Дакумэнт, на які зьвярнула ўвагу выданьне Reform.news, апублікавалі на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі.
Як вынікае з паведамленьня Палаты прадстаўнікоў, гэты законапраект 30 ліпеня абмеркавалі на пасяджэньні экспэртнай рады пры Савеце рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі.
Законапраект прадугледжвае абавязковую дактыляскапію пры выдачы дакумэнтаў для грамадзян Беларусі ва ўзросьце ад 14 да 75 гадоў, якія набылі грамадзянства замежнай краіны або дазвол на пражываньне ці іншы дакумэнт, які надае права на льготы і іншыя перавагі ў сувязі з палітычнымі і рэлігійнымі поглядамі або на падставе нацыянальнай прыналежнасьці.
Таксама здаваць адбіткі пальцаў абавяжуць грамадзян Беларусі, якія стала жывуць за мяжой і знаходзяцца на консульскім уліку ў беларускіх консульствах.
Дактыляскапію зробяць абавязковай і для іншаземных грамадзян, які зьвярнуліся па атрыманьне статусу ўцекача ў Беларусі або па дазвол на часовае ці сталае пражываньне на беларускай тэрыторыі.
Раней заканадаўства Беларусі абавязвала здаваць адбіткі пальцаў толькі тых іншаземцаў і асобаў без грамадзянства, якія былі ўключаныя ў сьпіс непажаданых асобаў або тых, каго дэпартавалі ў іншыя краіны.
Абавязковую дактыляскапію плянуюць увесьці для людзей, якія на момант высьвятленьня іх асобы праз стан здароўя або ўзрост ня могуць паведаміць зьвесткі пра сябе бо адмаўляюцца гэта зрабіць.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусаў замежжа абавяжуць паведамляць пра рэгістрацыю шлюбу і нараджэньне дзяцей