Адкуль пераважна едуць у Беларусь працоўныя мігранты

Сьцяг Туркмэністану

Паводле аналізу зьвестак МУС, зробленага парталам «Люстэрка», амаль палова мігрантаў, якія сёлета прыехалі ў Беларусь — грамадзяне Туркмэністану.

Усяго за паўгода працаваць у Беларусь прыехалі 21259 замежнікаў, вынікае са статыстыкі Міністэрства ўнутраных спраў, піша «Люстэрка» . Зь іх 17 145 — мужчыны, 4114 — жанчыны.

За ўвесь 2024 год працаваць у Беларусь прыехалі 33 818 замежных работнікаў.

У лідэрах па прытоку замежнікаў у студзені-чэрвені сёлета — Туркмэністан, адтуль за шэсьць месяцаў прыбылі 10 055 чалавек. За ім ідуць Расея (2124) і Украіна (1864).

З Кітаю прыехаў 1831 работнік, з Узбекістану — 1804 чалавек.

Пэўны час таму Аляксандар Лукашэнка абвясьціў, што Беларусь гатовая прыняць 150 тысячаў працаўнікоў з Пакістану. Аднак сёлета з гэтай краіны працаваць у Беларусь прыехала толькі 120 чалавек.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пакістан гатовы накіраваць у Беларусь некалькі тысяч работнікаў «пасьля дбайнай праверкі»

Паводле статыстыкі часьцей працаваць у Беларусь едуць кваліфікаваныя работнікі прамысловасьці і будаўніцтва — 7240 чалавек за студзень-чэрвень гэтага году. Яны прыбылі пераважна з Туркменістану, Кітаю і Узбэкістану. На другім месцы — работнікі гандлю і сумежных галінаў (4319 чалавек). Яны часьцей прыяжджаюць з Туркмэністану, Узбэкістану і Ўкраіны.

Наступная паводле колькасьці катэгорыі працоўных мігрантаў — апэратары, машыністы, а таксама зборшчыкі прадукцыі — 3796 чалавек.

Некваліфікаваных работнікаў з пачатку году прыехала 1895 чалавек — акрамя Туркмэністану ў тройцы таксама апынуліся Ўкраіна і Расея.

Кіраўнікі прыяжджалі ў асноўным з РФ, Кітая, Украіны, Турэччыны і Латвіі, усяго — 985 чалавека за першае паўгодзьдзе. Спэцыялісты-прафэсіяналы (1442) — таксама з Расеі, Кітаю і Ўкраіны.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Працоўныя мігранты будуць здаваць тэст на веданьне адной зь дзяржаўных моваў Беларусі на свой выбар