Прадстаўнік прэзыдэнта ЗША Джон Коўл на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам у Менску абвясьціў пра скасаваньне санкцыяў супраць авіякампаніі «Белавія», а пасьля сустрэчы сказаў пра намер аднавіць дзейнасьць амэрыканскай амбасады ў Менску, паведаміла дзяржаўнае агенцтва БелТА.
Пры гэтым, адказваючы на пытаньне беларускіх дзяржаўных СМІ, Коўл дадаў, што канкрэтныя тэрміны аднаўленьня працы амбасады пакуль што ня вызначаныя.
ЗША прыпынілі працу сваёй амбасады ў Менску і вывезьлі ўсіх супрацоўнікаў у 2022 годзе — у рамках захадаў бясьпекі, выкліканых вайсковым уварваньнем Расеі ва Украіну. Амбасада перастала працаваць на тэрыторыі Беларусі.
ЗША ўвялі санкцыі супраць «Белавія» у 2023 годзе пасьля інцыдэнту 2021 году з прымусовай пасадкай самалёта Ryanair у Менску і затрыманьнем блогера Рамана Пратасевіча і грамадзянкі РФ Соф’і Сапегі.
Паьля сустрэчы Лукашэнкі і Коўла ў Менску прэзыдэнт Літвы Гітанас Наўседа абвясьціў, што Беларусь вызваліла 52 палітычных зьняволеных, у тым ліку шэсьць грамадзян Літвы.
Паводле прэзыдэнта Літвы, сярод вызваленых «дзеячы апазыцыі, журналісты, удзельнікі пратэстаў і грамадзяне замежных дзяржаў».
Паводле яго слоў, Дональд Трамп непасрэдна ўдзельнічаў у перамовах аб гэтым вызваленьні.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Пасьля сустрэчы Лукашэнкі з прадстаўнікамі ЗША ў Беларусі вызвалілі 52 палітычных зьняволеных. Хто сярод іх?