Падчас тайнага галасаваньня ў Сейме Літвы кандыдатуру Юозаса Олекаса падтрымалі 84 дэпутаты Сейма, 20 прагаласавалі супраць, 23 устрымаліся, а тры бюлетэні былі сапсаваныя.
Раней Олекас узначальваў Міністэрства абароны і Міністэрства здароўя Літвы, быў дэпутатам Эўрапарлямэнту. Олекас цікавіцца беларускім пытаньнем, часта ўздымае яго ў Літве і на міжнароднай арэне.
69-гадовы Олекас нарадзіўся ў сям’і якая была ў ссылцы ў Расеі, скончыў Віленскі ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці «Хірургія», быў дацэнтам гэтай жа навучальнай установы, працаваў лекарам. Працуе ў Сейме з 1996 года, у 2019–2024 гадах быў у Эўрапейскім парлямэнце.
Да гэтага часу ён быў першым віцэ-старшынём Сейма і ўзначальваў парлямэнцкую групу «За дэмакратычную Беларусь».
Асобу Олекаса дарадца Сьвятланы Ціханоўскай Анатоль Лябедзька ацаніў высока:
«Гэта зубр літоўскай палітыкі, дасьведчаны ў міжнародных справах і ўплывовы ў сваёй партыі».
У чэрвені 2025 года Олекас прысутнічаў на адкрыцьці фотавыставы, прысьвечанай беларускім палітвязьням, у бібліятэцы Сейма Літвы.
«Ён вядзе ўсіх, і ня толькі беларускіх сацыял-дэмакратаў, наагул беларускім дэмакратам і людзям, якія супраціўляюцца аўтарытарнаму рэжыму, але і нам паказвае прыклад. Паказвае прыклад, што мы можам, што маем, што павінны змагацца за правы чалавека, ... і таксама за дэмакратыю, бо за дэмакратыю змагацца ніколі не бывае зарана, можа быць толькі запозна», — заявіў ён пра палітвязьня Міколу Статкевіча.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: У Сейме Літвы адкрылася выстава, прысьвечаная беларускаму палітвязьню Міколу Статкевічу. ФОТАУ 2023 годзе Олекас удзельнічаў у міжпартыйным форуме прадстаўнікоў эўрапейскіх парлямэнтаў і беларускай апазыцыі за мяжой.
«Мы абмяркоўвалі становішча беларускіх палітычных партыяў, якія цяпер закрытыя, а некаторыя іх лідэры за кратамі ў вельмі складаных умовах. Частка нашай канфэрэнцыі была прысьвечаная палітвязьням, мы згадвалі, што нам трэба ўзмацніць нашу падтрымку, што трэба, каб, у прыватнасьці, санкцыі былі адказам на парушэньні правоў чалавека і лёс палітычных вязьняў у Беларусі.І, магчыма, трэба стварыць адмысловы фонд для падтрымкі беларускіх палітычных вязьняў», — сказаў па выніках Олекас ў інтэрвію Свабодзе.
Ён тады прызнаўся, што піша лісты беларускім палітвязьням, але не атрымлівае адказаў.
«Тым ня менш трэба ўсё ж спрабаваць зьвяртацца ў міжнародныя арганізацыі, каб той жа Чырвоны Крыж меў зь імі кантакт. Чырвоны Крыж зараз вельмі актыўна працуе ў сэктары Газа, спрабуе дапамагчы там уцекачам, але ў Беларусі неяк не атрымліваецца, каб яны маглі дайсьці да палітычных вязьняў. І гэта наша галоўная мэта: як падтрымаць палітвязьняў, як наладзіць зь імі кантакт, падтрымаць іхных сваякоў, а таксама саміх гэтых людзей пасьля таго, як яны выйшлі з турмы і выехалі», — заявіў тады Олекас.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Эўрадэпутат Олекас пра Міжпартыйны форум у Брусэлі: «Нам відавочна, што будучыня Беларусі ў эўрапейскай дэмакратычнай сям’і» ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Першы віцэ-сьпікер Сейма Літвы ўзначаліў дэпутацкую групу «За дэмакратычную Беларусь»