Сьцісла:
- Затрыманьне ў Беларусі польскага манаха, паводле ацэнкі Варшавы, найчысьцейшая правакацыя, зусім непатрэбная.
- Закрыцьцё мяжы — гэта ня ўдар па грамадзянах, яны не зьяўляюцца мэтай.
- Магчыма, адбыўся званок па лініі «Пэкін-Менск», ад якога Лукашэнка ня можа адмовіцца.
З затрыманьнем манаха Менск перайшоў мяжу цярпеньня Варшавы
— За апошнія 2 дні адбыўся шэраг падзеяў у беларуска-польскіх адносінах. Калі ісьці па парадку, то 9 верасьня прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск заявіў, што Польшча закрывае мяжу зь Беларусьсю апоўначы 12 верасьня, у тым ліку чыгуначныя пункты пропуску. Ці было гэта зьвязана зь нейкай непасрэднай пагрозай, якую ўжо бачыла Варшава ад вучэньняў Захад, ці, на вашую думку, у гэтага рашэньня былі іншыя матывы?
— Прэм’ер-міністар у сваёй заяве спасылаўся на пагрозы, якія вынікаюць з вучэньняў «Захад-2025», што пройдуць на беларускай тэрыторыі. Вучэньні не буйнамаштабныя, гэта ўсе разумеюць, але існуе вялікая рызыка правакацый.
Адну з такіх правакацый мы бачылі на мінулым тыдні. Польскага маладзёна, зусім невінаватага манаха, які відавочна быў разгублены, затрымаў КДБ нібыта па абвінавачваньні ў зборы дадзеных пра «Захад-2025», нібыта ён займаўся шпіянажам. Гэта, паводле нашай ацэнкі, найчысьцейшая правакацыя, зусім непатрэбная. Нават калі Лукашэнка хацеў запалохаць простых грамадзянаў Беларусі, якія, магчыма, у нейкай ступені яшчэ вераць у такія вельмі дрэнна апрацаваныя правакацыі, — гэта было вельмі шкодна для агульнай сытуацыі.
Кантэкст быў дрэнны, давер паміж бакамі адсутнічае ўжо шмат гадоў. І ў такім кантэксьце, у кантэксьце падрыхтоўкі да вучэньняў «Захад» і працяглага міграцыйнага крызісу, гэта было памылковае рашэньне. З нашага пункту гледжаньня. Магчыма, Менск лічыць інакш, і ім гэта сапраўды было патрэбна, але яны «напароліся на тое, за што змагаліся» — і проста ўжо перайшлі межы цярпеньня.
Польскія ўлады прынялі рашэньне аб часовым закрыцьці мяжы, каб засьцерагчы сябе ад чарговых правакацый, магчыма, зь нейкімі парушэньнямі паветранай прасторы, што, дарэчы, і адбылося 10 верасьня з дронамі.
— Некаторыя беларусы пытаюцца ці нават іранізуюць у сацыяльных сетках наконт таго, як перакрыцьцё мяжы, чыгуначных зносінаў для простых грамадзянаў можа дапамагчы бясьпецы, зьвязанай з вучэньнямі, дапамагчы таму ж зьбіцьцю дронаў, якія паляцелі ў бок Польшчы?
— Людзі маюць права нічога ці амаль нічога не разумець. Але палітыкі, генэралы, аналітыкі павінны ісьці на некалькі крокаў наперад. Гэта зьвязана з адказнасьцю за бясьпеку краіны, у дадзеным выпадку Польшчы.
Закрыцьцё мяжы — гэта не ўдар па грамадзянах, яны не зьяўляюцца мэтай. Звычайныя, сумленныя грамадзяне Беларусі — я спадзяюся й жадаю ім гэтага, змогуць перасякаць мяжу ўжо пасьля вучэньняў. Паглядзім, як гэта канкрэтна адбудзецца. Гэта проста гарантыя бясьпекі, што ў нейкім аўтобусе не пад’едзе да нашай мяжы ці не перасячэ мяжу машына з выбухоўкай, з дывэрсійнай групай і гэтак далей. І людзі, якія нясуць адказнасьць за бясьпеку краіны, павінны гэта ўлічваць
— Сёньня раніцай у бок Польшчы паляцелі расейскія дроны. Гэта стала пэўным адказам на рашэньне Варшавы зачыніць мяжу, ці гэта тая самая правакацыя, якую Варшава даўно чакала й дзеля чаго, уласна, і прымае свае захады?
— Тут магчымыя два адказы. Сапраўды, магло быць і так, і так. Магчыма, мы, на жаль, прадбачылі, што будуць грубыя правакацыі ў паветранай прасторы. Магчыма, яны рыхтавалася загадзя. А магчыма, гэта быў спантанны эмацыйны адказ Расеі й Беларусі на закрыцьцё мяжы. Адно не выключае другога. Дакладна пакуль яшчэ ня ведаем, але інцыдэнт адбыўся, і ён ужо ў іншым вымярэньні, на жаль.
«Шмат паведамленьняў і заяў Менску ўспрымаюцца як дэзынфармацыя ці нават падман»
— Сёньня раніцай Генэральны штаб Беларусі выступіў з заявай аб тым, што папярэдзіў польскія ўлады, што дроны зьбіліся з траекторыі і паляцелі ў бок Польшчы. Маўляў, беларускія вайскоўцаў папярэдзілі пра гэта польскіх вайскоўцаў, і знаходзіліся ў непасрэдным кантакце з польскім бокам. Карацей, беларускія вайскоўцы ўсімі сіламі спрабуюць даказаць, што яны ня толькі не датычныя да палётаў гэтых дронаў, але і папярэдзілі Польшчу ды Літву аб гэтых палётах. Наколькі гэта меркаваньне было пачутае ў Варшаве палітыкамі, журналістамі? Наколькі яно было ўспрынятае?
— Было пачутае, канечне. Але, як я сказаў напачатку нашай размовы, адсутнічае давер, і шмат паведамленьняў і заяў, якія паступаюць зь Менску, успрымаюцца як дэзынфармацыя ці нават падман. Спроба ўвесьці ў зман, сказіць карціну дзеяньняў вельмі звыклая й уласьцівая як для працы беларускіх улад, іх стылю і дзеяньняў, так і расейскіх. Гэта арганічна закладзена, асабліва падчас вайны ва Ўкраіне, у палітыцы гэтых дзяржаваў.
Пры адсутнасьці даверу складана так адразу ў гэта паверыць. Трэба даведацца ўсе факты. І, крыху іранізуючы, магу сказаць, што, магчыма, спадары ў Менску спалохаліся, што эскаляцыя зайшла занадта далёка й недарэчна спрабуюць так па ходзе трошкі дээскаляваць. Магчыма, адбыўся званок па лініі «Пэкін-Менск», ад якога Лукашэнка ня можа адмовіцца ні ў якім разе. Лукашэнка, магчыма, узяў трубку, пачуў некалькі аргумэнтаў кітайскіх таварышаў і, магчыма, таксама мяняе рыторыку, каб дээскаляваць напружанасьць і зьняць блякаду на транзыт кітайскіх кантэйнэраў
— Як закрыцьцё беларуска-польскай мяжы можа адбіцца на кітайскім таваразвароце з Эўропай? На вашу думку, Кітай можа націснуць на Менск? А хіба ня можа Кітай пэўным чынам націснуць ці выказваць сваю незадаволенасьць і Варшавай? Таму што, фармальна кажучы, гэта Варшава перакрывае мяжу.
— Кітай сочыць за падзеямі й разумее, што дээскаляваць можа й Менск. І, як мне здаецца, у Кітая больш рычагоў ціску на Менск, чым на Варшаву. Бо Беларусь больш эканамічна зьвязана з Кітаем. І для Беларусі Кітай — гэта стратэгічны саюзьнік. У выпадку Польшчы ёсьць нашмат больш нюансаў і карціна нашмат складанейшая.
— У самой Польшчы, відавочна, на фоне зьбітых дронаў, выглядае, у асноўным прысутнічае падтрымка гэтага рашэньня аб закрыцьці мяжы. Але ці ёсьць крытычныя галасы, якія заяўляюць пра тыя магчымыя нэгатыўныя эканамічныя наступствы для Польшчы, якія прынясе закрыцьцё мяжы?
—Пакуль я такіх масавых галасоў ня бачу. Калі нашы непрыяцелі ў Менску й у Маскве разьлічвалі на тое, што будзе паглыбляцца ўнутраная спрэчка ў Польшчы й дыскусія, і дэбаты, то яны пралічыліся, я бачу згуртаванасьць польскага грамадзтва ў гэтай праблеме. Пытаньне бясьпекі аб’ядноўвае ўсіх. І бясьпека — гэта перш за ўсё. Пакуль я ніякай крытыкі сур’ёзнай не заўважыў.
— Пасьля таго, як вучэньні «Захад» скончацца, перад Варшавай паўстане пытаньне, як адкрываць мяжу назад. Ці будзе гэта зроблена адразу аўтаматычна праз некалькі дзён пасьля заканчэньня вучэньняў? Ці нейкія ўмовы Варшава ўсё ж захоча прад’явіць Менску для адкрыцьця мяжы?
— Пакуль рана пра гэта казаць. Давайце паглядзім на ход гэтых вучэньняў, як яны будуць ажыцьцяўляцца, ці будуць нейкія новыя затрыманьні так званых польскіх шпіёнаў, дывэрсантаў, ворагаў народу і гэтак далей. Ці будуць парушэньні мяжы, як будзе разьвівацца міграцыйны крызіс у гэтым кантэксьце. Ад гэтага ўсё будзе залежыць