У Нэпале адмянілі блякаваньне сацсетак пасьля пратэстаў. Прэм’ер падаў у адстаўку, дэманстранты падпалілі парлямэнт

Дэманстрант са сьцягам на ​​даху аўтамабіля каля ўваходу ў парлямэнт падчас пратэсту супраць карупцыі і рашэньня ўраду заблякаваць некалькі плятформаў сацыяльных сетак у Катманду, Нэпал, 8 верасьня 2025

Урад Нэпалу скасаваў блякаваньне сацыяльных сетак менш як праз дзень пасьля таго, як у выніку масавых пратэстаў загінулі 19 чалавек і яшчэ больш за 100 чалавек атрымалі раненьні.

«Мы адмянілі блякаваньне сацыяльных сетак. Цяпер яны працуюць», — сказаў міністар сувязі і інфармацыйных тэхналёгій Прытхві Субу Гурунга, паведаміла агенцтва Reuters.

Выданьне The Kathmandu Post піша, што нягледзячы на камэнданцкую гадзіну і адмену блякаваньня сацсетак, людзі 9 верасьня зноў выйшлі на вуліцы. Прэмʼер-міністар краіны Кхадга Прасада Шарма Олі на фоне пратэстаў падаў у адстаўку.

Сутычкі дэманстрантаў з паліцыяй. Катманду, 8 верасьня 2025

Пратэстоўцы падпалілі будынак парлямянту, а таксама разграмілі рэзыдэнцыю прэмʼера і дамы іншых высокапастаўленых чыноўнікаў. Раней некалькі верталётаў эвакуявалі з міністэрскага квартала чыноўнікаў, якія там знаходзіліся. Паводле India Today, міжнародны аэрапорт у Катманду зачынены, усе рэйсы адмененыя. Пратэстанты раней у сацыяльных сетках заклікалі сарваць яго працу з дапамогай дронаў, фэервэркаў і лазэрных прамянёў.

Падчас пратэстаў у Нэпале. 9 верасьня 2025

Масавыя пратэсты пачаліся пасьля блякаваньня сацыяльных сетак. Улады Нэпала патрабавалі, каб мясцовыя і замежныя анлайн-платформы афіцыйна зарэгістраваліся ў Мінсувязі ва ўстаноўлены тэрмін, аднак у выніку ні адзін з сэрвісаў не падаў заяўку на рэгістрацыю і ўлады заблякавалі доступ да іх.

Падчас пратэстаў у Нэпале. Катманду, 9 верасьня 2025