Працягваецца пошук таго, хто страляў, невядомыя яго матывы, але палітыкі і камэнтатары сыходзяцца ў ацэнках і называюць тое, што здарылася, палітычным забойствам, піша Юры Жыгалкін з Расейскай службы Радыё Свабода.
31-гадовы Чарлі Кэрк, як згаджаюцца нават ягоныя апанэнты, быў вундэркіндам амэрыканскай палітыкі. Яго не цікавіла палітычная кар’ера як такая, яго імя ніколі не зьяўлялася ў сьпісах кандыдатаў на прыкметныя палітычныя пасады, хаця пратэжэ маладога кансэрватыўнага рэспубліканца былі абраныя ў Кангрэс і атрымалі важныя пасады ў адміністрацыі Трампа. Кэрк паставіў перад сабой значна больш грандыёзную задачу.
«Мы хочам трансфармаваць культуру», — растлумачыў ён у адным са сваіх нядаўніх інтэрвію. І мэтадычна ажыцьцяўляў задуманае.
Чарлі Кэрку было 18 гадоў, калі ён арганізаваў некамэрцыйную арганізацыю Turning Point USA, якая, паводле яго слоў, павінна была даць кансэрватыўны адказ шматлікім левалібэральным галасам. Сацыяльныя сеткі сталі плятформай, якая дазволіла маладому актывісту прадэманстраваць талент прамоўцы, трыбуна, здольнасьць знайсьці агульную мову з моладзевай аўдыторыяй, неўзабаве заўважаную палітычнымі донарамі Рэспубліканскай партыі і Дональдам Трампам-малодшым, сынам цяперашняга прэзыдэнта.
Фінансавая падтрымка дапамагла яму і яго арганізацыі знайсьці новыя формы зносін з моладзьдзю, асабліва студэнцкай. Легендарнымі сталі публічныя дэбаты Кэрка, якія праводзяцца ў студэнцкіх мястэчках па ўсёй краіне, падчас якіх ён выступаў з кансэрватыўных пазыцый, спрачаючыся са сваімі лібэральнымі апанэнтамі і не цураючыся часам правакацыйных выказваньняў.
Чарлі Кэрк быў забіты падчас дэбатаў. Згодна з відэазапісам, за некалькі імгненьняў да стрэлу ён адказваў на пытаньне аб масавых забойствах, нібыта ўчыненых трансгендэрамі. Відэакліпы яго слоўных баталій мелі мільённыя прагляды. У яго сайта было больш за пяць мільёнаў падпісчыкаў. Яго арганізацыя Turning Point USA актыўна адкрывала адзьдзяленьні ва ўнівэрсытэтах і каледжах, якія сталі цэнтрамі прыцягненьня студэнтаў з кансэрватыўнымі поглядамі.
Чарлі Кэрк на дэбатах у Юце за некалькі хвілін да сьмерці, 10 верасьня 2025
Многія погляды і выказваньні Кэрка былі неадназначнымі і палемічнымі.
У прыватнасьці, ён называў амэрыканскія ўнівэрсытэты «ачагамі таталітарызму», сьцьвярджаючы, што там адназначна дамінуюць прыхільнікі левалібэральных ідэй. Падчас пандэміі каранавіруса Чарлі Кэрк падзяляў некаторыя ўзьніклыя тады тэорыі змовы. У пытаньнях міграцыі прытрымліваўся тэорыі «вялікага замяшчэньня». Адзін час Кэрк выступаў з рэзкай крытыкай Марціна Лютэра Кінга, легендарнага змагара за правы афраамэрыканцаў, па злой іроніі лёсу таксама застрэленага падчас аднаго са сваіх публічных выступаў у 1968 годзе.
Кэрк прапагандаваў «хрысьціянскую палітыку», як і многія актывісты гэтага палітычнага лягера, быў перакананым праціўнікам абортаў. Чарлі Кэрк быў адным з самых прыкметных у мэдыйнай прасторы прыхільнікаў і паплечнікаў Дональда Трампа, з гонарам называў сябе сябрам руху MAGA (Make America great again — «Зробім Амэрыку зноў вялікай»).
«Наш рух не замарудзіцца, — абвясьціў ён на мітынгу ў Фініксе некалькі месяцаў таму. Гэтыя выбары — крок на шляху да канчатковай мэты, на шляху да вяртаньня Амэрыцы былой велічы».
Блізкая дэмакратам New York Times зь відавочнай павагай, але не без сарказму піша пра яго як пра «захапляльнага аратара, надзвычай адоранага ўдзельніка дэбатаў», які быў здольны «ўнесьці яснасьць у часта складаныя з пункту гледжаньня лёгікі заявы прэзыдэнта». Кэрк быў блізкі прэзыдэнту Трампу, ён быў частым госьцем у Белым доме.
«Ніхто не разумеў, ніхто не адчуваў сэрцам амэрыканскую моладзь лепш, чым Чарлі. Яго любілі, ім захапляліся ўсе, асабліва я. І зараз яго з намі няма», — напісаў Дональд Трамп на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы Truth Social.
Нямала камэнтатараў аддаюць належнае Чарлі Кэрку і актыўнай арганізацыйнай дзейнасьці яго арганізацыі Turning Point USA па прыцягненьню на бок рэспубліканцаў маладых выбаршчыкаў. На мінулых прэзыдэнцкіх выбарах каля 46 працэнтаў выбаршчыкаў да 29 гадоў прагаласавалі за Дональда Трампа, у той час як у папярэднія 16 гадоў за рэспубліканскіх кандыдатаў галасавала ня больш за 40 працэнтаў моладзі.
Ускосным прызнаньнем яго вагі ў Рэспубліканскай партыі быў уплыў Кэрка на прызначэньне вядомых фігур у адміністрацыі Дональда Трампа. Па зьвестках CNN, Кэрк пераконваў Трампа выбраць Дж.Д. Вэнса на ролю віцэ-прэзыдэнта. Кэрк, паводле New York Times, таксама пачаў кампанію ў падтрымку прызначэньня Піта Гэґсэта міністрам абароны.
Многія вядомыя амэрыканскія палітыкі асудзілі забойства Чарлі Кэрка.
«Змрочным момантам для Амэрыкі» назваў яго прэзыдэнт Трамп, які выступіў са зваротам да краіны. Ён заклікаў амэрыканцаў і сродкі інфармацыі «прызнаць факт, што гвалт і забойства зьяўляюцца трагічнымі наступствамі дэманізацыі з дня ў дзень, з года ў год тых, з кім вы ня згодныя».
Былы прэзыдэнт ЗША Джо Байдэн напісаў на сваёй старонцы ў сетцы X аб тым, што «ў нашым грамадзтве не павінна быць месца падобнаму гвалту, яно павінна спыніцца». Амэрыканскія камэнтатары кажуць аб росьце палітычнага гвалту як аб фэномэне апошніх гадоў.
Аб’ектам двух замахаў у мінулым годзе быў Дональд Трамп. Некалькі месяцаў таму ахвярай замаху стала ганаровы сьпікер заканадаўчага сходу Мінэсоты Мэліса Гортман. Абʼектамі пагроз сталі некалькі чальцоў Кангрэсу і судзьдзяў. У 2017 годзе ў выніку замаху быў паранены кангрэсмэн Стыў Скаліз, шасьцю гадамі раней цяжка паранена чалец Кангрэса Габрыел Гіфардс. Як і прэзыдэнт Трамп, многія палітыкі заклікаюць зьнізіць градус палітычнай рыторыкі, але гэтыя заклікі пакуль застаюцца не пачутымі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША стралялі ў кансэрватыўнага актывіста Чарлі Кэрка. Ён памёр ад раненьняў