Пра гэта і пра іншае мы гаворым з гісторыкам, дактарантам унівэрсытэту імя Францішка Палацкага ў Оламаўцы Паўлам Котавым, які займаецца гісторыяй Беларусі XV стагодзьдзя.
0:00 — хто стварыў Вялікае Княства Літоўскае?
2:50 — ці брала Русь удзел у стварэньні ВКЛ
5:22 — ці быў супольны балта-славянскі чын у стварэньні Вялікага Княства Літоўскага
9:00 — пра што нельга забывацца, гаворачы пра пачаткі ВКЛ
13:00 — чаму Востраўскае пагадненьне 1392 году з боку Вітаўта падпісалі толькі балты
18:42 — як Вітаўт ставіўся да праваслаўнай царквы
31:21 — які кампанэнт пераважаў у грамадзянскай вайне 1430-х гадоў у Вялікім Княстве Літоўскім
37:09 — што стаіць за словамі «Літоўскае, Рускае і Жамойцкае» ў назьве Вялікага княства
Фрагмэнт размовы вядоўцы Сяргея Абламейкі з Алегам Латышонкам:
— Выпускі нашага гістарычнага каналу выклікаюць ярасныя спрэчкі камэнтатараў. Напрыклад, пад апошняй гутаркай з Алегам Латышонкам пра ўзьнікненьне беларускай нацыі каля 450 камэнтароў. Таму перш чым перайсьці непасрэдна да стагодзьдзя, якім вы займаецеся, пара пытаньняў агульнага пляну. Першае пытаньне рубам — хто стварыў Вялікае Княства Літоўскае?
— Вялікае Княства Літоўскае стварыла супольнасьць Літва, якая зьвязаная з тэрыторыяй, што называецца ўласна Літва — Lithuania Propria, гэта ўсход сучаснай Літвы і захад сучаснай Беларусі. Я разумею, Што пад вашым пытаньнем гучыць, таму адказваю — гэта была збольшага балцкая супольнасьць. Хоць тады этнічнасьць ў цяперашнім разуменьні не была вызначальным фактарам і маркёрам. Для Сярэднявечча большую ролю адыгрывалі сувязі асабістыя, гарызантальныя, міжродавыя.
Але можна казаць, што ў сярэдзіне ХІІІ стагодзьдзя такая больш менш супольнасьць родаў, сем’яў знаці сфармавалася. І сярод іх вылучаліся роды, якія прэтэндавалі на ролю галоўных, лідэраў. Яны і паспрыялі ўзьнікненьню Вялікага Княства Літоўскага.
Адным з такіх кунігасаў быў Міндоўг. А потым, у канцы ХІІІ стагодзьдзя на зьмены прыходзіць род, які мы называем у літаратуры Гедзімінавічамі.
— Так што ваш адказ — супольнасьць Літва. Гэта сярэдзіна ХІІІ стагодзьдзя. Але мы ведаем, што на той час Полацак меў ужо кантакты зь Літвой і быў, можна сказаць, ужо пад уплывам Літвы. Некаторыя князі былі адтуль. Але ж у самі Полацку жыла іншая супольнасьць, як і ўва ўсім Полацкім княстве. Тое самае і ў Панямоньні. Таму атрымліваецца, што адразу пасьля стварэньня Вялікае Княства Літоўскае было адразу шматкампанэнтнае.
— Так, шматкампанэнтнае. І тут важна адзначыць адну рэч. Калі думаем, разважаем пра розныя дзяржаўныя структуры, пра іх узьнікненьне ў Сярэднявеччы, нам трэба пакінуць убаку сёньняшнія ўяўленьні аб тым, што такое дзяржава. Цяпер для нас дзяржава — гэта найперш інстытуцыі: урад, парлямэнт, сыстэма адукацыі са школамі, войска. Усё гэта такія канкрэтныя безасабовыя інстытуцыі. А дзяржава сярэднявечная — гэта патэстарныя, протадзяржаўныя структуры, збудаваныя больш на асабістых сувязях.
Па-другое, ёсьць шмат розных груп індывідуўмаў, у якіх могуць быць розныя інтарэсы, якія часова могуць супадаць, а пасьля не супадаць. У людзей можа быць рознае этнічнае паходжаньне, розныя веры. У пэўных выпадках яны могуць супрацоўнічаць. Таму калі мы гаворым пра раньняе Вялікае Княства Літоўскае, то, відаць, можна ўжыць, хоць і з нацяжкай, аналёгію сытуацыі паміж барбарскімі каралеўствамі франкаў і Рымскай імпэрыяй. Спачатку яны зьяўляюцца на вайсковай службе, як і полацкія князі выкарыстоўваюць літоўскія дружыны для сваіх мэтаў. Таксама мы бачым, што полацкія князі ўступаюць у шлюбныя сувязі зь прадстаўнікамі літоўскай супольнасьці. А потым у пэўны момант тая група пачынае кантраляваць тэрыторыю і для некаторых мясцовых іх стратэгія вырашэньня праблем выяўляецца ў прызнаньні за літоўскай супольнасьцю права такога кантролю.
— Вось менавіта да гэтага я вас і падводзіў. Да супольнага дзяржаўнага чыну. Усё ж штосьці там было супольнае, гэта адчуваецца.
— Гэта была зона кантактаў. Мы маем літоўцаў на тэрыторыі Полацкага княства, на тэрыторыі Менскага княства. Зь іншага боку цяпер падчас археалягічных раскопак знаходзяць праваслаўныя старажытнасьці на тэрыторыі ўласна Літвы (праўда, невядома, гэта славяне ці мясцовыя балты, якія перанялі рэлігію і культуру Русі). Так ці іначай, гэтыя кантакты былі. Як напісаў адзін беларускі гісторык, для жыхароў Наваградку літоўскі князь ня быў чымсьці невядомым. Так што, так, там была ўжо гісторыя кантактаў і супрацоўніцтва.
Вядома, кантакты мелі розны характар. Нельга адмаўляць фактар ваеннага ціску. Зь іншага боку, каб некага падпарадкаваць, неабавязкова яго заваёўваць, часам дастаткова зрабіць прапанову, ад якой немагчыма адмовіцца, або якая выгадная мясцовым элітам.
І там наогул шмат прыкладаў. Мы мае аднаго літоўскага князя, у якога траекторыя бала такая: служылы князь у Ноўгарадзе, потым у Жамойці. З пункту гледжаньня прадстаўніка літоўскага княскага роду ягоная мэта — ўлада, пашырэньне кола сваіх прыхільнікаў, але ён гэта мог рэалізоўваць на тэрыторыі суседзяў.
Зь іншага боку мы бачым жыхароў суседніх княстваў, на тэрыторыі Беларусі, якія пэўным чынам супрацоўнічаюць зь літоўцамі. У Галіцка-Валынскім летапісе ёсьць згадка, як літоўцы ідуць паходам, супраць іх робіцца засада, але пра засаду папярэджвае пінскі князь. Хоць пасьля да саміх пінян гэтая літоўская вайсковая выправа паставілася ня надта добра.
Так што ўнутры гэтых княстваў былі розныя групы і ў іх былі розныя жыцьцёвыя стратэгіі, якія маглі перасякацца зь літоўскімі.
Зноў жа маем прыклад літоўскім князёў, якія ідуць як служылыя ў Пскоў, гэта Даўмонт. Ён не захапіў Пскоў, але як князь са сваёй дружынай быў карысны пскавянам.
Так што тут розныя гістарыяграфіі робіць націск на розныя рэчы. Белар
усы будуць больш падкрэсьліваць гэтае супрацоўніцтва, а літоўцы будуць больш падкрэсьліваць уласны імпульс і сілавы фактар.
— У шматлікіх гутарках з гісторыкамі на нашым канале, здаецца, мы ўжо далі гледачам і слухачам дастаткова інфармацыі, каб у іх сфармавалася разуменьне таго, што тады, у ХІІІ стагодзьдзі, адбывалася. Гэта былі складаныя працэсы, але нашым продкі бралі ў іх удзел, прычым з розных бакоў, бо беларусы паходзяць ня толькі ад славян, але і ад славянізаваных балтаў. І калі мы гаворым пра гэта, то не павінны забываць пра канфэсійныя пытаньні, пра культуру і мову. Бо адразу пры стварэньні Вялікага Княства Літоўскага былі розныя культурныя кампанэнты. Ва ўсходняй частцы дзяржавы амаль 300 гадоў ужо было хрысьціянства. Былі і наша мова і культура. Мы ведаем, што беларуская мова ўзьнікла ў VIII — IX стагодзьдзях. Ня ведаю, як вучылі вас на гістфаку БДУ, але калі вучыўся я, нам ужо на першым курсе казалі, што першы пісьмовы дакумэнта, у якім зьявіліся асаблівасьці беларускай мовы — гэта гандлёвая дамова Смаленску з Рыгай 1229 году. А вось цяпер з дасьледаваньняў графіці на сьценаў полацкай Спаса-Эўфрасіньеўскай царквы мы ведаем, што асаблівасьці беларускай мовы праявіліся ўжо і там. Так што гэта ўсё ўжо было. Адпаведна яно ўсё прысутнічала пры стварэньні той дзяржавы, пра якую мы гаворым. Як і шматканфэсійнасьць, прынамсі паганства і хрысьціянства. Пра гэта ўсё, відаць, таксама нельга забываць.
— Я б нават сказаў, што шматканфэсійнасьць — гэта ўласьцівасьць Вялікага Княства Літоўскага. Я трэба сказаць, што мы ў Беларусі найбольш падкрэсьліваем фактар шматкультурнасьці і шматканфэсійнасьці. Я вось чытаў кніжку Русьціса Камунтавічуса, яна цяпер перакладаецца на беларускую мову. Гэта вельмі важная кніга, бо там даецца параўнаньне беларускага і літоўскага погляду, і для беларусаў будзе карысна зразумець літоўцаў, для якіх ёсьць такое прыгожае параўнаньне: літоўскі школьнік бачыць вялікі і прыгожы арэал засяленьня балтаў, які паступова зьмяншаецца. Гэта значыць, уся гісторыя — гэта зьмяншэньне гэтага арэалу. А Вялікае Княства Літоўскае — гэта той пэрыяд, калі літоўцы выступілі і змаглі нешта проціпаставіць славянскаму націску. У той жа час Камунтавічус у захапленьні ад таго, як беларусы абсарбуюць розныя культуры, і яны становяцца нашай часткай.
Таму сапраўды — шматкультурнасьць і шматканфэсійнасьць. Здаецца, ужо ў ірляндзкім лацінскім творы ХІІІ стагодзьдзя «Incipiunt descriptiones terrarum», дзе згадваецца Alba Ruscia (Белая Русь), ёсьць таксама згадка пра хрысьціянства ў літоўцаў. Пішацца, што іх маткі-карміцелькі зьяўляюцца хрысьціянкамі. Гэта паказвае на адпаведныя сувязі. Ну і зноў жа археалёгія Вільні ці Крэва паказвае на суіснаваньне хрысьціянскага насельніцтва з паганскім [...].
— Давайце мы яшчэ раз зьвернемся да зацікаўленьняў шматлікіх камэнтатараў нашага ютуб-каналу, да ўсіх гэтых спрэчак пра русінаў і літвінаў. Калі мы гаворым пра XV — пачатак XVІ стагодзьдзяў, то што стаіць за азначэньнямі ў назьве «Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае»?
— Я б тут бачыў тэрыторыі, за гэтымі азначэньнямі стаяць тэрыторыі. У часы Гедзіміна гэта князь абвяшчае сябе ўладаром літоўцаў і русінаў. Мы ж ведаем, што мяжа паміж Русьсю і Літвой, як рэгіёнаў, перамяшчаецца. У XIV стагодзьдзі Менск, напрыклад, яшчэ Русь, а ў канцы XIV стагодзьдзя ён ужо ў Літве. Але зноў жа ня ўсе, хто жыў у Літве, былі літвінамі. Гэтая мяжа расплывістая, дынамічная, і яна не адпавядае ні адміністрацыйнаму падзелу, ні этнічнаму, ні канфэсійнаму. Але менавіта тэрміны «Літва» і «Русь» былі тымі азначэньнямі, якімі тыя рэгіёны і можна было абазначыць.
Плюс далучаецца Жамойць, якая ўваходзіць у княства даволі позна, бо была перададзеная Ордэну. За яе ваяваў Вітаўт, і з 1422 году яна ўжо прызнаецца за Вітаўтам. Але яна ўсё яшчэ мела асаблівы статус, бо жамойты маглі выбіраць свайго старасту.
Безумоўна, існавалі літоўцы, існавалі жамойты, існавалі тыя, хто вызначаў сябе русінамі, але па-першае, межы паміж тымі групамі насельніцтва вызначыць цяжка, а па-другое, яны не супадалі з адміністрацыйнымі межамі.
Слухаць гутаркі пра гісторыю вы таксама можаце і на ўсіх папулярных падкаст-плятформах:
«Гісторыя на Свабодзе». Дзе глядзець і слухаць
Вакол Беларусі ідзе вайна гісторыяў. Апанэнты страляюць ня толькі ракетамі і снарадамі, але і гістарычнымі аргумэнтамі. Мінулае Беларусі, Эўропы і сьвету вачыма беларусаў — у праекце «Гісторыя на Свабодзе».
Новыя выпускі выходзяць раз на тыдзень, па серадах.
Як глядзець на YouTube
Падпішыцеся на наш адмысловы YouTube-канал «Гісторыя на Свабодзе», каб не прапусьціць ніводнага выпуску.
Як слухаць падкаст
Калі вам зручней слухаць, а не глядзець, наш праект дасяжны на асноўных падкаст-плятформах. Выберыце тую, якая падыходзіць менавіта вам.
Чароўная спасылка – клікнуўшы на яе, вы аўтаматычна трапіце на адну з папулярных плятформаў.
Форум