Гісторык Ігар Мельнікаў выйшаў на волю, не адбыўшы ўвесь тэрмін

Ігар Мельнікаў, архіўнае фота

Гісторыку Ігару Мельнікаву прысудзілі 4 гады калёніі за інтэрвію незалежнаму СМІ. Верагодна, Мельнікава вызвалілі паводле памілаваньня, лічаць праваабаронцы.

У верасьні 2024 года Ігара Мельнікава асудзілі на чатыры гады калёніі. Ён выйшаў на волю 2 ліпеня, паведаміла «Вясна».

«У пачатку верасьня 2025 г. стала вядома, што Ігар на волі. Магчыма, ён выйшаў па памілаваньні 2 ліпеня, бо тэрмін 4 гады на момант вызваленьня яшчэ ня выйшаў», — напісала «Вясна».

Ігару Мельнікаву 45 гадоў. Родам ён з Бабруйска. Скончыў гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэта імя Максіма Танка (2002) і Варшаўскі ўнівэрсытэт (2005). У 2011 годзе атрымаў ступень кандыдата гістарычных навук.

Ігара Мельнікава затрымалі ў студзені 2024 года. Суд над ім пачаўся 10 верасьня 2024 года ў Менскім гарадзкім судзе. Яго абвінавачвалі ў «садзейнічаньні экстрэмісцкай дзейнасьці» (ч. 1 арт. 361-4 КК).

За што пакаралі Мельнікава

Паводле вэрсіі пракуратуры Менска, 26 студзеня 2022 году ў Польшчы Мельнікаў нібыта «ў мэтах ажыцьцяўленьня экстрэмісцкай дзейнасьці, у тым ліку папулярызацыі мэдыярэсурсаў экстрэмісцкай накіраванасьці, уцягваньня ў экстрэмісцкую дзейнасьць большай колькасьці грамадзян, распаўсюджваньня экстрэмісцкіх матэрыялаў», даў інтэрвію «Эўрарадыё» і тым самым спрыяў экстрэмісцкай дзейнасьці.

Інтэрвію сярод іншага тычылася працы гісторыка за мяжой, правядзеньня ім навуковай выставы ў Варшаве, ролі гісторыі ў грамадзтве.

На момант публікацыі інтэрвію «Эўрарадыё» не было прызнана «экстрэмісцкім фармаваньнем». Рашэньне аб гэтым прынята МУС 20 ліпеня 2022 года.

Паведамляецца, што на судзе гісторык прызнаў віну і яго асудзілі на чатыры гады калёніі агульнага рэжыму.

Газэта адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі «Беларусь сегодня» падчас суду над Мельнікавым пісала, што ён «у сваіх так званых працах адкрыта ўслаўляў польскіх паноў, якія гадамі прыгняталі беларускі народ, выказваў асаблівую любоў да баевікоў з Арміі Краёвай»

У канцы жніўня 2024 году кнігі Мельнікава «Забыты корпус: гісторыя польскага войска на тэрыторыі Бабруйшчыны ў 1918, 1919-1920 гадах» і «На „мяжы цывілізацый“. Старонкі гісторыі даваеннага савецка-польскага кардона ў Беларусі» былі прызнаныя «экстрэмісцкімі».

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Судзяць Ігара Мельнікава, які дасьледаваў гісторыю Заходняй Беларусі ў складзе міжваеннай Польшчы