Польшча абвясьціла ў вышук Марціна Мікалаека, які адкрыта сымпатызуе Расеі і ў сваіх сацыяльных сетках актыўна выказваўся аб вайне ва Ўкраіне. У 2023 годзе ў Польшчы яго асудзілі за ўхвалу разьвязаньня вайны. Той уцёк у Беларусь, а цяпер жыве ў расейскім Екацярынбурзе, дзе, паводле яго слоў, атрымаў прытулак.
Мікалаек паходзіць з гораду Сьвідніца. Абвінавачаньні яму выставілі яшчэ 31 траўня 2022 году. А 9 чэрвеня ён апынуўся ў Беларусі, дзе выступіў на дзяржаўным тэлеканале «Беларусь 1».
«Калі ў Польшчы скажаш, што ты за Расею, становішся чалавекам не другога, а трэцяга гатунку. У Польшчы няма свабоды слова. Свабода слова ёсьць у Беларусі», — прыводзіць словы зь ягонага выступу Wyborcza.
У 2023 годзе Акруговы суд у Сьвідніцы завочна асудзіў Мікалаека і наклаў на яго штраф у памеры 7,4 тыс. злотых. Акрамя таго, ён павінен быў кампэнсаваць судовыя выдаткі. У прысудзе адзначылі, што ў сваім профілі ў Facebook той разьмяшчаў допісы і камэнтары, якія падтрымліваюць Расею, расейскае войска і гвалт супраць украінскага насельніцтва паводле нацыянальнай прыкметы.
Ён так і не заплаціў штраф, таму пакараньне яму замянілі на 75 дзён пазбаўленьня волі. У жніўні 2025 году яго абвясьцілі ў вышук.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Актывістка польскай арганізацыі агаліла грудзі перад карцінай «Рэйтан»Гэта ня першы паляк, які ўцёк у Беларусь ці Расею пасьля крымінальнага перасьледу на радзіме. Раней гэта былі экс-судзьдзя Томаш Шмыт і салдат-перабежчык Эміль Чэчка.
Шмыт пачаў весьці свой канал і выступаць у дзяржаўнай прапагандзе. Чэчка расказваў пра забойствы і стыхійныя пахаваньні мігрантаў з Азіі і Афрыкі польскімі памежнікамі, што не пацьвердзілася адмысловай праверкай. Пазьней Чэчку знайшлі павешаным у ягонай менскай кватэры.
ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Польскі суд выдаў другі ордэр на арышт судзьдзі Томаша Шмыта, які хаваецца ў Беларусі