Урад Беларусі разьлічвае атрымаць ад Кітаю льготны крэдыт на 20 гадоў для аховы здароўя

Сьцягі Беларусі і Кітаю. Ілюстрацыйнае фота

Прэм’ер-міністар Беларусі Аляксандар Турчын падпісаў пастанову ўраду аб атрыманьні ў 2025–2026 гадах льготнага крэдыту ад Экспартна-імпартнага банку Кітаю ў памеры 474,1 мільёнаў для аснашчэньня арганізацый аховы здароўя мэдычным абсталяваньнем.

Як адзначаецца ў апублікаванай на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале Беларусі пастанове, урад ухваліў праект крэдытнай дамовы і ўпаўнаважыў Міністэрства фінансаў Беларусі яе падпісаць.

Кітай не выдзяляў Беларусі крэдытаў з 2019 году. Апошні кітайскі крэдыт Беларусь атрымлівала ў сьнежні 2019 году: 500 мільёнаў даляраў на рэфінансаваньне доўгу Маскве.

Сёлета Беларусь атрымала доступ да кітайскіх грошай. Раней кітайскі ўрад выдзяляў займы для рэалізацыі праектаў у індустрыяльным парку «Вялікі камень».

Праз міжнародныя санкцыі, уведзеныя за фальсыфікацыю вынікаў выбараў у 2020 годзе і падтрыманьне расейскай агрэсіі супраць Украіны, Беларусь страціла доступ да замежных займаў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Беларусь атрымае крэдыт ад Кітаю на будаўніцтва ў парку «Вялікі Камень» грузавога чыгуначнага тэрміналу