«Сапраўды, у будынак ураду пацэліў „Іскандэр“ 9М727 (крылатая ракета), дакладней яго частка. Гарэла паліва. Баявая частка не спрацавала», — напісаў Уладзіслаў Уласюк на сваёй старонцы ў Facebook.
Паводле яго, аналягічная ўжо дасьледаваная ракета ўтрымлівае прыблізна 35 кампанэнтаў амэрыканскай вытворчасьці, 1 — японскай, 1 — брытанскай, 1 — швайцарскай, 5 — беларускай і 57 расейскай.
«Усю інфармацыю перадалі партнэрам для санкцыйнага рэагаваньня», — паведаміў упаўнаважаны прэзыдэнта Ўкраіны ў пытаньнях санкцыйнай палітыкі Ўладзіслаў Уласюк.
Галоўнае ўпраўленьне выведкі Міністэрства абароны Ўкраіны апублікавала 11 кампанэнтаў, знойдзеных у рэштках баявых снарадаў, якімі Расея атакуе ўкраінскія мірныя гарады.
Найбольш кампанэнтаў маюць вытворчасьць ААТ «Інтэграл». Як вынікае зь інфармацыі вайсковай выведкі Ўкраіны, раней кампанэнты гэтага прадпрыемства знайшлі ў расейскіх ракетах «Кінжал» Х-47, а таксама крылатых ракетах Х-69.
У знойдзеных рэштках ракеты, якая пацэліла ў будынак украінскага ўраду таксама знайшлі дэталі, зробленыя на «Інтэграле».
Сярод іншых вытворцаў, якія пастаўляюць кампанэнты для вайсковай тэхнікі і зброі — СКБ «Захад» і ААТ «Радыётэхніка». Усе прадпрыемствы знаходзяцца пад міжнароднымі санкцыямі.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: На дошцы гонару за працу на расейскую абаронку. Як віцебскі завод «Маналіт» зарабляе на вайне ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Лукашэнка хоча, каб прадпрыемствы, якія пастаўляюць у Расею мікрасхемы для зброі, павялічылі вытворчасьць