Reuters выдаліла відэа з размовай Пуціна і Сі пра жыцьцё да 150 гадоў і неўміручасьць

Кадр з з вайсковага параду ў Пэкіне, у першым шэрагу (зьлева направа) Уладзімір Пуцін, Сі Дзіньпін, Кім Чэн Ын

У пятніцу агенцтва Reuters News адклікала чатыроххвілінны відэаролік на якім была размова паміж кіраўнікамі Расеі і Кітаю Ўладзімірам Пуціным і Сі Дзіньпінам. Тыя, сярод іншага, абмяркоўвалі магчымасьць таго, што людзі могуць жыць да 150 гадоў.

Дзяржаўнае тэлебачаньне Кітая запатрабавала выдаліць відэа і адклікала законны дазвол на яго выкарыстаньне. Відэазапіс з вайсковага параду ў Пэкіне, прысьвечанага 80-й гадавіне заканчэньня Другой сусьветнай вайны, быў ліцэнзаваны дзяржаўнай тэлевізійнай сеткай Кітая China Central Television (CCTV).

Reuters паведамляе, што выдаліла відэа са свайго вэб-сайта і даслала сваім кліентам паведамленьне, што відэа нельга выкарыстоўваць, пасьля пісьмовага запыту ад юрыста CCTV. У лісьце гаварылася, што інфармацыйнае агенцтва парушыла ўмовы пагадненьня аб выкарыстаньні, а таксама крытыкавалася «рэдакцыйная апрацоўка гэтага матэрыялу», якую ўжывала агенцтва Reuters, але падрабязнасьці не ўдакладняліся.

ГЛЯДЗІЦЕ ТАКСАМА: Жыць да 150? Неўміручасьць? Навукоўцы камэнтуюць размову Сі і Пуціна