У свой час Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю рэкамендавала суб’ектам гаспадараньня па магчымасьці выкарыстоўваць беларускую або расейскую мову ў назвах крамаў, установаў і рэклямных матэрыялах, уключна з шыльдамі, рэклямай на транспарце і іншых рэклямных носьбітах, а выкарыстаньня замежных словаў і выразаў пазьбягаць.
У якасьці аднаго з мэханізмаў рэалізацыі канцэпцыі «зацьвярджэньня традыцыйных каштоўнасьцяў беларускага народу» прадугледжана скарачэньне выкарыстаньня замежных словаў, у тым ліку абрэвіятураў, у назвах гандлёвых марак.
Газэта «Зьвязда» піша, што некалькі месяцаў таму ў шэрагу буйных гарадоў краіны адкрылася дастаўка сушы і ролаў ад кампаніі, у назьве якой прысутнічае ненарматыўная лексіка. Праўда, беларускае прадстаўніцтва кампаніі адразу ж вымусілі зьмяніць назву. Аднак у адрасах інтэрнэт-рэсурсаў і беларускім меню засталася фірмовая назва ад матчынай сеткі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Стала вядома, колькі людзей за паўгода аштрафавалі за завышэньне цэнаў і недахоп беларускіх тавараўНа думку МАРГ, дзеяньні суб’ектаў гаспадараньня ў гэтых выпадках накіраваныя на прыцягненьне ўвагі спажыўцоў за кошт правакацыі, якая стварае сацыяльную напружанасьць і выклікае ў грамадзян нэгатыўныя эмоцыі. Гэта адмоўна адбіваецца на рэнамэ прадпрыемстваў гандлю і грамадзкага харчаваньня, падрывае давер да галіны агулам.
Напрыклад, пэўны час таму ў Міністэрстве антыманапольнага рэгуляваньня і гандлю разглядалі пытаньне этычнасьці назвы аднаго з аб’ектаў эўфэмізмам, калі ненарматыўная лексіка маскуецца пад фантазійнае слова, аднак лаянкавы сэнс пры гэтым не губляецца. Разьмяшчэньне шыльдаў з такой назвай можна спыніць толькі на падставе заканадаўства аб рэкляме, бо выкарыстаньне амаральных словаў на сродках вонкавай рэклямы прызналі неэтычным.
Як паведамілі ў прэс-службе МАРГ, рыхтуюцца правілы продажу асобных відаў тавараў і ажыцьцяўленьня паслуг грамадзкага харчаваньня. У іх будуць прапісаныя зьмены, якія не дапускаюць выкарыстаньне ў назьве аб’ектаў гандлю і грамадзкага харчаваньня, прадукцыі і паслуг словаў (групы словаў), што парушаюць агульнапрынятыя нормы маралі, у тым ліку ненарматыўную лексіку.
Зафіксаваныя таксама скаргі на продаж прадукцыі або паслугаў, у назьве якіх рабіўся акцэнт на сэксуальную тэматыку і крымінальны жаргон.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Міжнародны саюз беларускіх пісьменьнікаў: у першай палове 2025 году русыфікацыйныя працэсы ў Беларусі ўзмацніліся