Пуцін ініцыяваў дэнансацыю Расеяй Эўрапейскай канвэнцыі супраць катаваньняў, Беларусь яе і не падпісвала

Дзяржаўная дума Расеі. Архіўнае фота

З пачатку поўнамаштабнай вайны супраць Украіны Расея выйшла з шэрагу міжнародных дамоваў.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін унёс у Дзяржаўную думу законапраект аб дэнансацыі Эўрапейскай канвэнцыі аб прадухіленьні катаваньняў і бесчалавечных або прыніжальных пакараньняў, паведаміла 8 верасьня Расейская служба Радыё Свабода.

Пасьля выхаду з канвэнцыі Расея больш ня будзе абавязаная дапускаць міжнародных інспэктараў у свае турмы. Скаргі расейскіх зьняволеных у Эўрапейскі камітэт па прадухіленьні катаваньняў таксама больш ня будуць разглядацца.

У тлумачальнай запісцы да законапраекта гаворыцца, што з 2023 года ў Расеі няма прадстаўніка ў Эўрапейскім камітэце. Гэта зьвязана з тым, што Рада Эўропы заблякавала працэс абраньня новага чальца ад Расеі. У той жа час звароты аб аднаўленьні расейскага прадстаўніцтва засталіся без адказу, нягледзячы на прынцып супрацоўніцтва, замацаваны ў Эўрапейскай канвэнцыі, падкрэсьліваецца ў дакумэнце. Расейскі бок лічыць такі падыход дыскрымінацыйным.

У канвэнцыі ўдзельнічаюць дзяржавы-чальцы Рады Эўропы. Расея выйшла зь яе ў 2022 годзе пасьля 26 гадоў сяброўства, а Беларусь і не была сябрам гэтай буйной праваабарончай і палітычнай арганізацыі.

Масква падпісала Канвэнцыю аб прадухіленьні катаваньняў у 1996 годзе. Праз два гады яна ўступіла ў сілу для Расеі.

У 2022 годзе Расея абвясьціла аб выхадзе з Рады Эўропы, гэта адбылося пасьля пачатку яе поўнамаштабнай вайны супраць Украіны.

Пасьля гэтага Масква пачала выходзіць з міжнародных дагавораў, зьвязаных з арганізацыяй. Сярод іншага, Расея перастала быць удзельніцай Эўрапейскай канвэнцыі па правах чалавека і адмовілася выконваць рашэньні Эўрапейскага суду па правах чалавека, дэнансавала канвэнцыі аб абароне нацыянальных меншасьцей, аб прадухіленьні тэрарызму, Сацыяльную хартыю і Хартыю мясцовага самакіраваньня.

Беларусь не зьяўляецца ўдзельніцай Эўрапейскай канвэнцыі па папярэджаньні катаваньняў, таму не падпадае пад яе дзеяньне і не падвяргаецца маніторынгу з боку Эўрапейскага камітэта па папярэджаньні катаваньняў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Былы зьняволены крымскі журналіст Свабоды Ўладзіслаў Есіпенка расказаў пра арышт, катаваньні токам, расейскі суд і турму ў Крыме