Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэс-канфэрэнцыя палітвязьняў, якіх вывезьлі ў Вільню. УЖЫВУЮ

абноўлена

Вызваленыя палітвязьні, 12 верасьня 2025 году, Вільня
Вызваленыя палітвязьні, 12 верасьня 2025 году, Вільня

У Вільні на 14.00 прызначылі прэс-канфэрэнцыю з удзелам выпушчаных з турмаў і вывезеных у Літву беларускіх палітвязьняў. Свабода вядзе жывую відэатрансьляцыю і цытуе асноўныя заявы.

Сярод палітычных вязьняў, вызваленых 11 верасьня, — шэраг вядомых асобаў. Вызваленьне стала магчымым пасьля сустрэчы Аляксандра Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША.

Кіраўніца Аб'яднанага пераходнага кабінэту Сьвятлана Ціханоўская:

«Тое, што адбылося ўчора, гэта не вызваленьне, а прымусовае дэпартацыя. Невядома, дзе цяпер Мікола Статкевіч. Усе вызваленыя павінны мець права зьехаць ці застацца. Мы размаўляем з нашымі амэрыканскімі партнэрамі пра гэта. Важна, каб спыняліся рэпрэсіі, але кожны тыдзень мы атрымліваем паведамленьні пра чарговыя затрыманьні. Мы будзем працаваць над тым, каб вызваленьні працягваліся».

Стывэн Капус
Стывэн Капус

Прэзыдэнт Радыё Свабода Стывэн Капус:

«Маё пасланьне будзе вельмі простым. Журналістыка не злачынства. Віншую вас з вызваленьнем, натхняемся вашаю адвагаю».

Пасьля Сьвятланы Ціханоўскай, «Вольнага хору» і Стывэна Капуса слова ўзяў паплечнік Мікалая Статкевіча Сяргей Спарыш. Ён адзначыў, што становішча Статкевіча кепскае, хоць маральна ён трымаецца добра, «і нават лепей за 2020 год». Статкевіч сказаў Спарышу, калі яны перасекліся ў турме, што «беларуская нацыя ўжо сфармавалася, а вось дзяржавы пакуль няма».

Паводле Спарыша, у Статкевіча сур’ёзная арытмія, часам яму цяжка хадзіць, у яго быў інфаркт, нагадвае пра сябе і раней зароблены хранічны бранхіт. Спарыш заклікаў усю беларускую супольнасьць, незалежна ад палітычных поглядаў, аб’яднацца і запатрабаваць вызваленьня Мікалая Статкевіча, як тое было дамоўлена з Трампам у рэжыму Лукашэнкі.

Зьміцер Кучук
Зьміцер Кучук

Былы кіраўнік партыі «Зялёныя» Зьміцер Кучук расказаў пра «нізкі статус», які яму далі ў турме. Ён расказаў пра тое, як адміністрацыя калёніі цісьне на палітвязьняў, абражае іх. Таксама ён прыгадаў чалавека з суседняй камэры, які пасьля падобнага ціску павесіўся. Але дакладнай інфармацыі Кучук не падае, ня можа пацьвердзіць, бо ён быў 7 дзён у галадоўцы, яму было кепска. Па турме распускалі чуткі пра тое, што Кучук нібыта падтрымліваў ЛГБТ-супольнасьць. Вельмі мала людзей падтрымлівала яго, большасьць зьняволеных настроілі супраць яго.

У турме Кучук сустрэўся з Алесем Бяляцкім. Адбылося гэта тады, калі Кучук ледзь апрытомнеў пасьля складанага моманту. Сустрэча адбылася ўжо пасьля вызваленьня з турмы Сяргея Ціханоўскага, бо менавіта Бяляцкі расказаў Кучуку пра гэта. Таксама Алесь Бяляцкі сказаў Зьмітру Кучуку, што перанёс апэрацыю на назе.

Мікола Дзядок
Мікола Дзядок

Мікола Дзядок пачаў сваю прамову з падзякаў на адрас Злучаных Штатаў, Эўразьвязу, Кабінэту Ціханоўскай. Ён адзначыў, што яго вельмі зьдзівіла стаўленьне ў аўтобусе адразу пасьля перасячэньня мяжы. Туды зайшоў лекар і спытаў, каму патрэбная нейкая дапамога. За гады ў турме ён адвык ад такога стаўленьня і падобных пытаньняў.

«Сьвет не ўяўляе ўсіх маштабаў таго, што адбываецца ў Беларусі. Я год правёў у штрафным ізалятары. Калі б людзі іншыя ўбачылі, што такое гэты штрафны ізалятар, яны бы падумалі, што апынуліся ў Сярэднявеччы. Я шматкроць прачынаўся сярод ночы, чуючы, як літаральна вылі дарослыя мужыкі. Яны не маглі заснуць ад страшнага холаду. Нехта думае, што катаваньні — гэта калі цябе ставяць на дугу і кляшчамі катуюць, а насамрэч гэтых людзей ні разу не пабілі. За гэтыя гады ў турме я пераканаўся, што людзей даводзяць да вар’яцтва, катуюць іншымі спосабамі.

Тактыка Нэльсана Мандэлы і Махатмы Гандзі зь негвалтоўным супрацівам у беларускіх умовах не працуе. Катаваньні працягваецца. Па тым, што цяпер адбываецца ў беларускіх турмах, гэтыя катаваньні, гэта будзе другі 1937-ы год, іх будуць вывучаць у школах, па іх будуць пісаць доктарскія дысэртацыі.

Зьвяртаюся да праваабаронцаў, журналістаў, усіх беларусаў, якія змагаліся за нас гэтыя гады. Калі ласка, не спыняйцеся, працягвайце ціск, гэта дазволіць людзям ня толькі вызваліцца з турмаў, але й проста застацца жывымі».

Ірына Слаўнікава
Ірына Слаўнікава

Журналістка Ірына Слаўнікава:

«Калі я пабачыла ўчора асобаў, якіх вызвалілі, то падумала, што нарэшце гэта зрушылася, і можна спадзявацца, што гэта ня скончыцца. Давайце памятаць, што на ПК-4 засталіся нашы жанчыны невераемныя. У тым ліку Маша Калесьнікава – яна такая ж прыгожая, з чырвонымі вуснамі».

Прафсаюзны лідэр Генадзь Фядыніч:

«Палітзьняволеных называюць звычайна „бэчэбэшнікамі“. Нас такіх садзяць у ШЫЗА па некалькі разоў, а тады можна атавартвацца ў краме на мінімум грошай. Гэта зьдзек… У Беларусі настаў час увесьці суды прысяжных. Трэба запрасіць туды замежных спэцыялістаў. Тады яны ўбачаць, што доказаў віны няма, а людзей судзяць».

Фядыніч расказаў, што пачаў у турме пісаць вершы, даслаў жонцы і яна ўхваліла, але ўсе вершы, усю перапіску ў КДБ забралі, калі вызвалялі. Згадаў вызваленьне: у апошнюю раніцу не пакармілі, далі толькі гарбату і па лыжцы кашы. Але людзі адмовіліся.

Аляксандр Ярашук: «У нас такая агульная гісторыя з Польшчай і Літвой. Але перад усім хачу нізна пакланіцца беларускаму народу за тое, што даў нам сілы выстаяць у нечалавечых умовах»

«Мы цудоўна ўсьведамлялі, што працягваем шматвекавую гісторыю беларускага народу. Сёньня Вольны хор сьпяваў „Магутны Божа“ і немагчыма не было не адчуць сувязь з нашай гісторыяй! Сёньня я бачыў здымак майго малодшага сына, які быў апрануты ў сукенку бацькі.

Шклоўская калёнія — гэта фабрыка катаваньняў, якую ўзначальвае міліцыянт Карніенка. Там мяне проста „адстрэльвалі“. Ужо ў першую ноч у ШЫЗА я думаў, што не перажыву тую ноч, а мне тады было 72 гады. Але як перажыў тую ноч, дык зразумеў, што ніхто больш ня зможа мяне перамагчы. Як выйшаў, то сказаў „пайшлі вы далёка-далёка!“ і засьпяваў. Чакаў нейкай рэакцыі, але міліцыянты маўчалі.

Учора я бачыў, як нас везьлі кадэбісты, не твары, толькі маскі-маскі. А чаго ж яны баяцца? Бо ведаюць, што давядзецца адказваць. Яны думаюць, што ашукалі нас і Трампа, але хачу вас запэўніць: мы вернемся ў Беларусь, бо мы сапраўдныя гаспадары сваёй краіны, і не пашкадуем сваіх жыцьцяў дзеля яе».

Ларыса Шчыракова адзначыла, што раней мала цікавілася палітыкай Злучаных Штатаў і кепска ставілася да Дональда Трампа, але цяпер назвала яго жартам «сваім прэзыдэнтам», адзначыўшы эфэктыўнасьць намаганьняў адміністрацыі ЗША наконт вызваленьня беларускіх палітвязьняў.

Яна ўспомніла вельмі цёплыя шкарпэткі, дасланыя ў турму, і просьценькія яблычкі, дасланыя з свайго саду ёй у калёнію.

«Страшна чуць, што адбываецца ў мужчынскіх калёніях. Жанчыны, паводле маёй інфармацыі, такога не зазнавалі. Са мною абыходзіліся нармальна. У мяне былі шматлікія парушэньні, нельга сказаць, што зь мяне зьдзекаваліся ў калёніі. Начальнік калёніі пагражаў мне „лёсам Бахвалавай“. Мяне каралі толькі пазбаўленьнямі спатканьняў. Жартавалі, што я пайду ў ШЫЗА, бо раней там не была, яны называлі гэта „недапрацовачкай“, але ў выніку нікуды не адпраўлялі».

За кратамі Ларыса займалася гішпанскай, францускай, італьянскай мовай. Нават заказвала за краты дапаможнік у гішпанскай мовы. Побач сядзела жанчына, якая жыла ў Італіі, і яна падказвала неабходныя словы і выразы. Каб папаўняць сваю лексыку, Шчыракова чытала подпісы на шампунях і касмэтыцы, а францускія словы засвойвала праз франкамоўныя ўстаўкі ў «Вайну і мір» Талстога.

Акрамя таго, пры 90% жанчынаў, якія курылі за кратамі, Ларыса займалася спортам. Гуляла ў шахматы, нарды, шашкі, вучыла іншых. Зладзіла паэтычную вечарыну.

«Сярод некаторых палітычных ёсьць фанабэрыстае стаўленьне, грэблівае, маўляў, мы інтэлектуалы, а перад іншымі мы ня будзем чытаць вершаў. А на вечарынек мы чыталі, напрыклад, Анатоля Сыса».

Ларыса Шчыракова назірала за паводзінамі людзей і на ўласным досьведам зьняпраўдзіла стэрэатып, маўляў, ніхто на зоне нічым ні з кім ня дзеліцца, не расказвае пра свае крымінальныя справы. Рэгулярна сьпявала, і яе гэта «ратавала».

Журналістка падзялілася, што ня можа дараваць рэжыму тое, што яны тварылі зь ёй, што ўплывала на сына. Сын бачыў гэта на ўласныя вочы, «маскі-шоў», пастаянныя візыты сілавікоў. Нават калі Шчыракову ўжо пасадзілі, міліцыянты дапытвалі сына, корпаліся ў ягоным кампутары, цягалі на розныя размовы. На адным допыце сын ужо ад стрэсу ня мог згадаць імя дзеда.

Аляксандар Манцэвіч расказаў, што зьняволены прафсаюзны дзеяч Вячаслаў Арэшка ў калёніі страціў зрок, амаль нічога ня бачыць, хаця раней чытаў кнігі. Цяпер, ідучы пад руку ў сталоўку, пытае, ці ёсьць на небе сонца. Спатыкаецца ўначы ў камэры, ідучы ў прыбіральню, бо нічога ня бачыць. Падае, б'ецца, у яго ідзе кроў. Лісты жонцы піша пад трафарэтку, якую яна яму дасылае.

Дзе Мікалай Статкевіч?

Мікалай Статкевіч адмовіўся пакідаць Рэспубліку Беларусь, ён выбіў дзьверы ў аўтобусе, пэўны час заставаўся на нэўтральнай паласе, а затым адправіўся назад. Што зь ім цяпер — невядома.

Астатніх палітвязьняў прывезьлі ў Вільню. Увечары 11 верасьня яны выйшлі з брамы амэрыканскага пасольства і сустрэліся з роднымі, блізкімі, палітыкамі, журналістамі. 12 верасьня ў Вільні зарганізавалі сустрэчу з прэсай з удзелам вызваленых.

Варта адзначыць, што шэраг палітвязьняў рэзка незадаволены тым, што іх вывезьлі з тэрыторыі Беларусі. Не ўзьяднаныя многія сем'і, шэраг вязьняў не дасядзеў да канца прысуджанага тэрміну лічаныя тыдні і месяцы.


Поўны сьпіс палітвязьняў, вызваленых у Беларусі 11 верасьня

1. Статкевіч Мікалай Віктаравіч, 12.08.1956 г. н.

2. Мацкевіч Уладзімер Уладзімеравіч, 14.05.1956 г. н.

3. Фядыніч Генадзь Фёдаравіч, 31.07.1957 г. н.

4. Ярашук Аляксандар Ільліч, 16.11.1951 г. н.

5. Дзядок Мікалай Аляксандравіч, 03.08.1988 г. н.

6. Кучук Дзьмітры Леанідавіч, 20.03.1974 г. н.

7. Дашкевіч Зьміцер Вячаслававіч, 20.07.1981 г. н.

8. Афнагель Яўген Юр'евіч, 07.02.1979 г. н.

9. Вінаградаў Павал Юр'евіч, 24.04.1988 г. н.

10. Вінярскі Максім Аляксандравіч, 28.07.1981 г. н.

11. Войніч Андрэй Сяргеевіч, 15.04.1981 г. н.

12. Спарыш Сяргей Сяргеевіч, 11.07.1986 г. н.

13. Дзербыш Галіна Іванаўна, 05.08.1961 г. н.

14. Лосік Ігар Аляксандравіч, 20.05.1992 г. н.

15. Мажэйка Павал Іванавіч, 25.05.1978 г. н.

16. Манцэвіч Аляксандар Барысавіч, 05.08.1958 г. н.

17. Цімашчук Алена Пятроўна, 26.06.1993 г. н.

18. Слаўнікава Ірына Аляксандраўна, 12.07.1970 г. н.

19. Шчыракова Ларыса Фёдараўна, 13.04.1973 г. н.

20. Падабед Павал Васільевіч, 13.05.1979 г. н.

21. Лазараў Вячаслаў Дзьмітрыевіч, 29.08.1976 г. н.

22. Меркіс Яўген Аляксандравіч, 08.11.1986 г. н.

23. Хіло Мікалай Мікалаевіч, 17.10.1983 г. н.

24. Дубскі Ільля Сяргеевіч, 23.03.1997 г. н.

25. Крылоў Андрэй Максімавіч, 15.10.1962 г. н.

26. Казлоў Дзьмітры Алегавіч, 26.04.1988 г. н.

27. Нікіценка Павал Міхайлавіч, 04.03.1987 г. н.

28. Бандарук Віталь Сяргеевіч, 18.02.1975 г. н.

29. Шафарэнка Якаў Аляксандравіч, 26.04.2000 г. н.

30. Сямёнаў Яўген Вітальевіч, 04.03.1986 г. н.

31. Гладкоўскі Глеб Уладзімеравіч, 06.05.1985 г. н.

32. Шубіч Сьвятаслаў Юр'евіч, 16.10.1991 г. н.

33. Сьцепанькоў Андрэй Леанідавіч, 05.12.1980 г. н.

34. Хвяскоеў Андрэй Сяргеевіч, 27.12.1997 г. н.

35. Сіленка Аляксей Дзьмітрыевіч, 22.07.1989 г. н.

36. Цяпцееў Ігар Аляксеевіч, 29.07.1986 г. н.

37. Уласенка Віктар Валер'евіч, 05.05.1987 г. н.

38. Рызапур Цімур Набі аглы, 14.03.1983 г. н.

Замежныя грамадзяне

Вялікая Брытанія:

39. Фэнэр Юлія Міхайлаўна, 15.02.1973 г. н.

Літва:

40. Раманаўскене Алена, 31.12.1964 г. н.

41. Чарняцевас Эдуардас, 27.06.1987 г. н.

42. Кавальчук Дзьмітрый, 12.03.1987 г. н.

43. Рымкус Томас, 03.10.1980 г. н.

44. Сакалоўская Данута, 10.03.1975 г. н.

45. Рыхцэр Генадзь, 29.04.1970 г. н.

Латвія:

46. Шумас Івас, 17.11.1989 г. н.

47. Асарс Эмілс, 18.09.2001 г. н.

Польшча:

48. Заневіч Кшыштаф, 06.08.1986 г. н.

49. Езутак Томаш Яцак, 12.09.1979 г. н.

Нямеччына:

50. Фос Карстэн, 21.03.1964 г. н.

51. Шміт Вальдэмар, 06.12.1982 г. н.

Францыя:

52. Расандэр Манюэль, 22.02.1979 г. н.

Каго вызвалілі раней

Гэта ня першае вызваленьне беларускіх палітвязьняў пры ўдзеле амэрыканскай дыпляматыі.

У выніку сустрэчы 21 чэрвеня пасланьніка прэзыдэнта ЗША Кіта Келага з Аляксандрам Лукашэнкам вызвалілі 14 палітвязьняў. Тады вызвалілі Сяргея Ціханоўскага, а таксама былога журналіста Радыё Свабода Ігара Карнея, выкладчыцу Натальлю Дуліну, актывіста анархісцкага руху Акіхіра Гаеўскага-Ханада, уладальніцу беларускага і швэдзкага грамадзянства Галіну Красьнянскую, фігуранта справы «Саюзу беларускага нацыянальнага шчыта» Кірыла Балахонава, бізнэсоўца Сяргея Шэлега.

Раней у 2025 годзе прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл наведваў Беларусь, вынікам чаго стала вызваленьне амэрыканскага грамадзяніна, палітвязьня Юрася Зянковіча.

12 лютага зь беларускіх турмаў вызвалілі журналіста Беларускай службы Радыё Свабода Андрэя Кузьнечыка, амэрыканскага грамадзяніна, імя якога не называецца, і шматдзетную маці Алену Маўшук.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG