У Горадні затрымалі былую актывістку партыі левых «Справядлівы сьвет»
Праваабаронцам стала вядома, што ў Горадні 5 верасьня затрымалі грамадзкую актывістку Валянціну Навумаву.
Пра гэта паведамілі праваабаронцы «Вясны». Ім вядома, што яе зьмясьцілі пад арышт, на яе завялі крымінальную справу, у якой фігуруе артыкул 367 КК (паклёп на Лукашэнку, але магчымыя і іншыя абвінавачваньні.
Валянціна Навумава была сябрам партыі левых «Справядлівы сьвет». Цяпер гэтая партыя закрытая Вярхоўным судом. Навумаву перасьледавалі і раней, у 2017 годзе яе аштрафавалі па адміністрацыйнай справе за ўдзел у акцыі «недармаедаў».
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Хроніка перасьледу 8 верасьня: за «экстрэмізм» у Гомлі асудзілі шматдзетную маці і жыхара ГлыбокагаБылую кіраўніцу службы прамоцыі МТС асудзілі за ўдзел у пратэстах
Марыю Пазьняк асудзілі ў сярэдзіне 2025 году па ч. 1 арт. 342 КК — «удзел у дзеяньнях, якія груба парушаюць грамадзкі парадак». Сутнасьць абвінавачаньняў, як і прысуд — невядомыя. Вядома толькі, што Марыі прызначылі «хатнюю хімію», піша «Наша ніва».
Марыі Пазьняк 39 гадоў, яна мянчанка. Гадуе дачку, якая цяпер у малодшых клясах школы. Жанчына амаль 20 гадоў працуе ў маркетынгу — прыйшла туды адразу пасьля заканчэньня ўнівэрсытэту. У 2020-м яна ўзначаліла піяр-групу МТС Беларусь, а ў 2023-м перайшла ў Kaspersky Group на пасаду старшага мэнэджара ў маркетынгу.
У час працы яна зрабіла шмат вялікіх праектаў, прысьвечаных ахове дзяцей. За адзін з іх, #інтэрнэтбезбулінга, яна атрымала некалькі прэстыжных узнагародаў — Effie Belarus, ADMA і UN Global Compact. Уваходзіць Марыя і ў топ-30 найбольш эфэктыўных маркетолягаў Беларусі, а ў 2022-м яна заняла 14-е месца, паведамляе «Наша ніва».
У «сьпіс тэрарыстаў» КДБ дадаў яшчэ 9 чалавек
- Андрэй Бесаў
- Яўген Грук
- Віктар Мека
- Юры Рубашэнка
- Алег Слабуха
- Арцём Сямёнаў
- Сяргей Тулінаў
- Ірына Шумейка
- Віктар Яскіч
Цяпер у ім 1335 чалавек, зь іх 639 — беларусы, піша «Вясна».
Актывістку Святлану Каваленку асудзілі да 2,5 гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэстах
Пра гэта паведаміла «Аб’яднаная Грамадзянская Партыя». Святлане быў інкрымінаваны «народны» арт. 342 КК — удзел у дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак.
На мінулым тыдні Святлану дадалі ў «спіс экстрэмістаў».
Раней Каваленку пераследавалі за ўдзел у акцыі супраць інтэграцыі Беларусі з Расійскай Федэрацыяй, збор подпісаў за альтэрнатыўных вылучэнцаў у кандыдаты ў прэзідэнты, а таксама затрымлівалі нібыта за «непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі».
Як мінімум 64 чалавек затрымалі ў «справе Гаюна»
У «справе Гаюна» ўжо 64 пацьверджаных фігурантаў, зьмешчаных пад варту, але рэальная колькасьць затрыманых значна большая, пішуць праваабаронцы «Вясны».
Большасьць затрыманых — мужчыны. Праваабаронцам вядома пра шэраг судовых працэсаў па гэтай справе — фігурантам прызначаюць ад «хіміі» да калёніі.
Што такое «хімія» і «хатняя хімія»
«Хімія» — адбыцьцё пакараньня абмежаваньнем волі ў папраўчай установе адкрытага тыпу. Выраз зьявіўся ў СССР у пасьляваенныя часы, калі працу асуджаных пачалі актыўна выкарыстоўваць на будоўлях і шкодных вытворчасьцях (у тым ліку на хімічных прадпрыемствах). У Беларусі 29 папраўчых установаў адкрытага тыпу, або «хіміяў».
Праз пакараньне «хіміяй» прайшоў шмат хто зь беларускіх апазыцыянэраў.
«Да мяне маглі прыяжджаць наведнікі, мы сустракаліся і размаўлялі ў дворыку спэцкамэндатуры. Карыстаўся мабільным тэлефонам, даходзілі лісты, я пісаў з „хіміі“ нататкі... Некалькі разоў дазвалялі зьезьдзіць да бацькоў», — згадваў Павал Севярынец пра сваю «хімію» ў Пружанскім раёне, дзе працаваў на складзе мясцовай гаспадаркі.
«Хіміяй» часта заканчваюцца адседкі вязьняў, якія былі асуджаныя на вялікія тэрміны зьняволеньня, але праз добрыя паводзіны заслужылі палёгку.
Пакараньне «абмежаваньнем волі» магчыма адбыць і на так званай «хатняй хіміі» — калі ў прысудзе выкарыстоўваецца фармулёўка «без накіраваньня ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу». Фактычна гэта сумесь «хіміі», якая прадугледжвае абавязковую прымусовую працу, і адбыцьця пакараньня з адтэрміноўкай, калі асуджаны знаходзіцца дома, але пад рэгулярным пільным кантролем міліцыі.