Студэнтку ўнівэрсытэта замежных моваў асудзілі за навучаньне ў Школе лідэрства для жанчын

Аліна Шаўцова, архіўнае фота

21-гадовую студэнтку Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэта замежных моваў (БДУЗМ) Аліну Шаўцову асудзілі паводле ч. 1 арт. 361-1 Крымінальнага кодэкса (стварэньне экстрэмісцкага фармаваньня).

Дзяўчыне пагражала да пяці гадоў хіміі або ад трох да сямі гадоў зьняволеньня ў калёніі. Судовы працэс праходзіў за закрытымі дзьвярыма, дакладны вынік яго невядомы, паведаміла «Наша ніва».

Праваабаронцы «Вясны» не выключаюць, што Аліну Шаўцову асудзілі да пазбаўленьня волі.

Вядома, што студэнтка БДУЗМ Аліна Шаўцова ў верасьні 2024 года навучалася ў «Школе лідэрства для жанчын», заняткі ў якой праходзілі онлайн.

Прадстаўніца па моладзевай палітыцы і студэнцтве Аб’яднанага пераходнага кабінэта Беларусі Маргарыта Ворыхава адрэагавала на прысуд 21-гадовай студэнтцы Аліне Шаўцовай.

«Аліну Шаўцову кінулі ў калёнію за ўдзел у „Школе лідэрства для жанчын“. Адукацыйную праграму, якая вучыла дзяўчат быць мацнейшымі і больш самастойнымі, улады ў Беларусі абвясьцілі „экстрэмісцкім фарміраваньнем“.

Гэта чарговы прыклад, як рэжым змагаецца не з сапраўднымі злачынствамі, а з моладзьдзю — з дэмакратычнымі памкненьнямі, з эўрапейскімі каштоўнасьцямі, з жаданьнем вучыцца і мець голас», — мяркуе Маргарыта Ворыхава з АПК.

Яна заклікала замежныя ўнівэрсытэты, міжнародныя моладзевыя арганізацыі і партнэраў узьняць голас у абарону беларускай моладзі.

«Пакуль моладзь у турмах — Беларусь пазбаўленая будучыні», — лічыць Марыя Ворахава.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Сайт і сацыяльныя сеткі Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту ўнесьлі ў «экстрэмісцкі» сьпіс
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 5 верасьня: грамадзянку Вялікай Брытаніі асудзілі ў Беларусі за пратэсты

Як рэжым Лукашэнкі выкарыстоўвае ярлык «экстрэмізму», каб душыць свабоду слова і змагацца з палітычнымі апанэнтамі

Пасьля сфальшаваных прэзыдэнцкіх выбараў 2020 году і сілавога здушэньня агульнанацыянальных пратэстаў аўтарытарны рэжым Аляксандра Лукашэнкі пачаў сыстэматычна выкарыстоўваць антыэкстрэмісцкае заканадаўства для барацьбы з іншадумствам, ліквідацыі незалежных мэдыя і перасьледу палітычных апанэнтаў.

Улады заблякавалі сайты незалежных мэдыя і спынілі публікацыю непадкантрольных друкаваных выданьняў, пазбавілі акрэдытацыі журналістаў іншаземных мэдыя і разграмілі офісы самых уплывовых СМІ. Сотні беларускіх рэпартэраў прайшлі праз арышты, дзясяткі застаюцца ў турмах. Усе незалежныя мэдыя, якія асьвятляюць грамадзка-палітычны парадак дня ў Беларусі, цяпер працуюць выключна з-за мяжы.

Ад 2021 году ўлады пачалі масава абвяшчаць вэб-сайты і асобныя ўліковыя запісы ў сацыяльных сетках незалежных мэдыя, палітычных і грамадзкіх арганізацый, ініцыятыў і проста блогераў «экстрэмісцкімі матэрыяламі», а іх аўтараў «экстрэмісцкімі фармаваньнямі» — часта без судовага разгляду.

Рэспубліканскі сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў вядзе Міністэрства інфармацыі Беларусі. На дадзены момант у сьпісе на 1469 старонках пералічаны тысячы «экстрэмісцкіх матэрыялаў», за выкарыстаньне якіх прадугледжаная адказнасьць. У сьпісе — сайты, тэлеграм-каналы, акаўнты, старонкі ў сацыяльных сетках, відэаролікі і артыкулы ў інтэрнэце, маркі, значкі, CD-дыскі, а таксама кнігі, у тым ліку мастацкія.

На канец 2024 году больш за 6500 онлайн-рэсурсаў былі забароненыя такім чынам. За любое ангажаваньне з уключанымі ў экстрэмісцкі сьпіс рэсурсамі — ці гэта «падабайка», ці камэнтар, ці падпіска на канал — у Беларусі пагражае крымінальная адказнасьць. Удзел у «экстрэмісцкім фармаваньні» можа карацца турэмным зьняволеньнем да 10 гадоў.

Ужо тысячы беларусаў прайшлі праз штрафы, арышты і турэмнае зьняволеньне за «экстрэмізм».

Паводле ацэнкі Ўпраўленьня Вярхоўнага камісара ААН у правах чалавека, улады Беларусі «выкарыстоўваюць ярлык „экстрэмізм“ для падаўленьня іншадумства, адвольна клясыфікуючы дзеяньні, апісаныя як распаўсюд ілжывай інфармацыі, абразу службовых асобаў, дыскрэдытацыю інстытутаў, арганізацыю масавых беспарадкаў, заклікі да санкцый і распальваньне сацыяльнай варожасьці, як „экстрэмісцкія“, якія падлягаюць крымінальнаму перасьледу».