаны бесьпілётнік ва ўсходнепольскай вёсцы Часноўка, напісала паліцыя Люблінскага ваяводзтва ў X.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Беларусі заявілі, што папярэдзілі Польшчу і Літву аб дронах і зьбівалі іх на беларускай тэрыторыі

Збоі ў працы аэрапортаў

Паводле зьвестак Фэдэральнага ўпраўленьня цывільнай авіяцыі ЗША (FAA), Польшча таксама закрыла чатыры аэрапорты, у тым ліку галоўны аэрапорт імя Шапэна ў Варшаве.

FAA заявіла, што аэрапорт Жэшув-Ясёнка на паўднёвым усходзе Польшчы, які служыць цэнтрам перавозак пасажыраў і зброі ва Украіну, быў сярод часова закрытых аэрапортаў.

Кіраўніцтва варшаўскага аэрапорту імя Шапэна папярэдзіла аб магчымых збоях і затрымках рэйсаў, якія могуць працягвацца ўвесь дзень, піша Reuters.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Літва: пагрозы для Эўропы з боку Расеі павялічваюцца

Рэакцыя афіцыйнага Менску

Начальнік Генэральнага штабу, першы намесьнік міністра абароны Беларусі Павал Муравейка заявіў, што ўначы беларускія сілы зьбівалі на сваёй тэрыторыі «дроны, якія заблукалі ў працэсе ўзаемнага абмену ўдарамі паміж Расеяй і Ўкраінай», і папярэдзілі аб пагрозе суседнія краіны — Польшчу і Літву.

«Па каналах узаемадзеяньня ў пэрыяд з 23:00 гадзін 9 верасьня да 4:00 гадзіны 10 верасьня нашы дзяжурныя сілы і сродкі абменьваліся інфармацыяй аб паветранай і радыялякацыйнай абстаноўцы зь дзяжурнымі сіламі і сродкамі Польшчы і Літоўскай Рэспублікі. Тым самым паінфармавалі іх аб набліжэньні невядомых лятальных апаратаў да тэрыторый іх краін», — заявіў Павал Муравейка.

Паводле яго, гэта дазволіла Польшчы «апэратыўна адрэагаваць на дзеяньні бесьпілётнікаў». Павал Муравейка адзначыў, што дроны перамясьціліся на тэрыторыю Беларусі і Польшчы нібыта ў выніку ўзьдзеяньня сродкаў радыёэлектроннай барацьбы.

«Дзеля справядлівасьці варта адзначыць, што польскі бок таксама інфармаваў беларускія дзяжурныя баявыя разьлікі аб набліжэньні да мяжы Рэспублікі Беларусі невядомых лятальных апаратаў з тэрыторыі Ўкраіны», — дадаў начальнік Генэральнага штабу, першы намесьнік міністра абароны Беларусі.

Рэакцыя ў ЭЗ, ЗША і NATO

Кіраўніца дыпляматыі ЭЗ Кая Калас заявіла, што Расея, відаць, наўмысна парушыла польскую паветраную прастору:

«Учора ўвечары ў Польшчы мы назіралі самае сур’ёзнае парушэньне эўрапейскай паветранай прасторы Расеяй з пачатку вайны, і ёсьць прыкметы таго, што яно было наўмысным, а не выпадковым. ЭЗ цалкам салідарны з Польшчай. Вайна Расеі абвастраецца, а не сканчаецца», — напісала Калас.

Расея зноў выпрабоўвае памежныя дзяржавы, Эўразьвяз і NATO, заявіў эўракамісар у пытаньнях бясьпекі Андрыюс Кубілюс.

«Мы павінны тэрмінова стварыць „сьцяну з бесьпілётнікаў“ уздоўж усяго ўсходняга флянгу ЭЗ, што цяпер зьяўляецца найважнейшым сумесным флягманскім праектам. Мы будзем працаваць разам з дзяржавамі-чальцамі, памежнымі краінамі і Ўкраінай. Расея будзе спыненая», —заявіў Кубілюс.

Як паведамляе карэспандэнт Радыё Свабода, міністар замежных спраў Чэхіі Ян Ліпаўскі, выступаючы ў Празе, сказаў:

«Такім чынам, адно відавочна: плян Расеі зьнішчыць Украіну — гэта толькі пачатак яе амбіцый у Эўропе. Я думаю, што сёньняшнія падзеі ў Польшчы — гэта чарговае пацьвярджэньне, і я баюся, што мы можам чакаць, што такія падзеі будуць адбывацца далей. Такім чынам, незалежна ад таго, як будзе дасягнуты мір ва Ўкраіне, пуцінізм застанецца галоўнай пагрозай для эўрапейскай бясьпекі. Гэта рэальнасьць, з якой мы павінны мець справу сёньня і ў будучыні».

Амэрыканскі сэнатар Дык Дурбін (дэмакрат ад Ілінойсу) раней заявіў, што паўторныя парушэньні паветранай прасторы NATO расейскімі бесьпілётнікамі ёсьць прыкметай таго, што прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін «правярае нашу рашучасьць абараняць Польшчу і краіны Балтыі».

Улічваючы нядаўнія сьмяротныя расейскія напады на ўкраінцаў, гэтыя ўварваньні нельга ігнараваць, заявіў Дурбін у X.

NATO заяўляе пра цесныя кансультацыі з Варшавай пасьля таго, як Польшча зьбіла бесьпілётнікі ў яе паветранай прасторы, піша Reuters.

Альянс праводзіць цесныя кансультацыі з Польшчай пасьля таго, як яна зьбіла бесьпілётнікі, якія ўвайшлі ў яе паветраную прастору падчас расейскай атакі на захадзе Ўкраіны, напісаў прадстаўнік NATO на X.

Генэральны дырэктар NATO Марк Рутэ «падтрымлівае сувязь з польскім кіраўніцтвам», сказаў прадстаўнік.

Паводле зьвестак украінскіх ВПС, большая частка Ўкраіны, у тым ліку заходнія вобласьці краіны Валынь і Львоўшчына, былі пад пагрозай паветранай трывогі раніцай 10 верасьня.

Рэакцыя ў Расеі

Польшча не прадставіла пацьверджаньняў расейскага паходжаньня збітых над краінай БПЛА, сказаў РІА Новости часовы павераны ў справах Расеі ў Варшаве Андрэй Ордаш.

«Абвінавачаньні мы лічым беспадстаўнымі. Ніякіх доказаў, што гэтыя дроны маюць расейскае паходжаньне не прадстаўлена», — сказаў расейскі дыплямат.

Рэакцыя ва Ўкраіне

Прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў у сераду, што падчас расейскіх нападаў за ноч па Польшчы было накіравана як мінімум восем бесьпілётнікаў з агульнай колькасьці каля 415 беспілотнікаў і больш за 40 ракет.

«Сёньня адбыўся чарговы этап эскаляцыі — расейска-іранскія „шахеды“ дзейнічалі ў паветранай прасторы Польшчы, у паветранай прасторы NATO. Гэта быў не адзін „шахед“, які можна назваць выпадковым, а як мінімум восем ударных бесьпілётнікаў, накіраваных у бок Польшчы», — напісаў Зяленскі.

Міністар замежных справаў Украіны Андрэй Сыбіга з гэтай нагоды заявіў у Х:

«Расейскія бесьпілётнікі, якія ляцяць у Польшчу падчас масаванага нападу на Ўкраіну, паказваюць, што пачуцьцё беспакаранасьці Пуціна працягвае расьці, бо ён ня быў належным чынам пакараны за свае папярэднія злачынствы. Пуцін проста працягвае эскаляцыю, пашырае сваю вайну і выпрабоўвае Захад. Чым даўжэй ён сутыкаецца з адсутнасьцю сілы ў адказ, тым больш агрэсіўным ён становіцца. Слабы адказ зараз яшчэ больш правакуе Расею, і тады расейскія ракеты і бесьпілётнікі паляцяць яшчэ далей у Эўропу».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Мяжа зь Беларусьсю закрываецца да зьнікненьня пагрозы, а не на час вучэньняў «Захад-2025» — МУС Польшчы
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: 502 дроны і 24 ракеты. Расея атакавала ва Ўкраіне энэргетыку, Зяленскі заклікаў узмацніць ціск на агрэсара

Вайна Расеі супраць Украіны

  • А 5-й гадзіне раніцы 24 лютага 2022 году кіраўнік Расеі Ўладзімір Пуцін заявіў пра пачатак ваеннай апэрацыі супраць Украіны на Данбасе на просьбу груповак «ДНР» і «ЛНР». 21 лютага падчас тэлезвароту да расейцаў Пуцін назваў так званыя «ДНР» і «ЛНР» незалежнымі дзяржавамі ў межах вобласьцяў. 22 лютага Савет Фэдэрацыі ратыфікаваў гэтае рашэньне.
  • Расейскія войскі атакавалі ў тым ліку з тэрыторыі Беларусі, выкарыстоўваючы лётнішчы, базы і дарогі. Прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі апраўдваюць вайну, яго праціўнікі лічаць тэрыторыю Беларусі акупаванай, многія заклікаюць да супраціву расейскім захопнікам. Насуперак заявам Пуціна пра атакі выключна на вайсковыя аб’екты, расейцы пачалі бамбіць школы, дзіцячыя садкі і жылыя кварталы ўкраінскіх гарадоў.
  • 2 красавіка 2022 году, пасьля вызваленьня гораду Буча пад Кіевам, фотакарэспандэнты апублікавалі дзясяткі фатаздымкаў, на якіх відаць сотні нябожчыкаў, ахвяраў масавых забойстваў, учыненых расейскімі войскамі. Многія пахаваныя ў стыхійных брацкіх магілах. Вялікія разбурэньні прынесла расейская акупацыя і Барадзянцы.
  • З 24 лютага Расея захапіла толькі адзін абласны цэнтар — Херсон. Горад быў акупаваны расейскімі войскамі ў першыя дні вайны фактычна без баёў. Расейскія войскі адступілі зь яго і з правабярэжнай часткі Херсонскай вобласьці ў лістападзе 2022 году. Увосень 2022 году ўкраінскія войскі правялі маштабны контранаступ, у выніку якога расейскія сілы пакінулі большасьць сваіх пазыцый і ў Харкаўскай вобласьці.
  • Нягледзячы на першапачатковыя заявы Пуціна пра тое, што акупацыя ўкраінскіх тэрыторыяў не ўваходзіць у пляны ўварваньня, 30 верасьня 2022 году была абвешчана анэксія чатырох вобласьцяў Украіны (Данецкай, Запароскай, Луганскай і Херсонскай), у тым ліку і тэрыторыяў, якіх Расея не кантралявала.
  • 21 верасьня 2022 году Пуцін заявіў пра мабілізацыю ў Расеі. Пасьля гэтай заявы тысячы расейцаў накіраваліся на памежныя пункты і пачалі выяжджаць у Грузію, Казахстан, Армэнію, Манголію, Фінляндыю і іншыя краіны. У самой Расеі праціўнікі вайны падпалілі некалькі вайсковых камісарыятаў.
  • У 2023 годзе Лукашэнка і Пуцін заявілі пра разьмяшчэньне ў Беларусі расейскай ядзернай зброі. 13 чэрвеня Лукашэнка сказаў, што частка ядзернай зброі ўжо дастаўлена з РФ у Беларусь. 16 чэрвеня Пуцін таксама заявіў, што першыя ядзерныя зарады ўжо дастаўленыя на тэрыторыю Беларусі, а астатнюю частку перамесьцяць «да канца лета або да канца году».
  • 3 верасьня ўкраінскі брыгадны генэрал Аляксандар Тарнаўскі заявіў, што Ўзброеныя сілы Ўкраіны прарвалі першую лінію абароны на запароскім кірунку, на якую расейцы выдаткавалі больш за ўсё рэсурсаў.
  • У канцы 2023 і на пачатку 2024 расейцы працягвалі масавыя абстрэлы ўкраінскіх гарадоў: Дніпра, Кіева, Харкава, Адэсы і іншых месцаў. Дзясяткі людзей загінулі і атрымалі раненьні. Украінскі бок у адказ абстрэльваў расейскі Белгарад, некалькі чалавек загінулі. Узброеныя сілы дзьвюх краін рэгулярна атакуюць падкантрольныя процілегламу боку тэрыторыі бесьпілётнікамі.
  • Агулам з пачатку 2024 году ўкраінскія дроны пашкодзілі 18 расейскіх НПЗ, што прывяло да скарачэньня вытворчасьці амаль на 14%. У сакавіку былі атакаваныя такія абʼекты, як Разанскі НПЗ карпарацыі «Роснефть» і завод «Лукойла» ў Кстове ў Ніжагародзкай вобласьці. Абодва ўваходзяць у топ-10 найбуйнейшых НПЗ Расеі і забясьпечваюць бэнзінам Маскву.
  • 6 жніўня 2024 году Ўкраіна пачала апэрацыю ў Курскай вобласьці. 19 жніўня прэзыдэнт Украіны Ўладзімір Зяленскі заявіў, што пад кантролем Украіны ў ходзе апэрацыі Ўзброеных сілаў Украіны знаходзяцца 92 паселішчы Курскай вобласьці Расеі. Галоўнакамандуючы Ўзброенымі сіламі Ўкраіны Аляксандар Сырскі ўдакладніў, што такіх населеных пунктаў 82. Улады Ўкраіны заявілі пра стварэньне ваенных камэндатураў і арганізацыі перадачы «гуманітарнай дапамогі ў населеныя пункты, якія знаходзяцца пад кантролем Украіны». Экспэрты Інстытуту вывучэньня вайны, прааналізаваўшы заявы і відэаматэрыялы з геалякацыяй, выказалі думку, што Ўкраіна кантралюе ў Курскай вобласьці ня ўсю тэрыторыю ў заяўленых межах прасоўваньня.
  • 16–18 жніўня ўкраінскія сілы падарвалі тры масты, якія мелі стратэгічнае значэньне для матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня групоўкі расейскіх войскаў ва Ўкраіне і вайсковай авіяцыі, якая базуецца ў Курскай вобласьці.
  • 17 лістапада Джо Байдэн зьняў абмежаваньні на нанясеньне ўдараў амэрыканскай дальнабойнай зброяй па тэрыторыі Расеі.
  • З прыходам да ўлады ў ЗША Дональда Трампа рэзка актывізавалася тэма магчымых мірных перамоваў. Прэзыдэнт ЗША абнавіў свае патрабаваньні да эўрапейскіх краінаў-сяброў NATO павялічваць выдаткі на абарону. Таксама палітык заявіў, што хоча, каб Украіна дала Злучаным Штатам кантроль за сваімі радовішчамі рэдказямельных выкапняў у абмен на фінансавую падтрымку яе ваенных дзеяньняў супраць Расеі.
  • У ноч на 14 лютага Расея бесьпілётнікам атакавала Чарнобыльскую АЭС, на саркафагу над разбураным у 1986-м пры чарнобыльскай катастрофе энэргаблёку пачаўся пажар, які ня могуць патушыць некалькі дзён.
  • 12 лютага 2025 Трамп пагутарыў па тэлефоне з Пуціным, і 18 лютага 2025 году ў Эр-Рыядзе (Саудаўская Арабія) пачалася двухбаковая сустрэча з удзелам дзяржаўнага сакратара ЗША Марка Рубіё і кіраўніка МЗС Расеі Сяргея Лаўрова. Украіна на перамовы не запрошаная. Перад гэтым у Мюнхэне (Нямеччына) і Парыжы (Францыя) адбыліся, адпаведна, канфэрэнцыя па бясьпецы і саміт вядучых краінаў ЭЗ, але на іх так і ня выпрацавалі пляну доўгатэрміновай падтрымкі Ўкраіны. Акрамя таго, Вугоршчына — сябра Эўразьвязу, NATO і пры гэтым ляяльная да Расеі — дыстанцыявалася ад абмеркаваньня далейшай вайсковай дапамогі Кіеву, абвінаваціўшы іншыя краіны ў падбухторваньні далейшай вайны.
  • У красавіку высьветлілася, што мірныя перамовы пакуль ня маюць посьпеху, а тым часам Украіна заявіла, што ведае імёны 155 кітайскіх наймітаў, якія падпісалі кантракты з Расеяй і пайшлі на вайну. Афіцыйны Пэкін заявіў, што сваіх грамадзянаў на вайну не адпраўляў, а наадварот, раіў жыхарам краіны трымацца падалей ад абодвух бакоў.
  • Дзяржаўны ўкраінскі праект «Хачу жыць», які выконвае Каардынацыйны штаб у пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, у красавіку 2025 году апублікаваў прозьвішчы 742 грамадзян Беларусі, якія з 2023 году ваююць супраць Украіны на баку Расеі, зь іх 96 ужо загінулі.
  • 1 чэрвеня на Дзень расейскай авіяцыі Ўкраіна правяла маштабную апэрацыю «Павуціньне». Служба бясьпекі Ўкраіны зладзіла ўдары па авіябазах па ўсёй тэрыторыі Расеі, зьнішчыўшы дзясяткі расейскіх вайсковых самалётаў. Дакладна невядома, адкуль кіраваліся гэтыя дроны і ці выкарыстоўвалі яны штучны інтэлект для нацэльваньня на расейскія самалёты. Паводле ўкраінскага боку, дахі грузавікоў, дзе хаваліся дроны, адчынялі дыстанцыйна, каб дазволіць квадракоптэрам узьлятаць.
  • Улетку 2025 году прэзыдэнт Злучаных Штатаў Дональд Трамп правёў шэраг сустрэчаў, у тым ліку з Уладзімірам Зяленскім і Ўладзімірам Пуціным. Дамовіцца пра мірнае пагадненьне ці прынамсі на асабістую сустрэчу прэзыдэнтаў Украіны і Расеі не атрымалася.
  • У ноч на 7 верасьня расейскія войскі нанесьлі рэкордны ўдар па Ўкраіне — дзяржаву атакавалі 805 «Шахедаў» і дронаў-імітатараў. Загарэўся будынак ураду ў Кіеве.
  • Незалежная праверка інфармацыі пра ваенныя дзеяньні, якую даюць афіцыйныя асобы розных бакоў, не заўсёды магчымая.