Міністэрства лічбавізацыі (Ministerstwo Cyfryzacji ) Польшчы зрабіла заяву пра інфармацыйную атаку ў сацсетках на фоне інцыдэнту з расейскімі дронамі, якія парушылі паветраную прастору краіны.
Польскі Цэнтар кібэрбясьпекі адзначыў значны рост дэзынфармацыйных паведамленьняў. Шматлікія акаўнты, якія даўно не выкарыстоўваліся, актывізаваліся і пачалі распаўсюджваць расейскія наратывы адносна мэтаў і прычын зьяўленьня бесьпілётнікаў.
Міністар лічбавізацыі і віцэ-прэм'ер Кшыштаф Гаўкоўскі на прэсавай канфэрэнцыі заявіў, што Расея і Беларусь распаўсюджваюць дэзынфармацыю пра атаку бесьпілётнікаў на Польшчу. Ён падкрэсьліў, што атака была сплянаваная і ўчыненая Расеяй. «Украіна ня ўцягвае Польшчу ў вайну. Тыя, хто сьцьвярджае адваротнае, хлусяць», — дадаў ён.
Што да заяваў беларускага Генэральнага штабу, які паведаміў, што папярэдзіў Польшчу пра набліжэньне дронаў, Гаўкоўскі заявіў, што гэта нельга лічыць сапраўдным папярэджаньнем.
Ён таксама адзначыў, што ўпершыню ў гісторыі бесьпілётнікі заляцелі ў Польшчу празь Беларусь — раней такія выпадкі здараліся толькі з боку Ўкраіны і мелі выпадковы характар. Паводле міністра, тое, што адбылося цяпер — не супадзеньне.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «Магчыма, гэта быў спантанны адказ Расеі й Беларусі на закрыцьцё мяжы», — польскі аналітык Клысіньскі пра бесьпілётнікі ў Польшчы ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: «ПіК Свабоды». «Лукашэнка абдумвае абмен палітвязьнямі. Пралёт расейскіх дронаў яму нявыгадны»