Польшча адрэагавала на затрыманьне ў Лепелі свайго грамадзяніна нібыта за шпіянаж

Кадар сюжэту ў тэлевізіі пра затрыманьне польскага грамадзяніна

У справе выказаўся міністар замежных справаў, які паабяцаў Менску наступствы.

Міністар замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі адрэагаваў на затрыманьне польскага грамадзяніна, якога прапагандысцкі канал у Беларусі назваў «польскім шпіёнам». Гэтыя словы прыводзіць канал TVN.

«Мы ведаем, што гэта за рэжым, мы ведаем, чаго ад яго чакаць. У рэшце рэшт, у беларускіх турмах ужо ёсьць польскія зьняволеныя, у тым ліку Анджэй Пачобут і іншыя. Мы ўжо вядзём унутраныя кансультацыі пра тое, як на гэта рэагаваць. І я перакананы, што гэтая справа не застанецца без адказу», — сказаў ён.

Акрамя Сікорскага, ад Польшчы выступіў прадстаўнік спэцслужбаў у сувязях з грамадзкасьцю Яцэк Дабжыньскі.

«Арышт грамадзяніна Польшчы супрацоўнікамі КДБ Беларусі — чарговая правакацыя рэжыму Лукашэнкі, накіраваная супраць нашай краіны. Польскія спэцслужбы не выкарыстоўваюць манахаў для збору інфармацыі аб вайсковых манэўрах», — падкрэсьліў ён у паведамленьні на X.

Затрыманага завуць Гжэгаж Гавэл. Мужчына 1998 году нараджэньня, манах-кармэліт з Кракава. Улады Беларусі заяўляюць, што ён меў пры сабе восем старонак, датычных вайсковых расейска-беларускіх вучэньняў «Запад-2025». Затрымлівала грамадзяніна Польшчы контравыведка КДБ.

Як сьцьвярджае прапаганда, 27-гадовы паляк нібыта спрабаваў залучыць у шпіёнскую дзейнасьць на карысьць Польшчы грамадзянаў Беларусі, якіх таксама затрымалі, але ў сюжэце не паказалі. Абяцаў штомесячную плату.

Маштабныя беларуска-расейскія вучэньні «Запад-2025» маюць прайсьці 12–16 верасьня. Паведамлялі, што падчас вучэньняў будуць трэнавацца ва ўжываньні ядзернай зброі і комплексу «Арэшнік», а таксама ў супрацьпаветранай абароне, абарончых баявых дзеяньнях, падтрымцы тактычнай авіяцыі ды інш.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Дзяржаўная тэлевізія: Польскі шпіён хацеў атрымаць дакумэнты вучэньняў «Запад-2025»