Актывістка польскай арганізацыі агаліла грудзі перад карцінай «Рэйтан»

Актывістка каля карціны

Палітычная акцыя адбылася ў Варшаве ў Каралеўскім замку.

У польскай сталіцы ў Каралеўскім замку знаходзіцца карціна Яна Матэйкі «Рэйтан — заняпад Польшчы». Тадэвуш Рэйтан — вядомы шляхціц, пасол Наваградзкага павету, які імкнуўся не дапусьціць падзелу Рэчы Паспалітай.

Актывістка руху Ostatnie Pokolenie (Апошняе пакаленьне) агаліла грудзі перад карцінай. Акцыя скончылася з прыходам паліцыі. Відэа зьявілася ў сеціве.

«Гэта адсылка да гістарычнага пратэсу Тадэвуша Рэйтана, які ў адзіночку зрабіў драматычную спробу перашкодзіць эліце падпісаць Першы падзел Рэчы Паспалітай. Мы павінны перашкодзіць эліце зноў зьнішчыць Польшчу, распальваючы кліматычны крызіс і сацыяльныя падзелы. Бяз грошай і ўплыву нам застаюцца толькі нашы ўласныя крохкія целы, каб супраціўляцца», — напісаў рух у фэйсбуку.

Актывістка перад карцінай з Тадэвушам Рэйтанам

Акрамя таго, акцыяністка выкрыквала лёзунгі ў абарону жывёлаў і Сэктара Газа. Твор мастацтва ня быў пашкоджаны.

Таксама рух Ostatnie Pokolenie абвясьціў пратэст каля Сэйму, які стартуе 26 верасьня. Патрабаваньні руху ўключаюць: рэзкае павелічэньне ўкладаньняў у чыгуначны і грамадзкі транспарт шляхам пераводу 100% сродкаў, выдзеленых на будаўніцтва новых хуткасных дарог і аўтамагістраляў, на рэгіянальныя і мясцовыя чыгуначныя і аўтобусныя злучэньні з 2025 году. Таксама актывісты хочуць стварэньня агульнага штомесячнага білету коштам 50 злотых на рэгіянальны транспарт па ўсёй краіне.

Рух Ostatnie Pokolenie дзейнічае пераважна ў Варшаве. Запомніўся перадусім акцыямі ў абарону экалёгіі. Напрыклад, ягоныя актывісты аблівалі фарбай помнікі, каб прыцягнуць увагу да праблемаў, якія іх найбольш турбуюць.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: МЗС Польшчы заклікала сваіх грамадзян тэрмінова пакінуць Беларусь