Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Кібэрпартызаны»: Расея працягвае вэрбаваць на вайну беларусаў, якія адбываюць пакараньні ў расейскіх турмах


Зьнішчаная падчас баёў за Гастомель расейская БМД-2. Фота 4 сакавіка 2022 году апублікавала Міністэрства абароны Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота
Зьнішчаная падчас баёў за Гастомель расейская БМД-2. Фота 4 сакавіка 2022 году апублікавала Міністэрства абароны Ўкраіны. Ілюстрацыйнае фота

Беларуская ініцыятыва хакер-актывістаў «Кібэрпартызаны» прааналізавала апублікаваны ўкраінскім праектам «Хачу жыць» пералік грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі супраць Украіны.

«Праект выклаў сьпіс з 596 асобаў. Зь іх 8 наймітаў ужо былі ў папярэднім сьпісе, іншыя — новыя. 575 чалавек з агульнага сьпісу на момант 2021 году сапраўды мелі грамадзянства Беларусі», — адзначаецца ў паведамленьні ініцыятывы.

Згодна зь інфармацыяй «Кібэрпартызанаў», большасьць зь іх — прыблізна 57% — на момант 2021 году мелі судзімасьці або знаходзіліся ў вышуку. Шмат хто зь іх ужо даўно не працавалі на тэрыторыі Беларусі. Усе падпісалі кантракты з расейскай арміяй у 2025 годзе.

«Такім чынам, выходзіць, асноўны набор агрэсар па-ранейшаму вядзе сярод былых і цяперашніх зьняволеных. Імаверна, як і з папярэднім сьпісам частка наймітаў да вэрбаваньня стала пражывалі або адбывалі пакараньне па крымінальных артыкулах на тэрыторыі Расеі», — рэзюмавалі «Кібэрпартызаны».

Трэцяга верасьня ўкраінскі праект «Хачу жыць», які вядзе Каардынацыйны штаб Украіны ў пытаньнях абыходжаньня з ваеннапалоннымі, апублікаваў прозьвішчы яшчэ 596 грамадзян Беларусі, якія ваююць на баку Расеі. Згодна з інфармацыяй праекту, усе яны падпісалі кантракт з расейскім войскам у першыя шэсьць месяцаў 2025 году.


  • Улады Беларусі падтрымалі агрэсію Расеі 24 лютага 2022 году, дазволіўшы скарыстаць вайсковую інфраструктуру і паветраную прастору Беларусі для ўварваньня расейскай арміі і абстрэлаў мірных гарадоў Украіны.
  • Паводле крытэраў Жэнэўскай канвэнцыі, Беларусь ня ёсьць удзельніцай расейскай агрэсіі супраць Украіны, бо беларускіх Узброеных сілаў на тэрыторыі Ўкраіны няма. Аднак пры наяўнасьці іншых доказаў (дапамога вайсковай прамысловасьці, лячэньне параненых расейскіх вайскоўцаў) міжнародны суд можа прызнаць Беларусь суагрэсаркай.
  • У той жа час грамадзяне Беларусі ваююць на баку як Расеі, гэтак і Ўкраіны. Дакладная іх колькасьць невядомая.
  • За гэты час ва Ўкраіне, паводле розных ацэнак, загінулі больш за 80 грамадзян Беларусі і этнічных беларусаў з украінскім грамадзянствам, якія змагаліся супраць Расеі (імёнаў шэрагу загінулых не называюць дзеля бясьпекі іхных сваякоў у Беларусі. — РС), а таксама больш за 100 тых, хто ваяваў на баку Расеі.

Форум

Камэнтаваць тут можна праз Disqus. Калі вы ў Беларусі, любы камэнтар можа быць падставай для перасьледу з боку ўладаў.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава
XS
SM
MD
LG