Прэм’ерка Літвы: у пытаньні санкцыяў адносна беларускіх угнаеньняў мы будзем непахіснымі

Інга Ругінене

Кіраўніца літоўскага ўраду Літвы Інга Ругінене заявіла, што Вільня застанецца непахіснай у пытаньні забароны на транзыт беларускіх калійных угнаеньняў, нават калі на Літву будзе ўчынены ціск з боку ЗША.

«Калі мы ня пойдзем далей і ня будзем ціснуць наконт санкцыяў і жорсткага падыходу да агрэсара, будзе дрэнна. Магчыма, ЗША будуць ціснуць, але, думаю, мы тут непахісныя», — прыводзіць яе словы тэлеканал LRT.

Ругінене адзначыла, што нязгодная са зьмякчэньнем санкцыяў супраць Беларусі і Расеі, і лічыць, што яны павінныя ўзмацняцца.

«Я проста лічу, што пакет санкцыяў павінен рабіцца больш жорсткім», — заявіла літоўская прэмʼерка.

На пытаньне, ці можа зьмякчэньне санкцыяў стаць прадметам абмеркаваньня на перамовах аб далейшым знаходжаньні амэрыканскіх войскаў у Літве ці, магчыма, аб павелічэньні іх колькасьці, Ругінене адказала: «Безумоўна, пра гэта можна было б размаўляць».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка прыдумаў, як можна абысьці замежныя санкцыі на продаж беларускіх угнаеньняў

Намесьнік спэцпрадстаўніка прэзыдэнта ЗША Джон Коўл заявіў на перамовах з Аляксандрам Лукашэнкам 11 верасьня ў Менску, што ЗША зьнялі санкцыі з беларускай кампаніі «Белавія». Раней Лукашэнка заяўляў, што Менск зацікаўлены ў скасаваньні амэрыканскіх санкцыяў на экспарт зь Беларусі калійных угнаеньняў.

Самы кароткі шлях іх экспарту — празь літоўскі порт у Клапедзе. Аднак такі шлях транзыту забаронены санкцыямі, уведзенымі адносна Беларусі Эўразьвязам. І Літва выступае за іх захаваньне.