Латвія створыць уласны санкцыйны сьпіс, у тым ліку супраць юрыдычных і фізычных асоб Беларусі

Плякат з выявай Пуціна-крывапійцы ў Рызе

Афіцыйная Рыга плянуе ўвесьці нацыянальны санкцыйны рэжым супраць асобаў і кампаній, зьвязаных з расейскай агрэсіяй супраць Украіны.

Інфармацыю пацьвердзілі агенцтву LETA у Міністэрстве замежных спраў Латвіі. Адпаведны праект урадавых правілаў, які зараз часткова засакрэчаны, бліжэйшым часам разгледзіць Кабінэт міністраў.

На партале нарматыўных актаў разьмешчаны запіс аб падрыхтаваным МЗС праекце Правілаў Кабінэту міністраў, які прадугледжвае ўвядзеньне латвійскіх нацыянальных санкцый у дачыненьні суб’ектаў, зьвязаных з ваеннай агрэсіяй Расеі супраць Украіны. Інфармацыя носіць абмежаваны доступ, таму прачытаць анатацыю да праекту правілаў немагчыма.

МЗС тлумачыць, што такія паўнамоцтвы — уводзіць нацыянальны санкцыйны рэжым — урад атрымлівае на падставе Закону «Аб міжнародных і нацыянальных санкцыях». Ён прадугледжвае, што Кабінэт міністраў можа прымаць рашэньні аб увядзеньні нацыянальных санкцый як на ўласную ініцыятыву, так і на прапанову міністра замежных спраў або Рады нацыянальнай бясьпекі.

Абмежаваньні пры гэтым не павінны супярэчыць міжнародным абавязаньням Латвіі і павінны перасьледваць адну з мэтаў: дамагчыся міру або прадухіліць міжнародныя злачынствы або парушэньні правоў чалавека за межамі тэрыторыі Латвіі, прадухіліць шкоду замежнапалітычным інтарэсам або нацыянальнай бясьпецы Латвіі, спрыяць барацьбе зь міжнародным тэрарызмам або зброяй масавага зьнішчэньня.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Фінскія памежнікі дапамогуць Латвіі стрымліваць мігрантаў зь Беларусі

У чэрвені за папраўкі законаў сваёй краіны прагаласаваў Сейм Літвы. Папраўкі дазваляюць ураду краіны ўводзіць нацыянальныя эканамічныя санкцыі супраць Расеі і Беларусі.

Закон прадугледжвае надзяленьне ўраду Літвы паўнамоцтвамі прымяняць два віды санкцый: замарожваньне актываў і сэктаральныя абмежаваньні. У абодвух выпадках сьпісы асобаў і кампаній, якія падпадаюць пад санкцыі, будзе фармаваць урад.

Пасьля ўступленьня паправак у сілу ўрад зможа абмежаваць экспарт тавараў, тэхналёгій, паслуг і праграмнага забесьпячэньня, якія могуць быць выкарыстаныя ўзброенымі сіламі Расеі або Беларусі або садзейнічаць умацаваньню іх абароннага або прамысловага патэнцыялу, магчымасьцяў у сфэры бясьпекі.

Літва ўстанавіла ўласныя нацыянальныя санкцыі для грамадзян Расеі і Беларусі. Яны ўключаюць абмежаваньні на ўезд, выдачу дазволаў на жыхарства, а таксама дадатковыя праверкі бясьпекі для асобаў, якія прыбываюць з краінаў па-за межамі ЭЗ.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На тэрыторыі Польшчы і краін Балтыі пачаліся манэўры «Жалезны кулак», якія праводзіць армія ЗША