Што за Мах і хто за ім стаіць
Расейскі мэсэнджар Мах распрацавала дачка кампаніі VK (Вконтакте) — «Коммуникационная платформа». Канчатковы ўласьнік VK — «Газпром», а ўзначальвае кампанію VK сын першага намесьніка адміністрацыі прэзыдэнта Расеі Сяргея Кірыенкі — Уладзімір.
З 1 верасьня на ўсе смартфоны, якія прадаюцца ў Расеі па змоўчваньні мусіць усталёўвацца гэты мэсэнджар, які зьявіўся сёлета ў сакавіку. Для рэгістрацыі ў Мах патрэбны расейскі ці беларускі тэлефонны нумар. Расейскія ўлады хочуць інтэграваць мэсэнджар у сэрвісы дзяржаўных паслуг, а таксама ў сыстэму адукацыі: ім прапануюць карыстацца ў школьных чатах і каналах.
Паралельна з гэтым расейскія ўлады абмежавалі званкі ў папулярных мэсэнджарах Telegram і WhatsApp.
У Беларусі гэтую расейскую распрацоўку пакуль не рэклямуюць на дзяржаўным узроўні. Аднак, паводле зьвестак сэрвіса similarweb, гэтая аплікацыя узначальвае рэйтынг у крамах мабільных дадаткаў пад Android і IOS сярод беларусаў.
Ілюстрацыйнае фота
Мах — гэта кросплятформавы мэсэнджар, які падобны адначасова да Telegram і WatsApp. У ім можна ствараць каналы, рабіць чаты, ствараць боты. Некаторыя папулярныя функцыі ў ім недаступныя: нельга ствараць відэа-кружкі папулярныя ў Telegram, не працуе пошук каналаў.
Па стане на канец жніўня аўдыторыя гэтага мэсэнджара перавышае 30 мільёнаў чалавек. На афіцыйным сайце аплікацыі паведамляецца, што пакуль яна працуе ў рэжыме бэта-тэсьцінгу.
Чым небясьпечны гэты мэсэнджар
Новы расейскі мэсэнджар можа выкарыстоўваць дадзеныя для масавай сьлежкі, зьвяртае ўвагу экспэрт у лічбавай бясьпецы Мікалай Кванталіяні.
«Ёсьць доступ да галасавой камунікацыі, чатаў і файлаў. Калі беларусы па тых ці іншых прычынах прызнаныя экстрэмістамі ў Беларусі, гэта дае магчымасьць весьці апэратыўна-пошукавыя мерапрыемствы адносна такіх карыстальнікаў. А прыкладаньне Мах можа зьбіраць дадзеныя ў фонавым рэжыме, у прыватнасьці ІP-адрас. Калі чалавек не карыстае VPN, то расейскія ўлады будуць ведаць, дзе ён знаходзіцца, куды езьдзіць у падарожжы. Таксама прыкладаньне мае доступ да відэакамэры і мікрафона, яны могуць выкарыстоўвацца для праслухоўваньня», — тлумачыць суразмоўца.
Калі па нейкай прычыне трэба абавязкова скарыстацца гэтым мэсэнджарам і іншага выйсьця няма, Мікалай Кванталіяні раіць завесьці для гэтага асобны тэлефон, на якім стаіць толькі гэты мэсэнджар.
«Пазванілі сваякам напрыклад, адключылі тэлефон і паклалі некуды», — гаворыць экспэрт.
Ілюстрацыйнае фота
Экспэрт праваабарончай арганізацыі Human Constanta на ўмовах ананімнасьці ў размове са Свабодай кажа, што мэсэнджар Мах актыўна супрацоўнічае з расейскай дзяржавай, і інфармацыя па першым запыце можа апынуцца ў руках сілавікоў.
«З узроўнем карупцыі ў Расеі махляры могуць лёгка атрымаць інфармацыю з гэтага мэсэнджара. Так жа, як яны атрымліваюць доступ да быццам бы закрытых баз дадзеных. Я б не рэкамэндаваў наогул карыстацца расейскімі сэрвісамі. Сам факт усталяваньня такой праграмы можа быць небясьпечным. Ён просіць практычна ўсе доступы і правярае геалякацыю карыстальніка. Не зразумела, навошта», — кажа спэцыяліст.
Ці могуць беларусаў абавязаць карыстацца Мах і чаму ён стаў папулярны
Паводле аднаго з ІТ-спэцыялістаў, з якім Свабода пагаварыла на ўмовах ананімнасьці, беларусы пачалі спампоўваць гэты мэсэнджар зь некалькіх прычынаў. Па-першае — яго маглі выкарыстоўваць беларусы, якія жывуць у Расеі і тыя, хто мае сваякоў у Расеі для сувязі зь імі. Мэсэнджар агрэсіўна рэклямуецца, што таксама магло стаць прычынай яго цяперашняй папулярнасьці.
Экспэрт Human Constanta кажа, што беларусы маглі спампоўваць мэсэнджар, каб проста паглядзець.
«Пытаньне, з-за чаго зьявілася такая папулярнасьць. Магчыма, паглядзець, што за прыкладаньне. Ёсьць праблема зьвязацца са сваякамі ці сябрамі ў Расеі, бо блякіроўка званкоў у мэсэнджарах Telegram і WhatsApp была нечаканая. Магчыма, гэтая папулярнасьць Мах з часам сыдзе. Аднак, проста так усталёўваць нейкую праграму — ня вельмі добрая ідэя. Прылада можа працягваць зьбіраць дадзеныя, калі вы ёй не карыстаецеся», — тлумачыць суразмоўца.
У навязваньні мэсэнджара Мах беларусам няма мэтазгоднасьці, кажа Мікалай Кванталіяні, бо гэты мэсэнджар ня можа дагнаць той жа Telegram у пляне зручнасьці для карыстальнікаў.
«Ёсьць звычка карыстальніка да нейкага прыкладаньня. Навязваць можна што заўгодна, але гэта можа быць нішава. Узьнікае пытаньне, а чым гэта лепш чым тое, што ўжо ёсьць. Калі ёсьць задача засвоіць нейкія бюджэтныя сродкі на дзяржаўным узроўні і зрабіць сваё — гэта іншае пытаньне», — даводзіць Кванталіяні.
Якія альтэрнатывы Мах, калі ўсё ж трэба зьвязвацца са сваякамі ў Расеі
За апошні год у Расеі заблякавалі Viber, Signal, і Discord, сам сыйшоў Zoom. Аднак, альтэрнатывы Мах засталіся. Напрыклад, можна карыстацца звыклымі мэсэнджарамі праз VPN. Таксама працуюць такія альтэрнатывы, як:
FaceTime — прыкладаньне Apple для відэа і аўдыёзванкоў
Jitsi Meet — сэрвіс для відэаканфэрэнцый, які не патрабуе рэгістрацыі
У Беларусі звыклыя Telegram і WatsApp пакуль працуюць без збояў і блякіроўкі.