ФБР апублікавала фота чалавека, якога шукаюць у рамках расьсьледаваньня забойства Кэрка

Здымкі, апублікаваныя ФБР 11 верасьня 2025

Сьледзтва ня кажа, што гэты чалавек зьяўляецца меркаваным стралком.

Фэдэральнае бюро расьсьледаваньняў (ФБР) ЗША 11 верасьня апублікавала фота чалавека, якога ахарактарызавалі як «асобу, якая прадстаўляе цікавасьць» у сувязі з забойствам кансэрватыўнага актывіста, прыхільніка прэзыдэнта Трампа Чарлі Кэрка.

Супрацоўнікі ФБР у Солт-Лэйк-Сіці не сказалі, што чалавек на здымках зьяўляецца меркаваным стралком. Фэдэральнае агенцтва апублікавала дзьве фатаграфіі чалавека ў штанах, чорнай кашулі з доўгімі рукавамі, кепцы і сонцаахоўных акулярах, адзначае Reuters.

Раней прадстаўнікі сьледзтва паведамілі, што знайшлі вінтоўку, якая на іх думку, выкарыстоўвалася для стральбы па Кэрку. Падазраванага ў забойстве актывіста яны апісалі як чалавека студэнцкага ўзросту.

31-гадовы Чарлі Кэрк, вядучы папулярнага падкасту і радыёпраграмы «The Charlie Kirk Show», які лічыўся блізкім саюзьнікам прэзыдэнта ЗША Дональда Трампа, у сераду 10 верасьня быў забіты стрэлам у шыю з агнястрэльнай зброі. У гэты момант Кэрк выступаў ва ўнівэрсытэце штата Юта. Дональд Трамп назваў гэтае злачынства «жахлівым».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У ЗША стралялі ў кансэрватыўнага актывіста Чарлі Кэрка. Ён памёр ад раненьняў

Кэрк лічыцца адным з тых, хто дапамог Рэспубліканскай партыі і Трампу заручыцца падтрымкай маладых выбаршчыкаў. У чацьвер на памятным мерапрыемстве ў Пэнтагоне з нагоды 24-й гадавіны тэрактаў 11 верасьня Трамп аб’явіў, што пасьмяротна ўзнагародзіць Кэрка Прэзыдэнцкім мэдалём Свабоды. Гэта адна з дзьвюх найвышэйшых узнагарод ЗША для грамадзянскіх асоб, якая ўручаецца па рашэньню кіраўніка дзяржавы.

Чарлі Кэрк, архіўнае фота

ФБР і прадстаўнікі штата заявілі, што стралок, як мяркуецца, прыбыў у кампус за некалькі хвілін да пачатку мітынгу. Чарлі Кэрк выступаў на адкрытым паветры перад прыкладна 3000 чалавек ва Ўнівэрсытэце даліны Юта. На запісе з камэр назіраньня бачна, як узброены чалавек падымаецца па лесьвіцы на дах, перш чым стрэліць у Кэрка, паведамілі прадстаўнікі ўладаў на прэс-канфэрэнцыі.

Пасьля стралок саскочыў з даху і зьнік у суседнім раёне. Пошукі нападніка да гэтага часу працягваюцца.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Змрочны момант для Амэрыкі». Што вядома пра забітага Чарлі Кэрка, вядомага прыхільніка Трампа