У Менску пайшоў з жыцьця музыка Алег Тумашоў, былы вакаліст гурта Ulis. Пра гэта паведаміў у фэйсбуку паэт і аўтар песень калектыва Фелікс Аксёнцаў.
Алег Тумашоў сьпяваў з гуртом з 1991 па 1994 гады. Ягоны голас гучыць у культавым альбоме «Танцы на даху» (1993), запісаным у польскім Ольштыне. Тады ў складзе гурта былі таксама Слава Корань (гітара), Сяргей Краўчанка (бас-гітара) і Сяргей Кныш (бубны).
Перад Ulis вакаліст супрацоўнічаў з гуртамі «Фарпост» і «Квінта».
Разьвітаньне з Алегам Тумашовым пройдзе ў панядзелак, 8 верасьня, пачнецца а 14:00 у будынку крэматорыя на Паўночных могілках Менску.
Сёлета ў сакавіку пайшоў з жыцця яшчэ адзін музыка Ulis — бубнач Сяргей Кныш.