«Учора рэжым Лукашэнкі адправіў на мяжу 52-х вызваленых палітычных зьняволеных. Ужо пасьля размоў зь першымі зь іх, нам стала вядома, што перад дэпартацыяй у некаторых забралі пашпарты, а ў Мікалая Дзядка супрацоўнікі КДБ і зусім яго парвалі», — гаворыцца ў заяве.
«Паводле наяўнай інфармацыі, супрацоўнікі КДБ непасрэдна перад выездам канфіскавалі пашпарты, замест якіх ім выдалі толькі часовыя паперы фармату А4, якія ня маюць прыкметаў паўнавартаснага дакумэнту, што сьведчыць асобу. Такая практыка рэжыму Лукашэнкі наўпрост супярэчыць міжнародным абавязаньням Беларусі ў галіне правоў чалавека», — заявілі ў У Офісе Ціханоўскай.
Становішча з пашпартамі пракамэнтаваў дарадца Ціханоўскай у прававых пытаньнях Леанід Марозаў.
«Людзей пазбавілі іхных нацыянальных пашпартоў і гвалтоўна дэпартавалі. Гэта ня толькі грубае прыніжэньне чалавечай годнасьці, але й парушэньне базавых правоў чалавека і нормаў міжнароднага права. Беларусь, як краіна падпісала Міжнародны пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, абавязаная забясьпечваць свабоду перамяшчэньня і паважаць права на грамадзянства. Я разглядаю гэтую практыку як патэнцыйнае парушэньне, якое падпадае пад вызначэньне гвалтоўнага перамяшчэньня насельніцтва, прадугледжанага Рымскім статутам. Гэта павінна атрымаць міжнародную прававую ацэнку».
Зараз Офіс Ціханоўскай удакладняе ўсе дэталі і мае намер прыцягнуць увагу міжнародных арганізацый да гэтай практыкі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Яшчэ ўчора я быў у Наваполацку ў ШЫЗА». Журналіст Свабоды Ігар Лосік вызвалены пасьля больш як пяці год за кратамі ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Журналісты, актывісты, філёзаф. Хто сярод вызваленых 11 верасьня