Выступаючы на Ўсходнім эканамічным форуме ва Ўладзівастоку 5 верасьня, Уладзімір Пуцін заявіў, што Расея будзе разглядаць прысутнасьць эўрапейскіх войскаў ва Ўкраіне, «асабліва цяпер», у час вайны, «як законныя ваенныя цэлі». Пасьля дасягненьня міру, сказаў Пуцін, ня будзе неабходнасьці разьмяшчаць заходнія войскі ва Ўкраіне.
Расейскі кіраўнік таксама паўтарыў сваю пазыцыю наконт сустрэчы з прэзыдэнтам Украіны Ўладзімірам Зяленскім. Паводле Пуціна, ён ня бачыць сэнсу ў такой сустрэчы, але гатовы правесьці яе, калі Зяленскі прыедзе ў Маскву. Там, маўляў, Зяленскі атрымае «стопрацэнтную гарантыю бясьпекі».
Раней прэс-сакратар Крамля Дзьмітрый Пяскоў заявіў, што Зяленскага запрасілі ў Маскву не дзеля капітуляцыі, а дзеля перамоваў.
Украінскі прэзыдэнт цалкам адхіліў магчымасьць паездкі ў расейскую сталіцу, адзначыўшы, што шэраг нэўтральных краінаў прапанавалі арганізаваць перамовы ў іх.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пуцін зноў заявіў, што сустракацца зь Зяленскім хоча ў Маскве. Украінскі бок адрэагаваўГаворачы пра дачыненьні з прэзыдэнтам ЗША Дональдам Трампам, Пуцін сказаў, што ў іх ёсьць «дамоўленасьць, што пры неабходнасьці мы можам патэлефанаваць адзін аднаму».
Раней Трамп заяўляў, што патэлефануе Пуціну неўзабаве, каб працягнуць абмеркаваньне магчымага заканчэньня вайны ва Ўкраіне. Крэмль, аднак, заявіў, што ніякай падрыхтоўкі да размовы не вядзецца.
Напярэдадні прэзыдэнт Францыі Эмануэль Макрон, які разам з прэм’ер-міністрам Вялікай Брытаніі Кірам Стармэрам зьяўляецца сустаршынём «Кааліцыі ахвочых», заявіў, што 26 краінаў пагадзіліся ўдзельнічаць у паваенных гарантыях бясьпекі для Ўкраіны, і што падтрымка ЗША гэтага пляну будзе канчаткова вызначаная найбліжэйшымі днямі. Яны пагадзіліся, сказаў ён, «разгарнуць войскі ва Ўкраіне ў якасьці сілы заспакаеньня або прысутнічаць на сушы, моры і ў паветры».
Злучаныя Штаты пакуль не ўзялі на сябе выразнага абавязаньня наконт паваеннай ролі, хоць большасьць удзельнікаў лічаць удзел Вашынгтону вырашальным для падтрымкі намаганьняў хаўрусьнікаў.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Трамп чарговы раз заявіў, што расчараваны Пуціным, і зноў паабяцаў зьмяніць стаўленьне да РасеіХаўрусьнікі Ўкраіны не раскрылі канкрэтных дэталяў пляну, у тым ліку колькасьці вайскоўцаў, якія будуць задзейнічаныя, і ўнёсак кожнай краіны.
Тым часам інфармаваныя крыніцы ў дыпляматычных колах Эўразьвязу паведамілі ўкраінскай службе Радыё Свабода, што, паводле папярэдніх ацэнак, эўрапейская місія ва Ўкраіне будзе складаць ад 25 000 да 30 000 вайскоўцаў, але папярэдзілі, што гэта можа зьмяніцца.
Расея неаднаразова адхіляла ідэю разгортваньня эўрапейскіх войскаў ва Ўкраіне, а Пуцін раней папярэджваў, што Масква гатовая «вырашыць свае праблемы ваенным шляхам», калі ня ўдасца дасягнуць прымальнага мірнага пагадненьня.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Кааліцыя ахвочых» будзе пастаўляць Украіне дальнабойныя ракеты, — брытанскі ўрад