Каталіцкая царква атрымала свайго першага сьвятога-міленіяла

Карл Акуціс

Папа Леў XIV абвясьціў пра гэта на плошчы сьвятога Пятра ў Рыме.

Папа абвясьціў кампутарнага генія Карла Акуціса, які памёр у 15 гадоў, сьвятым. Такім чынам Каталіцкая царква атрымала свайго першага сьвятога-міленіяла, даўшы наступнаму пакаленьню каталікоў прыклад для перайманьня, зь якім яны могуць сябе ідэнтыфікаваць. Наваабвешчаны сьвяты выкарыстоўваў тэхналёгіі для распаўсюду веры і атрымаў мянушку «Божы ўплывоўца». Хлопец памёр у 2006 годзе.

У час першай кананізацыйнай імшы свайго пантыфікату Леў XIV таксама кананізаваў адну папулярную італьянскую асобу, якая памерла маладой, — П’ера Джорджа Фразаці.

Ватыкан абвясьціў, што 36 кардыналаў, 270 біскупаў і сотні сьвятароў запісаліся на правядзеньне імшы з папам, што сьведчыць пра велізарную прывабнасьць сьвятога як для герархаў, так і для звычайных вернікаў.

Абедзьве цырымоніі былі заплянаваныя на пачатак гэтага году, але іх адклалі пасьля сьмерці папы Францішка ў красавіку. Францішак настойліва настойваў на кананізацыі, перакананы, што царкве патрэбен такі чалавек, як Акуціс, каб прыцягнуць маладых каталікоў да веры, адначасова змагаючыся з спакусамі і небясьпекамі лічбавай эпохі.

Верніцы ў саколках з партрэтам новага сьвятога на плошчы сьвятога Пятра ў Ватыкане

Акуціс нарадзіўся 3 траўня 1991 году ў Лёндане ў заможнай і ня вельмі набожнай каталіцкай сям'і. Неўзабаве пасьля яго нараджэньня яны вярнуліся ў Мілян, і ён правёў тыповае, шчасьлівае дзяцінства, адзначанае ўсё больш інтэнсіўнай рэлігійнай адданасьцю.

Акуціс асабліва цікавіўся інфарматыкай і праграмаваньнем. Ён атрымаў мянушку «Божы ўплывоўца» дзякуючы сваёй галоўнай тэхналягічнай спадчыне: шматмоўнаму вэб-сайту, які дакумэнтаваў эўхарыстычныя цуды, прызнаныя царквой. У той час распрацоўка падобных старонак у сеціве была справай прафэсіяналаў.

У час абвесткі пра кананізацыю Акуціса

У кастрычніку 2006 году, ва ўзросьце 15 гадоў, Акуціс захварэў і яму паставілі дыягназ вострага лейкозу. Празь некалькі дзён ён памёр. Яго пахавалі ў Асізі, які вядомы сваёй сувязьзю з іншым папулярным сьвятым, сьвятым Францішкам. Пасьля сьмерці Акуціса маладыя каталікі мільёнамі сьцякаліся ў Асізі, дзе маглі бачыць выяву маладога Акуціса праз шкляны склеп, апранутага ў джынсы, красоўкі і байку з капюшонам.

Акуціс апынуўся на хуткім шляху да сьвятасьці, бо Касьцёл убачыў, што ён стаў надзвычай папулярным сярод маладых каталікоў, якія лічаць яго сучасным прыкладам для перайманьня.

Фразаці, другі сьвяты, кананізаваны ў нядзелю, жыў з 1901 па 1925 гады, калі памёр ва ўзросьце 24 гадоў ад поліяміэліту. Ён нарадзіўся ў знанай турынскай сям'і, і вядомы сваім адданым служэньнем бедным і дабрачыннасьцю, а таксама тым, што пашыраў веру сярод сваіх сяброў.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Чаму афіцыйны Менск заляцаецца да Ватыкану? Тлумачыць Валер Карбалевіч