Украінскія войскі зьнішчылі ў Чорным моры расейскі выведны карабель

Вялікі дэсантны карабель «Калининград» ў часе заходу на галоўную базу Чарнаморскага флёту Расеі ў Севастопалі ў 2024 годзе. Ілюстрацыйнае фота

Украіна зь сярэдзіны 2023 году актыўна атакуе Чарнаморскі флёт Расеі ў Чорным моры.

У Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пацэльваньні ў Чорным моры ў расейскі вайсковы выведны карабель праекту MPSV07.

Як адзначаецца ў афіцыйным паведамленьні, гэта адбылося 10 верасьня.

Чарнаморскі флёт прыняў гэты карабель на ўзбраеньне ў 2015 годзе. Яго вартасьць складае прыблізна 60 мільёнаў даляраў. Цяпер на ўзбраеньні расейскага флёту засталося тры падобныя караблі.

Карабель праекту MPSV07 аснашчаны вадалазнымі комплексамі, тэлекіраванымі апаратамі, гідралякатарам бакавога агляду, сродкамі радыёэлектроннай выведкі.

Паводле вайсковай выведкі Ўкраіны, у момант атакі карабель ажыцьцяўляў радыёэлектронную выведку і патруляваў падыходы да бухты Новарасійску, дзе цяпер базуецца Чарнаморскі флёт Расеі.

Украінскі бесьпілётнік пацэліў у мост кіраваньня, дзе, у тым ліку, знаходзілася навігацыя і сувязь карабля. Ва ўкраінскай выведцы мяркуюць, што карабель цяпер патрабуе дарагога рамонту.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Украінскія сілы зьнішчылі яшчэ адзін расейскі карабель у Севастопалі. У Расеі не камэнтуюць

Як Ўкраіна зьнішчала расейскія караблі

У ноч на 14 лютага 2024 году ўкраінскія войскі зьнішчылі расейскі вялікі дэсантны карабель «Цезарь Куников».

У ноч з 31 студзеня на 1 лютага 2024 году байцы спэцпадразьдзелу Group 13 Галоўнага ўпраўленьня выведкі Міністэрства абароны зьнішчылі ракетны карабель «Ивановец» Чарнаморскага флёту Расеі.

13 верасьня 2023 году ў выніку ўкраінскай атакі дронамі па бухце ў Севастопалі пашкоджаньні атрымалі дызэль-электрычная субмарына «Ростов-на-Дону» і вялікі дэсантны карабель «Минск», яны загарэліся.

11 кастрычніка 2023 году пашкоджаньні атрымаў карабель «Павел Державин», які знаходзіўся недалёка ад Севастопаля, у пачатку лістапада — ракетны карабель «Аскольд», які знаходзіўся на суднабудаўнічым заводзе «Заліў» у Керчы і яшчэ ня быў уведзены ў склад флёту.

10 лістапада 2023 году ў Галоўным упраўленьні выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны паведамілі аб пашкоджаньні ў Крыме двух малых дэсантных расейскіх караблёў тыпу «Серна», на якіх знаходзіліся браняваная тэхніка і сродкі супрацьпаветранай абароны.

У сьнежні таго ж году ўкраінцы зьнішчылі вялікі дэсантны карабель «Новачаркаск».

12 траўня 2022 году ўкраінцы зьнішчылі каля вострава Зьмяіны расейскі дэсантны карабель тыпу «Серна».

4 жніўня 2022 году ўкраінцы ў бухце Новарасійску атакавалі марскімі дронамі вялікі дэсантны карабель «Оленегорский горняк» і вывелі яго са строю.

У пачатку расейскага ваеннага ўварваньня ў выніку ўкраінскага ўдару патануў ракетны крэйсэр «Москва».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польшча ўвяла да 10 сьнежня абмежаваньні па палётах уздоўж мяжы зь Беларусьсю і Ўкраінай