Лукашэнка паабяцаў «устаканіць» сытуацыю пасьля «мяцяжу 2020 году» і больш не дапусьціць дэфіцыту бульбы

Аляксандар Лукашэнка. Архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка паабяцаў грамадзянам Беларусі, што «ўстаканіць» сытуацыю ў краіне пасьля мяцяжу 2020 году і не дапусьціць новага дэфіцыту бульбы, як гэта адбылося вясной 2025 году.

Адначасова, як паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА, на цырымоніі адкрыцьця пасьля рэканструкцыі гісторыка-культурнага комплексу «Лошыцкі», Лукашэнка заклікаў беларусаў «працаваць на сваім месцы».

«Вы малайцы. Мы з вамі ў 2020 годзе перажылі мяцеж. Разумелі, што магло б быць. Цяпер вы разумееце, гледзячы на Ўкраіну. А мне даводзіцца штодзень з гэтым працаваць. Ведаеце, амэрыканская дэлегацыя ў нас рэгулярна тут бывае. Мы зь імі вядзем пэўныя перамовы. Мы ўстаканім сытуацыю. Зробім так, як гэта патрэбна для нам. І не кажыце, што „мы вось маленькая такая рэспубліка, м нічога ня можам“. Гэта не залежыць ад памеру — маленькая, вялікая і гэтак далей. Цяпер гэта залежыць ад таго, наколькі мы адзіныя і наколькі мы хочам жыць на сваёй зямлі, каб намі не кіравалі», — заявіў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных. Хто сярод іх?

Апроч таго, ён паведаміў, што сёлета агульны аб’ём сабранага збожжа, кукурузы і рапсу дасягне 11 мільёнаў тон, а гэта дазволіць пазьбегнуць дэфіцыту прадукцыі, як гэта адбылося вясной 2025 году.

«Гэта вельмі шмат. Рэдка якая краіна зьбірае на душу насельніцтва столькі хлябоў. Гэта значыць, будзем з хлебам», — заявіў ён.

Паводле яго, бульбы таксама сабралі дастаткова, каб цалкам закрыць унутраныя патрэбы і яшчэ пастаўляць яе на замежныя рынкі. Лукашэнка дадаў, што сытуацыю з дэфіцытам бульбы вясной «прааналізавалі». «Мы ведаем і больш не дапусьцім», — паабяцаў Лукашэнка.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Урад назваў фэрмэраў вінаватымі ў сёлетнім дэфіцыце бульбы ў Беларусі